Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае продаж акцыяў «Беларусбанку» — ці будуць усьлед за ім прададзеныя і іншыя банкі краіны?

Глод: Беларускія ўлады выстаўляюць на продаж акцыі найбуйнейшага дзяржбанку краіны — «Беларусбанку». У гэтым банку акумулююцца значныя фінансавыя сродкі. Па долі ў банкаўскіх актывах «Беларусбанк» ня мае сабе роўных на ўсёй тэрыторыі СНД. Ягоная доля на нацыянальным фінансавым рынку складае 41%. У падобнага банку Азэрбайджану, які знаходзіцца на другім месцы, адпаведны паказьнік — 36,5%. Гэта яшчэ адзін доказ таго, наколькі важны для беларускіх фінансаў «Беларусбанк».

Невыпадкова прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў стварыў спэцыяльную групу па рэалізацыі акцыяў «Беларусбанку». Яе ўзначаліў міністар фінансаў Уладзімер Амарын. Групе даручана ўзгадніць папярэднюю ацэнку кошту акцый банку. Таксама яна зоймецца ўзгадненьнем умоў адкрытага конкурсу, каб выбраць фінансавага кансультанта па пытаньнях рэалізацыі акцыяў, складаньнем сьпісу патэнцыйных дарадцаў і, пазьней, ухваленьнем падрыхтаванага пляну мерапрыемстваў. Спраў тут шмат, і таму невыпадкова прапановы аб выбары пакупніка акцыяў павінны быць унесеныя ва ўрад да 1 лістапада 2017 году.

Уладзімер Глод

Уладзімер Глод

Адразу адзначу — увесь гэты плян не азначае, што дзяржава аддае кантроль над найбуйнейшым банкам у прыватныя рукі. Гаворка ідзе аб продажы толькі мінарытарных, адносна невялікіх пакетаў акцыяў. Гэта азначае, што кантрольны і блякуючы пакеты застаюцца ва ўраду. І тым ня менш нават мінарытарныя пакеты, улічваючы буйныя памеры «Беларусбанку», — гэта даволі вялікія грошы.

Імкненьне ўладаў атрымаць дадатковыя грошы ў казну зразумелае. Але ў банкаўскай сфэры нішто хутка ня робіцца. Прыкладам, дагэтуль яшчэ не прададзены банк «Менск — Масква», хоць пра такую спробу вядома ўжо пару гадоў.

Некалькі дзён таму ў Нацбанку праходзіў «круглы стол». Адзін зь яго ўдзельнікаў распавёў мне, што старшыні праўленьня Нацбанку спадару Калаўру задалі пытаньне: навошта прадаецца частка акцыяў «Беларусбанку»? Галоўны банкір краіны на гэта адказаў, што патрэбна зрабіць усю банкаўскую сыстэму Беларусі больш сучаснай, больш рынкавай. Пры гэтым ён асабліва падкрэсьліў, што доля мінарытарных пакетаў ні ў якім разе ня будзе перавышаць блякуючы пакет. Больш Калаўр нічога не сказаў. Праўда, пры абмеркаваньні агульнай сытуацыі з банкамі гаварылася, што трэба павялічваць іх капіталізацыю, то бок неабходна, каб у банкаў было больш грошай. Ідзе абясцэньваньне беларускага рубля, і трэба павышаць долю ўласных капіталаў у актывах.

Добра вядома, што грошы любяць таямніцу. Асабліва вялікія грошы. Таму сёньня ніхто ня скажа, наколькі вялікая частка акцыяў будзе прадавацца і па якой цане. Ня ведаем мы таксама, ці ёсьць ужо патэнцыйныя пакупнікі. Але вядома, што ў апошнія месяцы шмат якія беларускія банкі, у тым ліку і «Беларусбанк», страчваюць прыбытак. Таму, калегі, прапаную вам выказацца: ці азначае згаданае рашэньне ўраду, што ўлады вырашылі часткова прыватызаваць усю банкаўскую сыстэму — і тады трэба чакаць выстаўленьня на продаж актываў і іншых банкаў, ці гэта толькі разавая акцыя?

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Тут прысутнічае і той, і той чыньнік. Гэта рэдкае адназначнае рашэньне, якое можна вітаць. Натуральна, яно выкліканае цяжкасьцямі ў эканамічнай сытуацыі — дзяржаве патрэбныя грошы. Гэтае рашэньне, на першы погляд, не нясе ніякіх сацыяльных наступстваў: ні скарачэньня супрацоўнікаў, ні зьніжэньня заробкаў. Тут якраз ніхто не пацерпіць. Ёсьць толькі станоўчыя наступствы, бо грошы пойдуць у бюджэт. Мне дзіўна, чаму ўлады доўга цягнулі з гэтым продажам. Мы можам чакаць павелічэньня працэнту, які будзе прададзены. Невядома, ці акцыі выставяць на аўкцыён, ці прададуць кулюарна, як гэта бывае ў Беларусі. Але натуральна, што дзяржава не аддасьць кантрольны пакет. У мяне выклікае зьдзіўленьне, чаму банкаўскія ўлады ня кажуць, які працэнт прадаецца. Чаму гэта настолькі таямніца? У заходніх эканамічных зьдзелках заўсёды гэта адкрыта фіксуецца ў банкаўскай сфэры.

Банкаўская сфэра — адна з рэдкіх галінаў беларускай эканомікі, дзе шырока прысутнічае замежны капітал. Паводле розных дадзеных, каля 60% на сёньня тут належыць замежным інвэстарам. Напрыклад, славуты Прыёрбанк, які належыць Райфайзэнбанку, і г. д. Баяцца, што банкаўская сфэра трапіць у рукі замежнікаў, тут ня варта. Прадаецца, па-першае, малая частка, па-другое, банкаўская сфэра ў Беларусі і так у замежных руках і дзейнічае досыць эфэктыўна. Напэўна, дзяржава ня пойдзе на тое, каб аддаць і ўвогуле пусьціць у вольнае плаваньне некалькі асноўных банкаў, якія крэдытуюць вытворчасьць і сельскую гаспадарку. Аграпрамбанк, Беларусбанк, які працуе з насельніцтвам. Тройка-чацьвёрка застанецца ў дзяржаўных руках, а астатняе дзяржава будзе прадаваць за мяжу або прыватызаваць. Іншая справа, ці знойдуць яны пакупнікоў і ці за добрыя грошы будуць прададзеныя гэтыя акцыі.

Алег Грузьдзіловіч

Алег Грузьдзіловіч

Грузьдзіловіч: Кантрольны пакет утваральных для прамысловасьці і аграсэктару банкаў цяперашні беларускі ўрад ніколі не прадасьць. Але паступова сапраўды будзе аддаваць да 50% акцыяў, прадаючы па кавалках. Грошы трэба бюджэту, і тэрмінова. Кожны месяц трэба разьлічвацца з пэнсіянэрамі, кожныя паўгода трэба пакрываць працэнты па ранейшых крэдытах. Маса ёсьць праблемаў.

Чаму менавіта Беларусбанк? Сапраўды, ёсьць жа больш прывабныя банкі. Усё ж такі Беларусбанк — гэта не такі банк, які непасрэдна працуе з эканомікай. Вось Аграпрамбанк забясьпечвае патрэбы аграсэктару, Прамбанк і іншыя рэалізуюць буйныя праекты прамысловасьці. А гэта такі банк пэнсіянэраў, бюджэтнікаў, куды ўсе людзі нясуць па крышачку грошай, але грошы часта ім трэба і назад даваць. У гэтага банку, хоць ён і на 40% акумулюе грошы краіны, няма вялікіх сумаў грошай вольных. Ім нельга так рызыкаваць, каб цалкам аддаць яго ў прыватныя рукі — а потым нейкі абвал, утворацца чэргі каля банкаўскіх устаноў. Ім можна ахвяраваць на 30–40%. Пры гэтым ён прывабны банк, бо гэта Ашчадны банк былы савецкі, людзі ішлі туды як у надзейную ўстанову, і яны заўсёды будуць несьці туды грошы. Вось гэтым спрабуюць спакусіць патэнцыйных пакупнікоў, зь якімі ёсьць праблемы на беларускім рынку.

Зразумела, беларускія ўлады цяпер робяць выгляд нейкіх рэформаў, і ім трэба перад МВФ паказаць, што яны ідуць наперад. Чаму мяркуецца, што гэта спрацуе? Тут разьлік на тое, што на Захадзе гатовыя памыліцца і дараваць беларусам тое, што яны нешта не дарабілі ў палітычным сэнсе, калі спрабуюць працаваць у эканамічным. Хоць у мяне веры гэтым крокам няма.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG