Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія прапагандысты: «перамогу Джамалы праплацяць Пэнтагон і ЦРУ»


Джамала ў Стакгольме

Джамала ў Стакгольме

Прайшлі два паўфіналы песеннага конкурсу «Эўрабачаньне», якія вывелі ўкраінскую сьпявачку крымскататарскага паходжаньня Джамалу у тройку лідэраў букмэкерскіх ставак. Высокія шанцы на перамогу ёсьць таксама ў прадстаўніка Расеі Сяргея Лазарава.

Высьвятленьне палітычных адносінаў паміж Масквой і Кіевам сёлета адбілася і на конкурсе. У прыватнасьці, расейскі камэнтатар перакруціў сэнс песьні Джамалы, зрабіўшы акцэнт на яе выступах у Расеі. А Сяргею Лазараву нагадалі яго заяву двухгадовай даўніны: «Крым — гэта Ўкраіна».

Калі Ўкраіна адправіла на «Эўрабачаньне» Джамалу, многія расейцы ўспрынялі гэта як выклік. А яе песьню «1944» аб трагічных падзеях пасьля Другой сусьветнай вайны, калі крымскія татары зазналі прымусовую дэпартацыю з Крыму па віне Савецкага Саюзу, як абразу ў бок Расеі. Удзел сьпявачкі ў конкурсе расейскія мэдыі назвалі «правакацыяй», каб «пасварыць Расею і Ўкраіну».

Таму камэнтатар ад каналу «Расея-1», прадстаўляючы крымскататарскую сьпявачку ў паўфінале сваім суайчыньнікам, наогул сказіў сутнасьць. А тэкст пра незнаёмцаў, якія «прыходзяць у твой дом, забіваюць вас усіх і кажуць: мы не вінаватыя» пераказаў такім чынам:

«У Эўропе гэтую кампазыцыю ўспрымаюць як малітву пра лёс людзей, якія па ўласнай ці не па сваёй волі пакідаюць дом у пошуках лепшага жыцьця», — сказаў расейскі камэнтатар.

У біяграфіі Джамалы акцэнты зьмянілі, маўляў, менавіта расейская «Новая хваля» 2009 году зрабіла зь яе тую, кім сьпявачка стала цяпер. Гэты конкурс, па словах камэнтатара, адкрыў ёй шлях «на найлепшыя сцэны Расеі і Ўкраіны». Успомнілі таксама яе даўнія выступы, а пра Крым або крымскіх татар — ані слова.

Расейцы, якія ведаюць ангельскую, лёгка зразумеюць сапраўдны сэнс песьні. Астатнія ж могуць «нагугліць» па жаданьні. Таму такое скажэньне ад расейскага камэнтатара — гэта, у першую чаргу, падман уласных гледачоў. Так лічыць украінскі камэнтатар Цімур Мірашнічэнка.

«Так у прынцыпе рабіць нельга. Але ва ўмовах інфармацыйнай вайны — гэта таксама адзін са сродкаў, таму яны так і робяць. Для мяне гэта ня стала сюрпрызам», — кажа ён.

Украінскі камэнтатар дадаў, што пры падрыхтоўцы да эфіру і робячы для сябе паметкі аб удзельніках, ён не вылучае расейскага канкурсанта Лазарава. Бо «Эўрабачаньне — гэта ўсё пра музыку», кажа Мірашнічэнка.

«Само сабой, што часам не ўдаецца стрымаць сваіх эмоцый. Часам ты дазваляеш сабе сказаць нешта такое, што ня варта было б. Думаю, украінскія гледачы мяне разумеюць у гэтым сэнсе», — пракамэнтаваў ён свой падыход да агучваньня конкурсу.

«Я — ня я, фраза пра Крым — не мая»

Зрэшты Расея сёлета крытычная ня толькі да ўкраінскай канкурсанткі, але і да свайго Лазарава.

Сьпеваку адразу нагадалі рэзананснае інтэрвію двухгадовай даўніны, дзе ён казаў украінскай журналістцы Кацярыне Асадчай, што не падтрымлівае «Крым наш» і ў яго разуменьні паўвостраў належыць Ўкраіне. У той пэрыяд ён быў судзьдзём на ўкраінскім вакальным праекце «Голас» і даволі прыязна казаў пра Ўкраіну і ўкраінцаў у цэлым.

Зрэшты вельмі хутка пасьля таго інтэрвію Лазараў адмовіўся ад уласных словаў. Расейскі сьпявак заявіў, што з гадзіннай размовы нарэзалі асобныя фразы, таму 5-хвілінны запіс вельмі скажона падаў яго пазыцыю адносна канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай.

А напярэдадні ўдзелу ў «Эўрабачаньні» ён наогул адмовіўся камэнтаваць той выпадак расейскім журналістам.

Не захацела абмяркоўваць з расейскімі журналістамі сваю песьню і палітычную пазыцыю і Джамала. Яе PR-дырэктар Дзяніс Казлоўскі патлумачыў журналістам LifeNews, што іх мэдыя «ня мае нічога агульнага з журналістыкай».

Шанцы ў фінале 14 траўня

Фінал «Эўрабачаньня» адбудзецца ў суботу, 14 траўня. Букмэкеры з William Hill прагназуюць перамогу прадстаўніку Расеі, а шанцы Джамалы за апошнія суткі вырасьлі з чацьвёртага да трэцяга месца.

Па правілах конкурсу, краіна-пераможца шоў павінна прыняць «Эўрабачаньне» ў наступным годзе. І калі б Расея ў гэтым годзе перамагла, то Ўкраіна магла б адмовіцца ад удзелу ў «Эўрабачаньні» ў 2017 годзе. Зрэшты генэральны дырэктар Нацыянальнай тэлекампаніі Ўкраіны Зураб Аласанія ўсё ж верыць у перамогу Джамалы і «пераглядае сцэну, арганізацыю працэсу і сьвятло».

У камэнтарах да гэтага пасту пажартавалі, што, калі пераможа Ўкраіна, то Расею зможа прадстаўляць толькі саліст гурту «Машына часу» Андрэй Макарэвіч, бо большасьці расейскіх сьпевакоў уезд ва Ўкраіну ўжо забаронены.

У 2015 годзе Ўкраіна адмовілася ад «Эўрабачаньня» з-за складанай эканамічнай сытуацыі і вайны на Данбасе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG