Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскага блогера асудзілі на тры з паловай гады за перашкоду мабілізацыі


Руслан Кацаба ў судзе 12 траўня 2016 году
Руслан Кацаба ў судзе 12 траўня 2016 году

Івана-Франкоўскі гарадзкі суд 12 траўня абвясьціў вырак па справе блогера Руслана Кацабы — 3 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі.

Пракуратура прасіла для Кацабы 13 гадоў зьняволеньня, але дзяржаўнай здрады ў яго дзеяньнях суд ня выявіў, прызнаўшы, аднак, яго вінаватым у перашкодзе дзейнасьці Ўзброеных сіл Украіны за ролік з заклікам ўхіляцца ад мабілізацыі. Адвакаты рыхтуюцца падаваць апэляцыю, а калі прысуд пацьвердзяць усе ўкраінскія судовыя інстанцыі, яны маюць намер падаваць пазоў у Эўрапейскі суд па правах чалавека.

Яшчэ да абвяшчэньня прысуду Кацаба заявіў журналістам: «Прысуд быў напісаны ня тут. І пракурор казаў тое, што яму казалі. Абыякавыя людзі сваёй абыякавасьцю цяпер нават не ўсьведамляюць, што сёньня, 12 траўня, ва Украіне пачаліся афіцыйна дыктатура і таталітарызм».

Па справе Кацабы адбылося больш за дзесяць судовых пасяджэньняў, заслухалі 43 сьведак. Суд ня ўбачыў у дзеяньнях Кацабы прыкмет дзяржаўнай здрады. У той жа час відэазварот «Я адмаўляюся ад мабілізацыі» прызналі адной з формаў перашкоды дзейнасьці Ўзброеных сіл Украіны. У сьледчым ізалятары Кацаба знаходзіцца зь лютага 2015 году, гэты тэрмін яму будзе залічвацца паводле «закону Саўчанкі» — дзень за два.

Суд адмяніў арышт на маёмасьць і сродкі Коцабы, а да ўступленьня прысуду ў законную сілу меру стрыманьня — утрыманьне пад вартай — пакінуў без зьменаў.

Адвакат Ігар Суліма паведаміў, што абарона будзе падаваць апэляцыю і спадзяецца, што да канца месяца яе разгледзяць.

«Незалежна ад таго, ці выпусьціць яго апэляцыйны суд, ці ён выйдзе пасьля 3 гадоў і 6 месяцаў, мы ўсё роўна будзем падаваць касацыю. Мы пройдзем усе інстанцыі, падаецца (пазоў — РС) ў Эўрапейскі суд па правах чалавека», — адзначыў абаронца.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty international прызнала Руслана Кацабу вязьнем сумленьня — першым ва Ўкраіне за пяць гадоў. Такі статус даюць людзям, якіх, на думку праваабаронцаў, перасьледуюць выключна за мірнае выказваньне сваіх поглядаў, тлумачыць прэс-сакратар украінскага прадстаўніцтва арганізацыі Марыя Гур’ева.

Запісаўшы відэа, Руслан Кацаба фактычна рэалізаваў сваё права на свабоду выказваньня.

«Запісаўшы відэа, Руслан Кацаба фактычна рэалізаваў сваё права на свабоду выказваньня, — кажа яна. — Больш за тое, у сваім рашэньні суд кіраваўся толькі адным відэа, але не было знойдзена людзей, якім яно перашкодзіла пайсьці ў войска. Улічваючы гэта мы асуджаем падобнае рашэньне, мы асуджаем перасьлед Руслана Кацабы за выказваньне поглядаў і патрабуем адпусьціць журналіста».

Незалежны медыя-прафсаюз Украіны лічыць абвінавачаньні супраць Кацабы недастаткова абгрунтаванымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG