Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чым ісьці працаваць за два мільёны, лепей буду вазіць цыгарэты...»


Чарга ў выходны дзень на памежным пераходзе ў Брузгах

Чарга ў выходны дзень на памежным пераходзе ў Брузгах

Нягледзячы на мытныя абмежаваньні, беларусы Гарадзеншчыны імкнуцца ў Польшчу на закупы.

Калі ў будзённыя дні на беларуска-польскіх памежных пераходах можна праехаць свабодна, то ў выходныя па-ранейшаму чэргі і даводзіцца чакаць па некалькі гадзін. І гэта нават пасьля таго, як з 14 красавіка пачалі дзейнічаць новыя правілы Мытнага зьвязу, якія значна абмежавалі магчымасьць увозу тавараў на тэрыторыю Беларусі.

Тым ня менш у сьвяточныя і выходныя дні ў Горадні стала праблематычна набыць квіткі на шоп-тураўскія маршруткі і рэйсавыя аўтобусы, а на мяжы ў такія дні ўтвараюцца чэргі.

У сьвяточны дзень у рэйсавым аўтобусе з Горадні ў Беласток усе месцы занятыя. На сайце Памежнага камітэту Беларусі ад самай раніцы зьвесткі пра тое, што на пераходзе ў Брузгах чарга з 100 аўтамабіляў. Рэйсавым аўтобусам праяжджаем па-за чаргой. На ўласных аўта людзі трапяць у Польшчу не раней як празь некалькі гадзін.

У аўтобусе пераважна гарадзенцы, едуць, як правіла, на закупы. Маладыя дзяўчаты кажуць, што ў выходныя можна прабегчыся па беластоцкіх буціках. Адна зь дзяўчат тлумачыць, што яны набываюць у Польшчы:

— У прынцыпе, мы ўсё купляем толькі для сябе, нічога на продаж ня возім. Цяпер пацяплела, нам трэба мяняць гардэроб, а на летні сэзон шмат чаго патрэбна: і розныя кофтачкі, і футболкі, і абутак, і новую касмэтыку... Справа ў тым, што ў Горадні цяпер наагул нізкі асартымэнт тавараў на рынках і ў буціках, ды яшчэ, да ўсяго, цэны вельмі высокія. А ў Беластоку, калі дзень паходзім па крамах, то абавязкова нешта набудзем, і па добрых коштах.

Больш сталая кабета кажа, што зайздросьціць дзяўчатам, бо сама едзе набываць пераважна харчы.

— Я раз на два тыдні стараюся езьдзіць па харчы. Цяпер мяснога вазіць нельга, але купляю тут рыбу, крупы, малочныя харчы, амаль усё з бытавой хіміі, часам нешта з адзеньня, абутку. Бо ўсё роўна тут таньней выходзіць, і якасьць зусім іншая. У мяне ў сям’і ўжо ўсе прывыклі да польскіх харчоў і рэчаў. Добра, што аўтобус на рынак і па крамах возіць — усё можна набыць і вярнуцца дадому.

Перад уездам на польскую мытню можна прастаяць у чарзе і 5, і 7 гадзін...

Перад уездам на польскую мытню можна прастаяць у чарзе і 5, і 7 гадзін...

У аўтобусе едзе сям’я зь Менску і яшчэ адна спадарыня, якая кажа, што ў выходныя больш у Польшчу не паедзе, — зашмат людзей, ледзь набыла квіток на аўтобус. Цікаўлюся ў менчукоў — чаму ня езьдзяць на аўтобусах адразу зь Менску, а робяць у Горадні перасадку?

— Ведаеце, тут свая хітрасьць. Менскія аўтобусы ўсе загружаныя таварам пад завязку, яны доўга стаяць на мяжы, іх прапускаюць у апошнюю чаргу. А гарадзенскія рэйсавыя аўтобусы праяжджаюць без чаргі, і мытнікі так моцна да нас не чапляюцца, як у менскіх аўтобусах.

Цікаўлюся: няўжо зь Менску выгадна езьдзіць у Польшчу на закупы? Няўжо гэта акупляецца? Мужчына пасьмейваецца і адказвае, што арытмэтыка простая:

— Вось вы паглядзіце: мы з жонкай купілі па адным ровары, які на беларускія грошы каштуе каля трох мільёнаў, а ў Менску ягоны кошт складае амаль шэсьць мільёнаў. Ясна, што мы ўжо тры гады іх прывезьці бяз сплаты пошліны ня зможам, але нам і не патрэбна, у нас ужо такія ёсьць дома. Наступным разам возьмем яшчэ нешта з бытавой тэхнікі, бо суседзі ўсё заказваюць, ня трэба нават ісьці недзе на рынак прадаваць.

Дадае ягоная жонка:

— Канечне, у нас выдаткі на аўтобус зь Менску і назад. Але і гэта акупляецца нашымі закупамі. Бо мы, акрамя таго, што купляем харчы ў Польшчы, то яшчэ набываем у Горадні на рынку і ў крамах, бо тут на рынку харчы таньнейшыя, чым у Менску, і якасьць у іх зусім іншая. Вы паглядзіце, калі едзе аўтобус зь Менску, то на мяжы ўсе 50 пасажыраў выходзяць і афармляюць «ваты» на харчы, а «ваты» выдаюцца, калі ты маеш тавару ня менш як на 200 злотых. А я ўжо не кажу, калі цягнуць тэлевізары, кампутары ці тыя ж ровары... Таму людзі і едуць. Бо, вы думаеце, некаму б хацелася вось так па некалькі сутак у аўтобусах гэтых кантавацца?

Наш рэйсавы аўтобус спыніўся ў чарзе на польскай мяжы, стаім ужо каля 5 гадзін. Высьвятляецца, што ў некалькіх маршрутках, якія праяжджалі перад намі, у кожнай польскія мытнікі выявілі кантрабандыстаў, якія правозілі забароненую колькасьць цыгарэтаў. Мытнікі афармляюць канфіскацыю, а ўсе чакаюць.

Беларускія аўтобусы побач з гіпэрмаркетам «Auchan» у Беластоку

Беларускія аўтобусы побач з гіпэрмаркетам «Auchan» у Беластоку

Адзін з дасьведчаных гарадзенскіх кантрабандыстаў потым распавядзе, што некаму сёньня не пашэнціла:

— Тыя, хто стала возіць цыгарэты, абвязваюць іх проста на цела, і ў кожнай маршрутцы такіх палова. Некага правераць і забяруць, а некаму шанцуе, і той правозіць. Я, як многія, ежджу амаль кожны дзень і на гэтым маю 400–500 тысяч. А на працу за заробак у два мільёны хадзіць не хачу, няхай за такія грошы Лукашэнка сам працуе. Мы звычайна купляем білет да Кузьніцы за 80 тысяч толькі ў адзін бок, а назад едзем на падсадку за адзін даляр. Назад бяром сабе што-небудзь з харчоў, бо ўсё таньней, чым у нас, каву, часам лекі каму ці калі нехта нешта закажа. Бо цяпер «Поле цудаў» у Кузьніцы не працуе, і вазіць адтуль няма чаго.

Дзьве маладыя сонныя дзяўчыны забіраюць заплечнікі з маршруткі, польскія памежнікі іх вяртаюць назад. Высьветлілася, што ў дзяўчат ужо месяц як скончыліся візы, а яны і не заўважылі. Адзін гарадзенец з нашага аўтобуса камэнтуе гэта без аніякіх эмоцыяў:

— А што тут такога, я неяк паехаў, узяў пашпарт і не праверыў, а на мяжы высьветлілася, што гэта татаў. Ну, давялося вяртацца...

Паводле прэс-службы польскай мытні, у Беластоку ад пачатку году паток беларусаў праз аўтадарожныя пункты пропуску ў параўнаньні зь мінулым годам зьменшыўся, але нязначна. Супрацоўнікі польскай мытні за студзень-сакавік 2016 году аформілі ў пунктах пропуску ў Кузьніцы, Баброўніках і Полаўцах 260 тысяч квіткоў tax free на суму 190 мільёнаў злотых (50 мільёнаў даляраў).

Для параўнаньня: летась за першае паўгодзьдзе колькасьць такіх квіткоў склала 558 тысяч штук, а за ўвесь мінулы год беларусы аформілі ў Падляскім ваяводзтве 1,2 мільёна квітанцыяў. Часьцей за ўсё беларусы куплялі ў суседняй Польшчы бытавую тэхніку, абутак, адзеньне і будаўнічыя матэрыялы.

XS
SM
MD
LG