Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 13 траўня: фінал «Млына моды», згадкі пра рэфэрэндум, які зьмяніў сымболіку


Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У межах акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцягу» Малады Фронт ладзіць паседжаньне «Клюбу Вітаўта Вялікага». Тэма — рэфэрэндум 14 траўня 1995 года. Ганаровым госьцем клюбу будзе дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня і ўдзельнік галадоўкі супраць прызначэньня рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі і дзяржаўнасьці расейскай мовы Мікалай Аксаміт. («Арт-сядзіба», Менск, пр. Незалежнасьці, 58-430, пачатак а 18-й).

У Менску фінал конкурсу «Млын моды 2016». У фінале будзе прадстаўлена больш як 80 дызайнэрскіх калекцый. Палац спорту. Сэмінары пачнуцца а 10-й, цырымонія ўзнагароджаньня прызёраў а 16-й.

Дэбаты «Мастацтва на стыку інтарэсаў» пройдуць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Мастак Міхаіл Гулін, эканаміст Дзьмітрый Рагель і рэдактар інтэрнэт-парталу Валеры Краснагір абмяркуюць адносіны сучаснага беларускага мастацтва з бізнэсам, уладай і СМІ. (Менск, вул. Някрасава, 3, пачатак а 19:00).

У гісторыі:

1840 — нарадзіўся Тытус Далеўскі, найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага.

1875 — нарадзіўся Станіслаў Жукоўскі, польскі і расейскі мастак беларускага паходжаньня.

1894 — нарадзіўся Іван Ермачэнка, беларускі палітычны дзяяч, публіцыст.

1895 — нарадзіўся Ўладзіслаў Паўлюкоўскі, беларускі паэт, празаік, этнограф, краязнавец, мастак.

1905 — нарадзілася Стэфанія Станюта, артыстка беларускага тэатру.

1933 — нарадзіўся Аляксандар Кішчанка, беларускі мастак.

1986 — нарадзіўся Аляксандар Рыбак, нарвэскі скрыпач, сьпявак, кампазытар і актор беларускага паходжаньня, пераможца конкурсу песьні «Эўрабачаньне-2009» у Маскве.

1981 — адбыўся замах на папу рымскага Яна Паўла II, які зрабіў турэцкі тэрарыст Мэхмэт Алі Агджа. Папа здолеў вылечыцца, але з таго часу ва ўсіх сваіх паездках Ян Павал і яго наступнікі сталі карыстацца браняваным «папамабілем» адмысловай канструкцыі.

2005 — у Андыжане (Узбэкістан) пры збройнай маніфэстацыі было забіта ад некалькіх сотняў да тысячы мітынгоўцаў.

У памяці:

1916 — памёр Шалом Алейхем, габрэйскі пісьменнік, драматург і асьветнік, адзін з пачынальнікаў літаратуры на ідыш, у тым ліку дзіцячай. Сапраўднае імя — Шалом Рабіновіч.

1930 — памёр Фрыцьёф Нансэн, нарвэскі палярны дасьледнік, які першы пераадолеў Грэнляндыю на лыжах, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1922 году.

1956 — скончыў жыцьцё самагубствам кіраўнік савецкіх пісьменьнікаў Аляксандар Фадзееў. Тлумачэньні гэтага ўчынку дагэтуль розныя. Адны кажуць, што Фадзееў ня здолеў перажыць той праўды, што прагучала на антысталінскім 22-м зьезьдзе КПСС. Другія — што пакутаваў на хранічны алькагалізм і акурат 13 траўня хвароба абвастрылася.

Цытата:

«Нічога вечнага на сьвеце няма, і ніколі чалавек не бывае задаволены тым, што мае».

Шалом Алейхем

XS
SM
MD
LG