Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія «народнікі» кантактуюць у Менску і з апазыцыяй, і з уладай


Дэпутаты Эўрапарлямэнту, якія належаць да найбуйнейшай у гэтым заканадаўчым органе фракцыі Эўрапейскай народнай партыі, у панядзелак пачынаюць свой візыт у Беларусь.

Ён мае статус працоўнага і працягнецца два дні — 16 і 17 траўня.

У склад дэлегацыі ўваходзяць: Сандра Калніетэ — былы міністар замежных спраў Латвіі, Дэвід МакАлістэр — віцэ-прэзыдэнт фракцыі народнікаў зь Нямеччыны, Альбэрта Чырыё — прадстаўнік партыі «Наперад, Італія», Богдан Здраеўскі — былы міністар культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Усе гэтыя людзі добра ведаюць Беларусь, — кажа Свабодзе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, чыя партыя шмат гадоў супрацоўнічае з фракцыяй «народнікаў». — Напрыклад, Богдан Здраеўскі — кіраўнік рабочай групы па Беларусі ўсяго Эўрапарлямэнту, а спадарыня Калніетэ — дакладчык у фракцыі па праграме «Ўсходняе партнэрства».

На прапанову беларускай апазыцыі эўрапарлямэнтары замест звычайных сустрэч з прадстаўнікамі апазыцыі паўдзельнічаюць у круглым стале, які пройдзе 16 траўня. На пасяджэньні абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі напярэдадні афіцыйнага адкрыцьця парлямэнцкай выбарчай кампаніі.

Таксама эўрапарлямэнтары будуць кантактаваць і з прадстаўнікамі афіцыйнай улады — у іх заплянаваныя сустрэчы ў Нацыянальным сходзе і Міністэрстве замежных спраў.

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Эўразьвяз пачаў новы этап стасункаў зь Беларусьсю, калі на зьмену санкцыям прыйшоў дыялёг зь беларускімі ўладамі, — кажа сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. — Вельмі важна, каб голас беларускай дэмакратычнай супольнасьці, апазыцыі быў пачуты. І каб гэты дыялёг грунтаваўся на каштоўнасным падмурку, а ня толькі на прагматызьме.

Людзі, якія прыедуць у Беларусь, вельмі ўплывовыя ня толькі ў Эўрапарлямэнце, але і ў сваіх краінах, таму вельмі добра, што яны пагадзіліся на адкрыты фармат круглага стала».

Эўрапейская народная партыя заснаваная ў 1976 годзе. У яе ўваходзяць 75 партыяў з 40 краін. «Народнікі» — 12 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў і 14 эўракамісараў, уключна з прэзыдэнтам Эўракамісіі.

XS
SM
MD
LG