Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадстаўнік Паўночнай рады: Кіраўніцтва ЭГУ недастаткова ўспрымала пажаданьні донараў


Кенэт Броман

Кенэт Броман

11 траўня Паўночная рада, у якую ўваходзяць міністры краінаў і аўтаноміяў Паўночнага зьвязу — Даніі, Ісьляндыі, Нарвэгіі, Фінляндыі, Швэцыі, Грэнляндыі, Фарэрскіх і Аляндзкіх выспаў — прыняла рашэньне больш не фінансаваць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (ЭГУ).

Шэраг іншых донараў таксама ўжо вырашылі спыніць фінансаваньне ЭГУ, кажа кіраўнік упраўленьня генэральнага сакратара пры Радзе міністраў Паўночных краін Кенэт Броман.

Радыё Свабода: У рашэньні Паўночнай рады спыніць фінансаваньне Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту сярод прычынаў гаворыцца пра «неаднаразовыя ўнутраныя падзелы ў ЭГУ», якія «заміналі яго дзейнасьці ў апошнія гады». У той жа час крытыкі ЭГУ гавораць пра парушэньні з боку кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Радыё Свабода атрымала дакумэнт аўдыту, праведзенага літоўскім прадстаўніцтвам кампаніі Deloitte, дзе цытуюцца такія парушэньні. Ці паўплывалі на рашэньне Паўночнай рады такія паведамленьні і, у прыватнасьці, гэты дакумэнт?

Кенэт Броман: Перш за ўсё, тыя дакумэнты, якія вы маеце, мы ня лічым афіцыйнымі. Таму я ня буду камэнтаваць іх зьмест. Бо гэта ўнутраныя тэксты, якія дасылаліся Кіроўнай радзе [ЭГУ]. Мы лічым гэта ўнутраным пытаньнем паміж Паўночнай радай і Кіроўнай радай ЭГУ.

РС: Прабачце, але ці можаце вы пацьвердзіць, што гэта рэальны дакумэнт?

Мы лічым гэты дакумэнт непублічным.

Броман: Так, ён існуе, але я ня буду даваць наконт яго камэнтары прэсе. Бо мы вырашылі не дасылаць гэты дакумэнт іншым донарам, іншым урадам і гэтак далей... Мы лічым гэты дакумэнт непублічным. Але паколькі вы яго маеце — ня ведаю адкуль — я проста кажу, што ня буду камэнтаваць яго зьмест.

Вяртаючыся да вашага пытаньня: Як гаварылася ў нашым прэс-рэлізе, галоўная прычына, па якой спынілі фінансаваньне, гэта рэструктурызацыя бюджэту з-за крызісу з уцекачамі. Важна тое, што ў сувязі з велічэзнымі выклікамі для ўсіх краінаў Паўночнай рады, нам трэба глядзець на новую сытуацыю.

Сапраўдныя ўнутраныя падзелы не былі такой ўжо вялікай праблемай для нас.

Але там таксама згадваюцца, як вы сказалі, «унутраныя падзелы». На жаль, я магу сказаць, што гэта няўдалая фармулёўка з нашага боку. Сапраўдныя ўнутраныя падзелы не былі такой ужо вялікай праблемай для нас. Аднак не сакрэт, што Паўночная рада міністраў даволі крытычна ставілася да шмат якіх рашэньняў кіраўніцтва ЭГУ ў апошнія гады. Гэта таксама паўплывала на рашэньне спыніць фінансаваньне. Але асноўная прычына ў тым, што нам трэба выкарыстоўваць наш бюджэт для іншых мэтаў.

РС: А якія менавіта крокі кіраўніцтва ЭГУ выклікалі найбольшую крытыку з боку Паўночнай рады?

ЭГУ значна павялічыў бюджэтныя выдаткі, не гарантаваўшы пры гэтым, што донары гатовыя даць у бюджэт больш.

Броман: Тут трэба крыху вярнуцца назад у часе — пару гадоў таму ЭГУ значна павялічыў бюджэтныя выдаткі, не гарантаваўшы пры гэтым, што донары гатовыя даць у бюджэт больш. Гэта прывяло да вялікага бюджэтнага дэфіцыту, хоць цяпер ёсьць добры плян як збалянсаваць бюджэт. На наш погляд, донары цяпер не гатовыя рабіць большы ўнёсак — думаю, што хутчэй наадварот. Мы ўспрымаем гэта так, што кіраўніцтва ЭГУ недастаткова было ў кантакце і недастаткова ўспрымала пажаданьні донараў. Вы павінны разумець, што ЭГУ — гэта ўнівэрсытэт, які цалкам грунтуецца на добраахвотных ахвяраваньнях.

Прычыны павелічэньня бюджэтных выдаткаў вельмі зразумелыя. Гэта зьвязана зь літоўскім заканадаўствам, з адміністрацыйнымі выдаткамі, і гэта тычыцца большасьці ўнівэрсытэтаў па ўсёй Эўропе.

Было таксама шмат дыскусій пра памылкі ў кіраваньні, пра кантракты, але я ня буду тут лезьці ў дэталі, бо пра гэта мы наўпрост кантактавалі з кіраўніцтвам ЭГУ. Гэта таксама было сярод прычынаў, але галоўная прычына ўсё ж рэструктурызацыя бюджэту.

РС: Кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЭГУ Максімас Мілта ў інтэрвію нашаму карэспандэнту казаў пра «некарэктную інтэрпрэтацыю» вашага рашэньня ў некаторых беларускіх мэдыях. «Паўночная рада міністраў — ня тое ж самае, чым зьяўляюцца паасобку паўночныя краіны. І пра тое, што спыніцца фінансавая дапамога, якая аказвалася ўнівэрсытэту паўночнымі краінамі паасобку — Швэцыяй, Фінляндыяй, Даніяй — ніякай гаворкі не ідзе». Ці інфармавалі вы іншых донараў пра сваю заклапочанасьць дзеяньнямі кіраўніцтва ЭГУ? І ці можа здарыцца так, што іншыя донары скарыстаюцца вашым прыкладам і спыняць фінансаваньне?

Шэраг іншых донараў ужо абвясьцілі, што спыняюць фінансаваньне.

Броман: Так, за апошні год у нас было шмат сустрэчаў зь іншымі донарамі ў гэтым пытаньні. І шэраг іншых донараў ужо абвясьцілі, што спыняюць фінансаваньне. Вядома ж, кожны прымае свае рашэньні. Вы цяпер размаўляеце з прадстаўніком Паўночнай рады, у якую ўваходзяць асобныя краіны, гэтаксама як у Эўрапейскі зьвяз аб’ядноўвае эўрапейскія краіны. Яны не зьвязаныя наўпрост, але яны каардынуюцца. Рашэньне Паўночнай рады наўпрост не зьвязанае з рашэньнямі Фінляндыі, Даніі, Швэцыі ці Нарвэгіі. Але Фінляндыя, Данія і Нарвэгія ўжо абвясьцілі, што таксама спыняюць фінансаваньне. Гэта было абвешчана на вялікай сустрэчы донараў у Вільні 10 сакавіка, якую ладзіў міністар замежных спраў Літвы спадар Лінкявічус. На гэтай сустрэчы прадстаўнікі Нарвэгіі і Даніі сказалі, што спыняюць фінансаваньне. Ня ведаю, ці Фінляндыя ўжо апрылюдніла такое рашэньне, але, наколькі я разумею, рашэньне ўжо прынятае.

РС: Ці пагодзіцеся вы, што ў цяперашнім палітычным кантэксьце паляпшэньня адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем спыненьне фінансаваньня для ЭГУ — унівэрсытэту ў выгнаньні зь Беларусі — можа быць ўспрынятае, як яшчэ адзін знак зьмякчэньня стаўленьня да Аляксандра Лукашэнкі з боку эўрапейскіх дзяржаваў?

Броман: Не хацеў бы інтэрпрэтаваць, як іншыя глядзяць на нашае рашэньне, але гэта ня тычыцца вялікай палітыкі. Гэта тычыцца стратэгіі і патрэбаў Паўночнай рады як арганізацыі. Мы моцна падтрымлівалі ЭГУ ад 2005-2006 гадоў і мы ўклалі ў гэты праект каля 5 мільёнаў эўра. Але мы бачым, што цяпер ёсьць іншыя патрэбы і іншыя выклікі ў нашым рэгіёне, якія зьяўляюцца важнейшымі для нашай арганізацыі. Вядома ж, вядзецца пра новы крызіс у Эўропе, зьвязаны з інтэграцыяй ўцекачоў і наступствамі для нашых краін.

Наколькі я ведаю, сытуацыя ў Беларусі асабліва не зьмянілася.

Наколькі я ведаю, сытуацыя ў Беларусі асабліва не зьмянілася. Мы па-ранейшаму займаемся вялікімі праграмамі Эўразьвязу, якія дапамагаюць беларускім студэнтам вучыцца за мяжой, каб зьмякчыць наступствы жорсткага рэжыму. Можа быць адносіны паміж Брусэлем і Менскам і пацяплелі, але гэта не мяняе становішча грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які першапачаткова базаваўся ў Менску і быў зачынены беларускімі ўладамі ўлетку 2004 году, у кастрычніку 2005 пачаў сваю працу ў Вільні (Літва). Фінансавую падтрымку ўнівэрсытэту забясьпечылі шматлікія прыватныя фонды, НДА і кіраўніцтва краінаў ЭЗ і ЗША. Скандынаўскія фонды былі сярод галоўных спонсараў ЭГУ.

XS
SM
MD
LG