Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі ў дзеяньне першы аб’ект супрацьракетнага шчыта ў Румыніі


Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнберг выступае ў прэзыдэнцкім палацы ў Бухарэсце.

Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнберг выступае ў прэзыдэнцкім палацы ў Бухарэсце.

ЗША ўвялі сёньня ў дзеяньне ў Румыніі першы аб’ект глябальнага супрацьракетнага шчыта, агульным коштам 800 мільёнаў даляраў.

Гэты аб’ект, які знаходзіцца на авіябазе Дэвэсэлу, зьяўляецца часткай так званага парасону ад Грэнляндыі да Азорскіх астравоў і накіраваны супраць іранскіх ракетаў. Расея лічыць гэтую сыстэму спробай нівэляваць яе ядзерную зброю, але пры гэтым заяўляе аб здольнасьці пераадолець сыстэму супрацьракетнай абароны ЗША.

На авіябазе Дэвэсэлу прадстаўнікі ЗША і НАТО пацьвердзілі апэратыўную гатоўнасьць амэрыканскай сыстэмы Aegis («Іджыс») сталага наземнага базаваньня. Аб’ект у Румыніі здольны зьбіваць ракеты так званых дзяржаваў-ізгояў, якія, на думку Вашынгтону, аднойчы змогуць дасягнуць буйных эўрапейскіх гарадоў.

Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па кантролі над узбраеньнямі Фрэнк Роўз заявіў перад пачаткам цырымоніі разразаньня стужкі, што Іран працягвае распрацоўваць, выпрабоўваць і разгортваць поўны спэктар балістычных ракетаў і іх магчымасьці адносна дальнасьці і дакладнасьці павялічваюцца.

Паводле ацэнкі Роўза, іранскія ракеты могуць дасягаць некаторых частак Эўропы, уключаючы Румынію. Пра гэта Роўз заявіў напярэдадні цырымоніі адкрыцьця аб’екту супрацьракетнай абароны, на якой таксама прысутнічалі намесьнік міністра абароны ЗША Робэрт Уорк і Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнберг.

13 траўня ЗША пачнуць закладку апошняга аб’екту ў паўночнай частцы Польшчы, у вёсцы Радзікава, які павінен быць гатовы да канца 2018 году і завяршыць будаўніцтва супрацьракетнага шчыта, упершыню прапанаванага амаль дзесяць гадоў таму, і які ўключае караблі і радары па ўсёй Эўропе. Ён будзе перададзены пад кантроль НАТО ў ліпені.

Расея выказвае незадаволенасьць дэманстрацыяй сілы ва Ўсходняй Эўропе з боку сваіх супернікаў часоў халоднай вайны ў рэгіёне, якія раней знаходзіліся пад кантролем Масквы.

Запуск сыстэмы супрацьракетнай абароны таксама зьяўляецца важным фактарам падтрымкі Польшчы і краінаў Балтыі пасьля расейскай анэксіі Крыму ў 2014 годзе. У адказ на гэта Расея умацоўвае свае заходнія і паўднёвыя флянгі стварэньнем новых вайсковых злучэньняў. Крэмль лічыць, што мэта сыстэмы супрацьракетнай абароны — спроба нэўтралізаваць ядзерны арсэнал Масквы ў выпадку вайны.

XS
SM
MD
LG