Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арнольд Макмілін: Я згодны быць амбасадарам Беларусі!


Арнольд Макмілін

Арнольд Макмілін

У нядаўнім Міжнародным кангрэсе дасьледчыкаў беларускай культуры браў удзел Арнольд Макмілін. Ён аўтар шматлікіх беларусазнаўчых дасьледаваньняў, а неўзабаве выйдзе яго кніга пра маладую беларускую паэзію пад назвай «Рунь». Прафэсар зь Лёндану — госьцем перадачы.

— Спадар Арнольд, ваша кніга пра беларускую літаратуру ХХ стагодзьдзя «Пісьменства ў халодным клімаце» так і ня трапіла на паліцы беларускіх кнігарняў. Вас гэта засмучае?

— У мэцэната кнігі была такая ідэя — разаслаць яе па ўсіх навуковых установах Беларусі, яна была таксама дасланая ў Міністэрства адукацыі. Водгукаў мы так і не дачакаліся. У Лёндане я паказаў кнігу беларускаму амбасадару, і ён запытаўся, што значыць «у халодным клімаце». Я адказаў дыпляматычна, маўляў, у Беларусі халадэча. А потым дадаў, што атмасфэра для беларускай літаратуры хоць і становіцца лепшай, але ўсё ж большасьць народу чытае па-расейску. Так што «халодны клімат» — двухсэнсоўная назва.

— А хіба Байран пісаў у «цёплым клімаце»?

— Байран ня быў папулярным чалавекам у Англіі. Вядомыя словы ягонай каханкі: «Mad, bad, and dangerous to know» («Шалёны, ліхі, знацца зь ім небясьпечна»). Байран быў ідэалістам, але, кіруючыся здаровым сэнсам, ён уцёк у Грэцыю, бо быў пэрсона нон-грата ў Англіі з-за сваіх розных выбрыкаў.

— Каб напісаць кнігу на 900 старонак, вы мусілі прачытаць сотні кніг паэзіі і прозы. А ў нас ёсьць паэты, якіх нават некаторыя беларусы чытаюць са слоўнікам. Напрыклад, Рыгор Барадулін.

— Барадуліна сапраўды мне было цяжкавата чытаць, але — і радасна. У свой час сьветлай памяці Алег Лойка казаў, што замежнікам нельга чытаць барадулінскую паэзію. На што я толькі пасьміхаўся. Я сябраваў з Барадуліным, праўда, гэта не дапамагло мне ў разуменьні яго цудоўных вершаў. Ведаю, што цяпер Сяргей Шапран рыхтуе мэмарыяльную кнігу пра Барадуліна, і я даслаў яму свой артыкул. А цяпер у мяне ўжо скончаная кніга пад назвай «Рунь» — пра маладых беларускіх паэтаў, якія нарадзіліся пасьля 1980 году.

— Зь беларускіх пісьменьнікаў-шасьцідзясятнікаў вы вылучаеце Міхася Стральцова. Алесь Адамовіч пісаў у 80-я: «Не бяда, што сёньня пра Стральцова мала пішуць, затое будуць пісаць заўтра». І — як у ваду глядзеў. А каго з наймалодшага пакаленьня вы лічыце будучым клясыкам?

Творцы, якія ў свой час былі экстрэмістамі, раптам становяцца клясыкамі.

— Так ужо здаўна вядзецца: творцы, якія ў свой час былі экстрэмістамі, раптам становяцца клясыкамі. Вы згадалі Алеся Адамовіча... Калі я сам яшчэ не размаўляў па-беларуску, але хацеў, каб роднай мовай карысталіся ўсе беларусы, то не зусім разумеў, чаму ён вырашыў размаўляць па-расейску. Але з Адамовічам сябраваў Васіль Быкаў, і гэтага для мяне было дастаткова. Быкаў ведаў, хто вораг, а хто сябра.

— А чаму вам хочацца, каб усе беларусы размаўлялі па-беларуску?

— Разумееце, ёсьць вялікая розьніца паміж Беларусьсю і Расеяй. Мяне не хвалюе, што Англія, ЗША, Аўстралія і Канада гавораць на адной мове, ім ніхто не пагражае. Але для беларусаў як «меншых братоў» заўсёды ёсьць пагроза з боку Расеі. Расея ў любы момант можа ў Беларусі зрабіць так, як ва Ўсходняй Украіне, хоць там у яе цяпер шмат клопату. Таму вам трэба адрозьнівацца ад суседзяў. Літоўцы і палякі ведаюць свае мовы, то чаму беларусы мусяць ад сваёй адмаўляцца? Для мяне мова — гэта частка народу. Паўтаруся, мяне мала хвалюе, што Англія і Амэрыка маюць больш-менш адну мову. Оскар Уайльд сказаў пра іх: «Дзьве краіны, разьдзеленыя адной мовай»... У маленькіх краінах мова падтрымлівае сьвядомасьць народу, яго спадчыну, яго гісторыю. З тых часоў, калі навучыўся размаўляць па-беларуску, на ўсіх навуковых канфэрэнцыях я выступаю зь беларускай тэматыкай і, калі магчыма, на беларускай мове.

На ўсіх навуковых канфэрэнцыях я выступаю зь беларускай тэматыкай і, калі магчыма, на беларускай мове.

— Дзякуй вам за гэта. Ведаю, што днямі вы пабывалі ў Купалаўскім тэатры на «Пінскай шляхце». Як вам спэктакль?

Спэктакль цудоўны, пастаноўка — цудоўная, музыка — цудоўная, акторы — цудоўныя, усё супала! Але адна мая сяброўка, сур’ёзная лінгвістка, мне гаварыла, што «Пінскую шляхту» напісаў ня Дунін-Марцінкевіч. Вы чулі пра гэта?

— Чуў. Але і Шэксьпір, кажуць, не пісаў сваіх п’есаў.

— Дунін-Марцінкевіч — не Шэксьпір. У нас Шэксьпір — гэта ўжо проста індустрыя. Шэксьпіраўская праблема — гэта маразм. А ўсё пачалося з таго, што людзі, якія не зрабілі кар’еры сумленным чынам, захацелі праславіцца, адмаўляючы Шэксьпіра.

— У Беларусі працоўнае месца прэзыдэнта — за 100 мэтраў ад Нацыянальнага тэатру, але ён ніколі ня быў там як глядач. А вашы палітыкі ходзяць у тэатар?

— І ў нас большасьць чальцоў каралеўскай сям’і і большасьць вядучых палітыкаў не цікавяцца тэатрам. Толькі Тоні Блэр, калі быў прэм’ерам, прыводзіў сваіх дзяцей у тэатар. Мы аднойчы зь ім апынуліся ў адным шэрагу. Падчас антракту ён з сынамі недзе зьнік, але пасьля ўсе зноў былі на сваіх месцах.

— У сеціве поўна здымкаў, на якіх ваш цяперашні прэм’ер-міністар Дэвід Кэмэран едзе на працу ў мэтро. У Беларусі падобнае немагчыма.

— Кэмэрана ў мэтро я ня бачыў, але цяпер сярод нашых палітыкаў вельмі модна езьдзіць на ровары. Толькі самыя адсталыя езьдзяць на службовых аўто.

— Пасьля таго як прадстаўніца Беларусі Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію, вам стала лягчэй тлумачыць камусьці ў Лёндане, дзе знаходзіцца Беларусь і што такое беларуская літаратура?

— Першаклясным кандыдатам на Нобэля быў усё ж Быкаў.

— Вы перажывалі, калі ён не атрымаў прэмію?

Мне запомніліся словы Быкава, сказаныя яшчэ ў 70-я: «Арнольд, мы жывем у фашысцкай краіне».

— Трошачкі. Мне здаецца, сам Быкаў зусім не перажываў, прынамсі, ён ні разу мне не гаварыў ні пра якую прэмію. Мне запомніліся словы Быкава, сказаныя яшчэ ў 70-я: «Арнольд, мы жывем у фашысцкай краіне». У свой час Нобэлеўскі камітэт дасылаў мне запыт, каб я сказаў сваю думку пра паэзію Барадуліна. Канешне, я паслаў разьдзел са сваёй кнігі і дадаў, што пераклады Барадуліна на ангельскую мову, за рэдкім выняткам, — сьмецьце, яны не перадаюць нічога. Калі Алексіевіч атрымала прэмію, я быў рады, але не на 100 адсоткаў, як і ўсе беларусы. А калі даведаўся, што яна ня ў самых лепшых адносінах з Лукашэнкам і Пуціным, то адсоткаў стала больш. Для мяне гэта плюс. Прыкладна праз два тыдні Алексіевіч будзе выступаць у Лёндане на тэму «Расея і Пуцін». Мы з жонкай вырашылі ўзяць квіткі і паслухаць.

— Недзе я чытаў, што ў лёнданскай Бібліятэцы-музэі імя Скарыны ўсяго два сталыя чытачы — вы і Джым Дынглі. Што цікавага вы знайшлі ў Скарынінцы?

— У пачатку 90-х айцец Аляксандар Надсан даў мне рукапісны сшытак зь вершамі Ларысы Геніюш 1945-1947 гадоў і папрасіў напісаць прадмову, што я і зрабіў. Той сшытак выйшаў асобнай кніжкай. Але ў Менску ёсьць лепшыя спэцыялісты па Геніюш. У фондах Скарынінкі шмат невядомых рукапісаў — эмігранцкія пісьменьнікі аддавалі туды свае архівы. Калі я пісаў кнігу пра пісьменьнікаў беларускай дыяспары, то праглядаў тыя архівы. Цяпер у бібліятэцы моладзь актыўна скануе рэчы, якіх няма ў Беларусі, напрыклад, часопіс «Божым шляхам».

— Вы не крыўдуеце, што беларуская дзяржава аніяк не адзначыла вашу дзейнасьць па папулярызацыі беларускай культуры на Захадзе?

— Не. Калісьці Адам Мальдзіс вельмі хацеў, каб я атрымаў штосьці ад Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Нічога ў яго ня выйшла. Аднак я не хачу быць няўдзячным. Я хачу быць здаровым, мець нармальнае жыцьцё і г.д. А мэдалі і званьні — каму гэта патрэбна? Я не параўноўваю сябе з Быкавым, але для яго галоўным было — сказаць праўду. Вось і я — пішу, пакуль магу. Нядаўна ў Лёндане быў Андрэй Саньнікаў, прэзэнтаваў сваю кнігу. Я пастараюся напісаць на яе рэцэнзію для нашага навуковага часопіса. Гэта, канешне, не матэрыял для навукі, але трэба падтрымліваць добрых людзей.

— Вельмі шмат для Беларусі зрабіла ваша суайчыньніца, сьветлай памяці Вера Рыч. Праўда, яна апошнім часам больш цікавілася ўкраінскай літаратурай. Ці можам мы спадзявацца, што Арнольд Макмілін — наш пажыцьцёвы сябра і прыхільнік?

— Плянаў пераключыцца на нейкую другую літаратуру ў мяне няма. Але добра, што вы згадалі Веру Рыч. Яна — адзіны чалавек, які меў талент перакладаць паэзію так, каб атрымалася таксама паэзія. Яе дзейнасьць — выключна важная для Беларусі. Займацца беларускім пісьменствам мне цікава і прыемна. Калісьці тэмай маёй дысэртацыі была беларуская літаратурная мова ХІХ стагодзьдзя, выйшла адмысловая манаграфія. Нядаўна гэтыя кнігі знайшліся ў падвале Скарынінкі, я выбраў чысьцейшыя асобнікі, разаслаў сябрам і атрымаў падзякі ад многіх лінгвістаў. А нядаўна Янка Запруднік даслаў мне свае мэмуары, на якіх напісаў, што я — амбасадар Беларусі. Калі ласка — я згодны ім быць!

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG