Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 траўня Барысу Сачанку споўнілася б 80.

Шчыры камуніст, які захапляўся раманамі Барыса Пастарнака і Аляксандра Салжаніцына. Апантаны кнігалюб, дзякуючы багатаму кнігазбору якога многія забытыя беларускія кнігі атрымалі новае нараджэньне праз факсымільнае выданьне («Матчын дар» Алеся Гаруна, «Вязанка» Янкі Лучыны, «Пад сінім небам» Натальлі Арсеньневай, слоўнік Насовіча).

Пра сябе ён пісаў: «... Добра было Ісусу Хрысту паміраць, хай нават і на крыжы, калі ён сказаў сьвету сваё слова, пакінуў філязофію, якая жыве вось колькі ўжо вякоў. Страшна паміраць, не пакінуўшы сьвету нічога. І каб жа ня мог пакінуць. А калі здаецца табе, што можаш?.. Відаць, трэба, сьціснуўшы зубы, маўчаць, пакуль можна маўчаць, і хоць употайкі нешта рабіць».

Герой нашых 20 нечаканых фактаў — Барыс Сачанка

Барыс Сачанка, школьнік

Барыс Сачанка, школьнік

1. Хлопчыкам любіў назіраць, як практыкуюцца ў страляніне паліцаі

«У нашай вёсцы пачала арганізоўвацца паліцыя. (...) Усім паліцаям далі вінтоўкі і патроны. Паставіўшы на гародах мішэні, паліцаі цяпер вучыліся страляць — якраз была восень, і людзей у полі было мала. Мы, дзеці, звычайна, калі пачыналася стральба, беглі за хлеў і, схаваўшыся за рогам, цікавалі за паліцаямі. (...) Калі паліцаі канчалі страляць, мы напярэймы кідаліся з-за хлява, каб схапіць, падабраць патроны».

Маці

Маці

2. Яго ледзь не застрэліў немец:

«...пачуўшы, што ў вёску едуць немцы, я (...) кінуўся ўцякаць (...) шуснуў у лазьняк... Лазьняк быў густы, не прадрацца, да таго ж увесь у вадзе (...) я ішоў, пакуль хапіла змогі. А тады спыніўся, стаіўся ля купіны. (...) мяне ўбачыў немец, што быў у нашым гародзе (...) Ён спытаў у маці, ці ўсе яе дзеці дома. Яна сказала: „Усе“. Тады ён узяў маці за руку, павёў да хлява і паказаў на мяне. (...) маці пачала пераконваць яго, што гэта не дзіця, а пень. (...) тады немец, скінуўшы з пляча карабін, пачаў цэліцца... Маці ўпала на калені, пачала прасіць, маліць немца не страляць. (...) Немец ня стаў страляць (...) і надта ж хораша ўсьміхаўся, убачыўшы мяне — няйнакш, ён і сам быў задаволены, што ня стрэліў, не пазбавіў жыцьця ні ў чым не вінаватага чалавека...»

3. Крытычна ставіўся да нашай мэдыцыны

У апавяданьні «Запіскі хворага» ад імя галоўнага героя пісьменьнік сьцьвярджаў: «Дактары — людзі, як правіла, культурныя, ветлівыя. (...) Што-што, а пагаварыць з чалавекам, распытаць пра яго хваробы ўмеюць. Каб пры гэтым яны яшчэ лячыць умелі — цаны б ім не было. А то... Распытаюць, агледзяць, абслухаюць, лекі выпішуць. Глытаеш, п’еш дзень, два, тыдзень, месяц... Ані не памагае. Ня лепш, а горш пачынаеш сябе адчуваць. (...) Не вылучаюцца асаблівай стараннасьцю і дысцыплінай сёстры. То лекі пераблытаюць, то ўколы — аддадуць тое, што прызначалася табе, твайму суседу, і наадварот...»

Дзевяцікласнік Беларускай сярэдняй школы г.п. Хойнікі, 1953 г.

Дзевяцікласнік Беларускай сярэдняй школы г.п. Хойнікі, 1953 г.

4. Стаў літаратарам, каб пракарміць сям’ю:

«Дваццаці пяці рублёў стыпэндыі, якую нам давалі, вядома, не хапала, каб жыць. І я шукаў, пра што можна было б напісаць, каб зацікавіць якую-небудзь газэту і яна надрукавала мой матэрыял. Урэшце я пачаў пісаць апавяданьні. Адно зь іх, як здавалася мне, лепшае, занёс у „Маладосьць“ (...) За першы ж ганарар я набраў некалькі мэтраў прыгожай шарсьцяной тканіны і паслаў маці, каб яна зь яго пашыла сабе сукню...»

Алесь Бяляцкі на магіле Максіма Багдановіча. Ялта. 1980 г.

Алесь Бяляцкі на магіле Максіма Багдановіча. Ялта. 1980 г.

5. Лічыў, што ня варта пераносіць магілу Максіма Багдановіча ў Беларусь:

«У Саюзе пісьменьнікаў абмяркоўвалі, варта ці не пераносіць прах Максіма Багдановіча (...) у Менск. Выступалі многія, выступаў і я. Думка мая была гэткая — каб сапраўды было вядома, што ў магіле, над якой стаіць помнік паэту, пахаваны Максім Багдановіч, то перанесьці прах нават ня варта, а трэба. Але ж, паводле ўспамінаў тых, хто езьдзіў у дваццатыя гады ў Ялту шукаць магілу (...), устаноўлена фактычна толькі месца яго пахаваньня. Што ж да магілы... Пэўнасьці няма. „Уявіце сабе, — сказаў я, — раскапаем магілу, а там сямідзесяцігадовая бабулька ляжыць... Разбурым жа казку, легенду... І што тады?..“

Кандрат Крапіва

Кандрат Крапіва

6. На яго крыўдзіліся Пятро Глебка і Кандрат Крапіва:

„Ва ўнівэрсытэце быў вечар. (...) прыйшлі П. Глебка, К. Крапіва (...) Якраз тады была „вайна маладых са старымі“. П. Глебка і К. Крапіва чамусь на тым вечары захацелі „лягнуць“ маладых. Я не стрымаўся і, калі мне далі слова, сказаў афарызм аднаго чэскага пісьменьніка: „Барацьба маладых са старымі нагадвае барацьбу тых, хто яшчэ не нажыў розуму, з тымі, хто зь яго выжыў“. Афарызм узлаваў і П. Глебку, і К. Крапіву. Яны ўзялі яшчэ раз слова і „крылі“ зноў маладых. І мяне, вядома“.

Пятро Глебка

Пятро Глебка

7. Сьмяяўся з шаблённай пісьменьніцкай фразы: „Лепшыя мае творы яшчэ не напісаны“:

„Лепшыя мае творы яшчэ не напісаны“ — так звычайна гавораць аўтары, калі выступаюць на сваіх юбілейных вечарынах і ў пяцьдзясят, і ў шэсьцьдзесят, і ў семдзесят гадоў. І ніяк некаторыя зь іх зразумець ня могуць, што ў тых, хто іх слухае, узьнікае законнае пытаньне: а чаму, навошта вы, шаноўны аўтар, у першую чаргу пісалі ня лепшыя творы, а горшыя?»

8. Яго раздражнялі эратычныя фільмы з удзелам расейскіх актрыс:

«Пасьля тых сэксуальных і эратычных фільмаў, што даводзілася мне бачыць, выпушчаных рознымі замежнымі кампаніямі — швэдзкімі, амэрыканскімі, францускімі, гэты фільм [„Сэкс і перабудова“ 1990 г., рэж. Франсіс Леруа, Франсуа Жуфа — В. Дэ Эм] пакідае вельмі ж непрыемнае ўражаньне. Нашы дзяўчаты настолькі нявопытныя, няўмелыя, што нават распрануцца прыгожа ня ўмеюць, не гаворачы ўжо пра ўсё астатняе. Ці гэта зроблена ў фільме назнарок, каб абсьмяяць нас? (...) Непрыемна гэта!»

Барыс Сачанка на Нарачы

Барыс Сачанка на Нарачы

9. Творча зайздросьціў Міхасю Стральцову:

«Шчыра кажучы, я (...) у сім-тым зайздросьціў Міхасю. Яго спакою, нетаропкай, але ўпэўненай хадзе ў літаратуру. У мяне ж часта не хапала цярплівасьці папрацаваць яшчэ і яшчэ над сваім творам. Набягалі новыя і новыя тэмы, яны падганялі хутчэй і хутчэй класьці словы на паперу. Недахопы сваіх твораў я бачыў пасьля, калі яны былі ўжо надрукаваныя. Да таго ж я браў для сваіх твораў такія тэмы, якія крывавілі, балелі. Даводзілася ўмешвацца рэдактарам. А ўмяшаньне (...) цэнзарскага алоўка ніколі не паляпшае твор. Мусіць, я скардзіўся на свой лёс, і ён, Міхась, мяне супакойваў, суцяшаў...»

Бацька, маці, брат Павал на парозе пасьляваеннай хаты

Бацька, маці, брат Павал на парозе пасьляваеннай хаты

10. Радаваўся, што Францішак Багушэвіч не пайшоў шляхам Кастуся Каліноўскага:

«Нізка схіляю галаву перад мужнасьцю Кастуся Каліноўскага (...) Але і радуюся, што тым самым шляхам не пайшоў удзельнік паўстаньня 1863 года Францішак Багушэвіч. Паранены, ён перахаваўся, каб потым напісаць творы, якія панесьлі далей у народ словы і мары Кастуся Каліноўскага».

Браты: Іван, Пятро, Барыс, Алесь Сачанкі

Браты: Іван, Пятро, Барыс, Алесь Сачанкі

11) Крытычна ставіўся да тарашкевіцы:

«Чаму трэба вяртацца да Тарашкевіча, а не да мовы Актаў і Статута Вялікага Княства Літоўскага? Ці напрыклад, да мовы і правапісу часоў Ф. Скарыны? (...) Ня будуць, як таго каму і хочацца, — я ў гэтым упэўнены! — гаварыць і „глёбус“, і „кляс“, „філязоф“ і г.д. (...) Што мінула, таго ня вернеш. Двойчы ўвайсьці ў тую саму ваду нікому яшчэ не ўдавалася. (...) Не навязваць трэба народу, як яму гаварыць, а вучыцца мове ў народа».

Барыс Сачанка

Барыс Сачанка

12. Яго раздражняла, калі скарачаюць псэўданімы пісьменьнікаў:

«На чым толькі не эканомім! Нават на напісаньні псэўданімаў. Замест Янка Купала пішам Я. Купала, замест Якуб Колас — Я. Колас, замест Алесь Гарун — А. Гарун».

Барыс Сачанка ў Нью-Ёрку

Барыс Сачанка ў Нью-Ёрку

13. Адмоўна ставіўся да тых, хто ў імя незалежнасьці супрацоўнічаў з акупантамі:

«Супрацоўніцтва з акупантамі, якія б яны ні былі, гэта ня той шлях, па якім здабываюцца свабода і незалежнасьць (...) было б завельмі наіўным лічыць „беларусізацыю“ сапраўднымі плянамі Гітлера ў адносінах да Беларусі. Вось адна такая фігура — Станіслаў Станкевіч. (...) У гады вайны бургамістар Барысава, потым Баранавіч. (...) Расказваюць пра адно даверлівае яго прызнаньне. Я, казаў ён, не паслаў на сьмерць ні аднаго чалавека, які размаўляў па-беларуску. Вось калі па-руску ці па-польску, дык што ж... Хіба ж тут можна гаварыць пра сапраўдны патрыятызм?»

14. Лічыў — тое, што нацыянальная сымболіка выкарыстоўвалася пры немцах, гэта не падстава, каб яе выракацца

«Так, „Пагоня“ і бел-чырвона-белы сьцяг выкарыстоўваліся ў час вайны калябарантамі. Але тое ж здарылася з нацыянальнымі сымбалямі і ў Францыі, Вэнгрыі, Баўгарыі... І ўсё ж народы ня выракліся іх».

Барыс Сачанка з дачкой Сьвятланай

Барыс Сачанка з дачкой Сьвятланай

15. Яго лёгка было пакрыўдзіць

Паводле ўспамінаў дачкі Сьвятланы Явар: «...яго лёгка было пакрыўдзіць сказаным ня ў час, неабдуманым словам. Тады бацька мог даць суровы адпор...»; паводле пісьменьніка Зіновія Прыгодзіча: «...па натуры Сачанка быў чалавек гарачы, запальчывы і надта ж ранімы. Часам ужо і залішне. Быў такі выпадак. Падышлі мы да пад’езда Барысавага дома, чакаем пяць хвілін, дзесяць, а яго ўсё няма і няма. А на дварэ — зіма, мароз, мы ўжо заледзянелі ад холаду. Нарэшце Барыс Іванавіч выходзіць. І трэба ж было яму папытацца: „Ну што, замерзьлі? Прабачце, якраз выходзіў, а тут званок...“ — „Можна ж было і не адказваць на званок, — раздражнёна папракнуў Раман [Катужанец, работнік апарату ЦК КПБ. — В. Дэ Эм], у якога ўжо зуб на зуб не трапляў, лёгенькае паліто зусім не ратавала ад холаду. Задубееш тут, гэтулькі чакаючы“. — „А я нікога не прымушаў чакаць! Можаце гуляць і безь мяне“. І потым не выходзіў на праходку цэлы тыдзень».

Барыс Сачанка і яго лепшы школьны сябра Аляксей Доўбыш

Барыс Сачанка і яго лепшы школьны сябра Аляксей Доўбыш

16. На прагулянку выходзіў, як у опэрны тэатар

Па ўспамінах сучасьнікаў, пісьменьнік кожны вечар выходзіў на прагулянку (часьцей за ўсё ў Купалаўскі парк) і апранаўся, у адрозьненьне ад іншых сваіх калегаў, надзвычай сьвяточна, як у тэатар.

17. Любіў з Максімам Лужаніным размаўляць пра беларускую літаратуру ў лепшых раённых рэстаранах.

Паэт Рыгор Яўсееў успамінаў, што Барыс Сачанка з Максімам Лужаніным даволі часта выяжджалі зь Менску, спыняліся ў лепшых рэстаранах беларускіх мястэчак і там падоўгу сядзелі і разважалі пра нашу літаратуру.

18. У маладосьці лічыў, што беларуская літаратура сумная і нецікавая, бо ў ёй няма яркага вобразу жанчыны

У дзёньнікавых запісах (17.ХІ.66 г.) знаходзім: «Усёй беларускай літаратуры не хапае жанчыны. Можа, таму яна такая і сумная, нецікавая. Паспрабавалі Якуб Колас і Іван Мележ увесьці жанчын у творы — і іхнія творы загучалі. Літаратура — самы інтымны від мастацтва (...). І ня трэба баяцца падштурхнуць яго [чытача. — В. Дэ Эм] думкі на інтымнае. Не было б Аксіньні — хіба б гэтак чытаўся „Ціхі Дон“? (...) Альбо „Ганна Карэніна“ Талстога? Пакуль беларускія празаікі не ўвядуць ва ўсёй сваёй велічы і нізасьці жанчыну ў свае творы, датуль беларуская літаратура будзе нечытэльнай».

Маці з унучкай Сьвятланай

Маці з унучкай Сьвятланай

19. Быў адзін з тых беларускіх савецкіх пісьменьнікаў, хто сьмела ўводзіў у свае творы элемэнты містыкі і фантастыкі

У цалкам рэалістычным апавяданьні «Карчоўнік» (1986 г.) да хлопчыка, які хаваецца ў лазьняку ад немцаў (яны наляцелі з аблавай на вёску), раптоўна зьяўляецца чорт Карчоўнік, які прапануе прадаць яму душу, а за гэта ён выратуе героя ад пагібелі. У філязофскай прыпавесьці «Трэцяе вока» (1988 г.) герой, дзякуючы акурат гэтаму «трэцяму воку», прадбачвае будучыню і можа сачыць за людзьмі ў любой частцы сьвету. Д’ябал дакучае нават за мяжой. У апавяданьні «Чорт з Суматры» (1989 г.) сам пісьменьнік «сутыкаецца» ў Галяндыі з інданэзійскім чортам, які хоча, каб той забраў яго з сабой у Беларусь.

У лесе

У лесе

20. Яму была блізкая думка Альбэра Камю, што ўсё ў жыцьці — абсурд

У дзёньніку (27.VI.68 г.) Барыс Сачанка пісаў: «Прачытаў „Чужога“ А. Камю. Некалькі дзён знаходзіўся пад уражаньнем. Ня дзіва, што ў нас не друкуюць ніводнай кнігі гэтага пісьменьніка. Мы хочам пабудаваць грамадзтва на разумных асновах, а Камю сьцьвярджае, што ўсё ў жыцьці — абсурд, нават само жыцьцё, чалавек — таксама абсурд. Жыць, нешта рабіць — і ведаць, што ты памрэш. І нельга нічога зрабіць, каб не памерці».

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы: Б. Сачанка. Выбранае, т.1-3, 1993-95 гг; Б. Сачанка. Пад сузор’ем сярпа і молата, 2016 г.; Б. Сачанка. Сняцца сны аб Беларусі... 1990 г.; часопіс «Дзеяслоў», № 2, 2016 г.; часопіс «Крыніца», № 1–3, 2002 г.; ды інш.

У падрыхтоўцы матэрыялу былі выкарыстаныя здымкі з архіву сям’і пісьменьніка.

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG