Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве і Пецярбургу прайшлі акцыі салідарнасьці з журналістамі РБК


У суботу ў Маскве прайшла акцыя журналістаў у падтрымку мэдыйнай кампаніі РБК, у якой у мінулую пятніцу былі звольненыя трое кіраўнікоў. Удзельнікі акцыі сабраліся ля помніка героям Плеўны каля станцыі мэтро «Кітай-горад» і чыталі ўслых матэрыялы сьвежага нумара газэты РБК.

У акцыі ўдзельнічалі каля дваццаці чалавек. Таксама ў суботу ўвечары адзінкавыя пікеты салідарнасьці з журналістамі РБК прайшлі на Неўскім праспэкце ў Пецярбургу.

У пятніцу стала вядома, што з холдынгу звольненыя шэф-рэдактар расейскай мэдыякампаніі «РосБизнесКонсалтинг» (РБК) Лізавета Асяцінская, галоўны рэдактар газэты РБК Максім Солюс, а таксама галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва РБК Раман Баданін.

Кіраўнік Саюза журналістаў Масквы Павел Гусеў зьвязаў рашэньне аб зьмене кіраўніцтва РБК з ціскам улады на холдынг. У Крамлі заявілі, што пра ціск на рэдакцыйную палітыку і мэдыяхолдынг у цэлым «не можа ісьці гаворка».

Пад кіраўніцтвам Асяцінскай і Баданіна рэдакцыя РБК займалася гучнымі расьсьледаваньнямі. У прыватнасьці, яны першымі зьвязалі праграму пашырэньня МДУ з дачкой Уладзіміра Пуціна Кацярынай Ціханавай, а таксама высьветлілі, як разбагацеў зяць Пуціна Кірыл Шамалаў.

Журналісты РБК публікавалі расьсьледаваньні па матэрыялах «Панамскага архіву», прысьвечаныя карупцыі ў найбліжэйшым атачэньні Ўладзіміра Пуціна.

Крыніца агенцтва Reuters сьцьвярджае, што «апошняй кропляй» у сытуацыі з масавым звальненьнем журналістаў з РБК стала незадаволенасьць Крамля артыкулам аб будаўніцтве вустрычнай фэрмы непадалёк ад «Палаца Пуціна» ў Геленджыку — рэзыдэнцыі, будаўніцтва якой абышлося, паводле дадзеных аднаго з падрадчыкаў, у 1 млрд даляраў.

XS
SM
MD
LG