Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі з аўкцыёну прадаюць дом, дзе жыў старшыня гарвыканкаму Піліпец, асуджаны за карупцыю


На афіцыйным сайце абласнога фонду «Гомельаблмаёмасьць» зьявілася малапрыкметная абвестка: 2 чэрвеня фонд ладзіць адкрыты аўкцыён па продажы аднапавярховага блёчнага, абліцаванага цэглай жылога дома з падвалам, ценявым навесам, агароджай, весьнічкамі, брамай, дваровым пакрыцьцём. У ім чатыры пакоі, агульная плошча жылога памяшканьня — 150 квадратных мэтраў. Зямельны ўчастак плошчаю 0,1031 га даецца ў арэнду на 99 гадоў. Побач працякае рака Сож.

Лот як лот, нічога асаблівага, калі б не адрас дома, выстаўленага на продаж: Пралетарская, 36. Гэта дом, у якім жыў былы старшыня Гомельскага гарвыканкаму Віктар Піліпец, узяты пад варту ў 2012 годзе адразу пасьля парлямэнцкіх выбараў і асуджаны пазьней Магілёўскім абласным судом на пяць гадоў зьняволеньня ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму — за махінацыі з кватэрамі.

Яшчэ на стадыі будаўніцтва дома гараджане выказвалі зьдзіўленьне выбраным месцам — яно лічылася «намоленым», бо побач знаходзіцца Ільінінская царква.

Абазнаныя ж у гарадзкой архітэктуры начальнікі наагул кпілі: маўляў, чаго «мэр» палез туды са сваім казённым домам? Увесь двор яго як на далоні, зь дзявятага паверху Інстытуту лесу, які знаходзіцца непадалёку, на другім баку вуліцы Пралетарскай. З вышыні ўсё бачна: ці то загарае галава гораду, ці то шашлыкі смажыць.

Пачатковы кошт «сядзібы мэра», выстаўленай на аўкцыён — 4 541 137 661 рублей, альбо ў пераліку на цьвёрдую валюту — 237 тысяч даляраў.

Фонд «Гомельаблмаёмасьць» інфармуе, што дом мае неабходныя камунікацыі, тэрыторыя ўпарадкавана шматгадовымі насаджэньнямі. Апроч таго, ёсьць дамафон, сыстэмы ахоўнай і супрацьпажарнай сыгналізацыі.

У гэтым доме Віктар Піліпец жыў зь сям’ёю няпоўныя тры гады. Кіраваць горадам ён быў прызначаны з пасады памочніка прэзыдэнта — галоўнага інспэктара па Віцебскай вобласьці. Раней працаваў у Калінкавіцкім раёне — дырэктарам саўгасу, намесьнікам старшыні і старшынём Калінкавіцкага райвыканкаму.

На пасадзе старшыні гарвыканкаму пачуваў сябе досыць вольна, падкрэсьліваючы пры нагодзе, што атрымаў карт-блянш ад Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле рашэньня суду, Віктар Піліпец і саўдзельнікі з управы капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму незаконна разьмеркавалі паміж сабой, сваімі сваякамі, блізкімі і знаёмымі 27 кватэраў у шматкватэрных жылых дамах — тых, якія былі прызначаны для перасяленьня гараджанаў, чые прыватныя дамы патрапілі пад знос у выніку пашырэньня вуліцы Барыкіна.

У верасьні 2015 года Піліпец быў вызвалены з калёніі ў Бабруйску па амністыі. У Гомель ён не вярнуўся, а пасяліўся, наколькі вядома, у Менску, дзе меў кватэру.

XS
SM
MD
LG