Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калега даў пачытаць артыкул стваральніка электроннай кнігі пра тое, як мы ўсе цяпер будзем па-іншаму пісаць і чытаць.

Маўляў, мяняецца сэнс дзеяслова «чытаць», мяняецца чытач, роля пісьменьніка і падставы сторытэлінгу, мяняецца сюжэт і мадэль спажываньня інфармацыі, кніжныя фарматы і кантэнт…

У цэлым – набор банальных адкрыцьцяў, недакладнасьцяў і простай няпраўды. Такі тэкст і ня мог ня скончыцца дэклярацыяй безадказнасьці: «Магчыма, наступае залаты век культуры. Ці найгоршы век культуры. У залежнасьці ад таго, як на гэта паглядзець».

Праблема ня ў тым, што кніга, на думку кіндлароба, цалкам сыходзіць у сеціва, што пісаць яе (і чытаць, трэба думаць, таксама) будуць робаты ці паўробаты. І ня ў тым нават, што ў беларускага пісьменьніка адбіраецца нават прывідны шанец нешта зарабіць сваёй кнігай – гэтаксама, як са сьмерцю CD ужо страціў такі шанец беларускі музыка. І ня ў тым праблема, што кнізе – капец.

Праблема ў тым, што артыкул аўтара, які дэкляруе шматстайнасьць, уяўляе зь сябе ўзор лінейнага мысьленьня або мысьленьня таталітарнага ў самым чыстым яго выглядзе.

Не выключаю, што інжынэрам газавых печак у Асьвенціме таксама бачыўся нейкі «залаты век». «У залежнасьці ад таго, як на гэта паглядзець».

Асабіста мне віртуальныя кнігі і раманы з інфаграфікай вока ня колюць. Выдатна, калі разьвіваюцца новыя тэхналёгіі. Нават калі ў мяне асабіста цікавасьці да іх няма. Але чаму яны мусяць разьвівацца праз адмаўленьне ў праве на існаваньне звычайнай кнігі? У нас і так раманы выдаюцца па 300 асобнікаў. Каму яны замінаюць? Аказваецца, замінаюць. Бо і пісаць іх трэба па-іншаму, і чытаць па-іншаму. Абавязкова дзе-небудзь павінна што-небудзь міргаць і выскокваць – у гэтым сутнасьць іншасьці.

Між іншым, на Захадзе так усталёўвалася дэмакратыя, калі на кожнага таталітарнага тэарэтыка знаходзілася мноства іншых таталітарных тэарэтыкаў і паступова яны навучыліся суіснаваць. Тое самае адбываецца і з кіндларобам, бо мы ведаем, што рынак электронных кніг у сьвеце больш не расьце, ён дасягнуў свайго максімуму. Зь іншага боку, папулярнасьць тоўстых кніг на Захадзе ня падае (насуперак мімалётнаму сьцьверджаньню тэарэтыка), у чым можна пераканацца ў любой заходняй кнігарні.

Бяда ў тым, што мы жывем у далёкім ад дэмакратыі грамадзтве, і ідэі таталітарных тэарэтыкаў знаходзяць у нас удзячную глебу. Гісторыя, як вядома, нічому ня вучыць, калі вучыцца няма жаданьня. Тым ня менш, варта мець на ўвазе, што панаваньне таталітарнай ідэі заўсёды прыводзіць да зьнішчэньня – спачатку іншых, а потым і сябе самога.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG