Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кіраўнік расейскай лябараторыі расказаў пра ўхвалены ўладамі допінг алімпійскіх чэмпіёнаў


Наборы для допінг-кантролю, ілюстрацыйнае фота.

Наборы для допінг-кантролю, ілюстрацыйнае фота.

Былы кіраўнік антыдопінгавай лябараторыі ў Маскве Грыгорый Родчанкаў у інтэрвію амэрыканскай газэце New York Times распавёў аб выкарыстаньні допінгу расейскімі спартсмэнамі падчас Алімпійскіх гульняў-2014 у Сочы.

Паводле Родчанкава, як мінімум 15 расейскіх мэдалістаў былі тады часткай дзяржаўнай допінгавай праграмы. У ліку гэтых спартсмэнаў Родчанкаў назваў алімпійскіх чэмпіёнаў: лыжніка Аляксандра Лягкова, бабслэіста Аляксандра Зубкова і скелетаніста Аляксандра Трацьцякова.

Родчанкаў прыгадаў, што 21 студзеня 2014 года, за два тыдні да пачатку Гульняў-2014 у Сочы, ён атрымаў сьпіс спартсмэнаў, якія былі ўключаныя ў гэтую допінгавую праграму. Паводле яго падлікаў, да канца Алімпіяды ня менш за 100 допінг-пробаў, узятых падчас Гульняў, былі замены на ўзятыя раней чыстыя пробы.

Антыдопінгавыя экспэрты і прадстаўнікі спэцслужбаў мянялі «алімпійскія» допінг-пробы на чыстыя.

Па словах Родчанкава, ноччу ў лябараторыі, асьветленай адной лямпай, расейскія антыдопінгавыя экспэрты і прадстаўнікі спэцслужбаў мянялі «алімпійскія» допінг-пробы на чыстыя, вынайшаўшы спосаб адкрываць нібыта абсалютна абароненыя прабіркі, перадаючы іх празь дзірку ў сьцяне, памерам з чалавечую руку.

«Людзі сьвяткуюць, вітаючы алімпійскіх чэмпіёнаў, а мы тут як дурныя мяняем іх мачу,» кажа Родчанкаў. «Ці можаце вы сабе ўявіць, як арганізаваны алімпійскі спорт?»

Людзі сьвяткуюць, вітаючы алімпійскіх чэмпіёнаў, а мы тут як дурныя мяняем іх мачу.

Родчанкаў, які мае ступень доктара навук ў аналітычнай хіміі, прызнаецца, што выкарыстаў свой вопыт, каб дапамагчы спартсмэнам правільна выкарыстоўваць забароненыя рэчывы, каб гэта засталося незаўважаным. Ён кажа, што гэта было зроблена па просьбе расейскага ўраду.

Пасьля доўгіх гадоў спроб і памылак ён распрацаваў кактэйль з трох анабалічных стэроідаў, зьмяшаных з малой доляй алькаголю, які, паводле яго цьверджаньня, многія расейскія спартсмэны высокага ўзроўню выкарыстоўвалі ажно да Алімпіяды ў Лёндане ў 2012 годзе і ў Сочы ў 2014 годзе. На той, Сочынскай алімпіядзе Расея стала лідэрам па колькасьці мэдалёў, з 33-х было 13 залатых.

Пасьля пахвал і ўзнагарод за Алімпіяду Родчанкава, аднак, чакаў удар. Міжнароднае антыдопінгавае агенцтва праз год апублікавала справаздачу, у якой гаварылася, што сьледчыя знайшлі факты сыстэматычнага ўжываньня допінгу расейскімі легкаатлетамі. Родчанкаў быў вымушаны сысьці ў адстаўку і, баючыся за сваю бясьпеку, пераехаў у ЗША. (Сёлета ў лютым раптоўна памерлі адразу два супрацоўнікі з кіраўніцтва РУСАДА — Расейскага антыдопінгавага агенцтва — Вячаслаў Сінеў і Мікіта Камаеў).

Пасля таго, як New York Times папрасілі расейскіх чыноўнікаў пракамэнтаваць публікацыю, міністр спорту Расеі Віталь Мутко, выпусьціў заяву для сродкаў масавай інфармацыі, у якой назваў сьцьвярджэньні Родчанкава «працягам інфармацыйнай атакі на расейскі спорт.»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG