Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Бразыліі будзе атрымліваць зарплату да імпічмэнту


Прыхільнікі імпічмэнту Русэф на вуліцах Сан Паўлу 17 красавіка 2016 году.

Прыхільнікі імпічмэнту Русэф на вуліцах Сан Паўлу 17 красавіка 2016 году.

Адхіленая ад пасады прэзыдэнт Бразыліі Дылма Русэф працягне атрымліваць сваю зарплату да таго часу, пакуль ня будзе прынята канчатковае рашэньне пра імпічмэнт. Пра гэта заявіў сёньня старшыня Фэдэральнага сэнату (Верхняй палаты нацыянальнага парлямэнту) Рэнан Калейрус.

«На гэты момант за Русэф захоўваюцца такія правы як выкарыстаньне афіцыйнай рэзыдэнцыі, асабістая ахова, мэдыцынская страхоўка, авія- і аўтамабільны транспарт, зарплата. Зь ёй таксама працягне працаваць каманда дарадцаў з яе канцылярыі », - сказаў Калейрус. Паколькі Русэф працягне жыць у рэзыдэнцыі Альварада, яна па-ранейшаму будзе карыстацца паслугамі кухараў, садоўнікаў і аховы.

Заработная плата прэзыдэнта Бразыліі пасьля выліку падаткаў складае 22,883 рэала (каля $6,5 тыс.).

Раней у чацьвер Фэдэральны сэнат Бразыліі 55 галасамі супраць 22
падтрымаў працяг працэдуры імпічмэнту Русэф. У выніку яна часова адхіленая ад пасады кіраўніка дзяржавы. Галоўнае абвінавачваньне, прад’яўленае ёй — фінансавыя парушэньні пры разьмеркаваньні дзяржаўных сродкаў. Сама Русэф сёньня назвала сваё адхіленьне «пераваротам» і «палітычным фарсам». Віцэ-прэзыдэнт Мішэл Тэмэр сёньня афіцыйна прыступіў да выкананьня абавязкаў кіраўніка краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG