Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Менск не прызнае наяўнасьць доўгу перад «Газпрамам»? Ці прывядзе гэтая пазыцыя беларускіх уладаў да новай газавай вайны? Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Ігар Ільяш, Ян Максімюк

Глод: Міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімер Патупчык учора заявіў журналістам, што Менск не прызнае наяўнасьці доўгу перад «Газпрамам» за пастаўлены расейцамі газ. Ён патлумачыў, што беларускі і расейскі бакі па-рознаму трактуюць міжурадавыя дамоўленасьці.

«Расея лічыць, што ёсьць цана „Ямалу“, а мы лічым, што павінны дзейнічаць рынкавыя роўнадаходныя цэны» — сказаў кіраўнік Міністэрства энэргетыкі.

Патупчык падкрэсьліў, што «гэта тэхнічнае пытаньне, якое мы павінны вырашаць» і абвінаваціў Маскву ў «адыходзе ад рашэньня». Міністар сказаў, што цяпер усё будзе вырашацца ў судзе, паколькі беларуская «дачка» «Газпраму» падала іскавыя заявы ў арбітражны суд пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце.

Цікава, што ў суд зьвярнулася кампанія «Газпрам трансгаз Беларусь». Гэта былая кампанія «Белтрансгаз». Яна ўваходзіла ў сьпіс стратэгічных прадпрыемстваў краіны. Але ў 2011 годзе з асабістага дазволу Аляксандра Лукашэнкі яе прадалі «Газпраму». «Белтрансгаз» атрымаў новую назву «Газпрам трансгаз Беларусь» і стаў на 100% належаць «Газпраму». У выніку атрымалася, што былая беларуская кампанія цяпер судзіцца зь Беларусьсю.

Беларусь плаціць за расейскі газ. Але плаціць з разьліку 73 даляры за тысячу кубоў. Расейскі бок лічыць, што гэта ўдвая меней. У выніку за першыя чатыры месяцы сёлета набег доўг большы за 125 мільёнаў даляраў.

Афіцыйны Менск ня можа супакоіцца — атрымліваецца, што сёньня кошт газу для Нямеччыны і Ўкраіны за мінусам мытнай пошліны меншы, чым для Беларусі.

Гэта сапраўды так. Але ў Менску ня любяць згадваць, чаму так атрымалася. Бо да гэтага дайшло з ініцыятывы самога Менску. Як кажуць, «за что боролись на то и напоролись». Доўгі час Беларусь дамагалася ад Расеі, каб кошт газу быў непасрэдна зьвязаны з коштам нафты. Нарэшце расейцаў уламалі, і тыя пагадзіліся. І пакуль нафта каштавала болей за 100 даляраў за барэль, для Беларусі ўсё было цудоўна.

Але пасьля таго, як нафта абвалілася ўтрая, высьветлілася, што Беларусь сама трапіла ў пастку прывязкі да цьвёрдай цаны за нафту. Перамовы віцэ-прэм’ераў Дварковіча і Сямашкі жаданага выніку для афіцыйнага Менску не прынесьлі. І вось цяпер справа дайшла да арбітражнага суду. Зьвяртаю ўвагу, што гэты суд знаходзіцца пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце, паколькі «Газпрам трансгаз Беларусь» зарэгістраваны ў Беларусі.

І цяпер пытаньне да вас, калегі. Як вы думаеце, чым завершыцца судовы працэс і ці не прывядзе ён да новага вітку газавай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй?

Ільяш: Я думаю, што газавай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй, у тым выглядзе, якім мы іх бачылі гадоў 10 таму, чакаць ня трэба. На мой погляд, тут справа ў тым, што эпоха газавых войнаў па вялікім рахунку сышла.

Я думаю, што ўсе пагодзяцца з тым, што газавыя войны гэта заўсёды вынік палітычных рашэньняў, а ня вынік спрэчкі гаспадарчых суб’ектаў. Сапраўды, падчас праўленьня Ўладзіміра Пуціна газ актыўна выкарыстоўваўся ў якасьці сродку шантажу і ціску на суседзяў Расеі. Але за апошнія гады ўсё ж нешта зьмянілася ў сьвеце.

Па-першае, палітыка газавага шантажу відавочна становіцца ўсё менш эфэктыўнай і нясе Расеі толькі страты. Наглядзеўшыся на паводзіны Масквы, Эўразьвяз ужо даўно ўзяў курс на паступовае зьніжэньне спажываньня расейскага газу. А апошняя спроба ціску на Ўкраіну праз газ наагул скончылася для Расеі катастрафічнай паразай — імпарт расейскага газу ва Ўкраіну зьнізіўся ў 2,4 разы, і Расея проста пачала страчваць украінскі рынак. Па-другое, газавы шантаж усё ж можна аднесьці да прыёмаў мяккай экспансіі, а пасьля Крыму і Данбасу актуальныя ўжо зусім іншыя мэтады. Стаўкі моцна вырасьлі: палітыка шантажу зьмянілася палітыкай адкрытага гвалту. Пытаньні энэргетычнай бясьпекі зьмянілася пытаньнямі бясьпекі нацыянальнай, бясьпекі ваеннай. Таму газавая вайна (ці нафтавая, або малочная ці мясная) можа быць цяпер толькі адным з элемэнтаў ціску. А вось ці патрэбна Маскве ў дадзены момант ціснуць на Лукашэнку — гэта ўжо іншае пытаньне. Падаецца, што цяпер гэта як раз не патрэбна. Калі б Масква зараз захацела націснуць на Лукашэнку, то зрабіла б яна гэта праз затрымку крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця — улічваючы катастрафічную сытуацыю з узроўнем беларускіх золатавалютных запасаў гэта быў бы вельмі адчувальны крок з боку Масквы і пры тым ён бы не справакаваў адкрытага скандалу. Але першы транш крэдыту Беларусь як раз нядаўна атрымала.

Наагул далёка ня кожную эканамічную спрэчку, ня кожную спрэчку наконт цэнаў на газ трэба абавязкова ўспрымаць як патэнцыйную вайну або канфлікт. Калі ўважліва сачыць за навінамі, то можна пабачыць, што абмен прэтэнзіямі паміж расейскім і беларускім бокам па розных пытаньнях адбываецца амаль бесьперапынна. Што тут далёка хадзіць. У лютым 2016 году шмат размоў было пра бэнзінавую вайну: Расея тады пагражала зьменшыць аб’ёмы паставак нафты ў Беларусь у адказ за недапастаўкі беларускага бэнзіну на расейскі рынак. Але атрымалася, што да бэнзінавай вайны справа так і не дайшла, а расейскі бок проста блефаваў. Думаю, што больш-меньш цывілізавана скончацца і гэтыя газавыя спрэчкі.

Максімюк: Такой газавай вайны, якія бывалі раней, ужо ня будзе. Бакі больш-менш дойдуць да нейкага кампраміснага рашэньня. І гэтае рашэньне будзе ўсё ж больш на карысьць Менску, чым Масквы.

Па-першае, дамова ёсьць дамова, мы дакладнага яе зьместу ня ведаем, а таксама формулы гэтай цаны, і ня ведаем, на які бок схіліцца суд, але ўжо тое, што гэты суд знаходзіцца ў Беларусі, ставіць Менск у больш выгадную сытуацыю. Па-другое, цана газу — гэта заўсёды ня толькі эканамічнае пытаньне, але і палітычнае, і палітычны чыньнік тут таксама моцны. Мне здаецца, беларускі бок тут мае моцныя палітычныя аргумэнты. Я ня ўпэўнены, ці беларускі бок будзе і далей плаціць тыя 73 даляры за тысячу кубамэтраў, ці цана крышку падскочыць. Але формула коштаў на расейскі газ прывязаная да расейскага рубля, а гэты рубель абясцэніўся апошнім часам. Па-другое, Менск можа сказаць, што Газпрам усё ж ідзе на саступкі для эўрапейскіх спажыўцоў газу. Чаму ж тады не пайсьці на саступкі для свайго найбліжэйшага саюзьніка? Ну і па-трэцяе, на расейскім рынку газу зьяўляюцца канкурэнты, гэта таксама чыньнік, які хутчэй за ўсё грае на руку беларускаму боку. Расеі ў дадзенай сытуацыі не патрэбная яшчэ адна палітычная спрэчка, а патрэбныя грошы, хоць якія. Я ўпэўнены, што Менск будзе стаяць да апошняй хвіліны за тое, каб цана не ўзрасла. Нядаўна мы гаварылі пра сытуацыю з беларускім бюджэтам і пра катастрафічнае зьніжэньне даходаў ад падаткаў ад прадпрыемстваў. Так што беларускі ўрад будзе змагацца за кожны даляр.

XS
SM
MD
LG