Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякай пагрозы няма», — журналіст Дабравольскі пра публікацыю яго прозьвішча як акрэдытаванага ў «ДНР—ЛНР»


Беларускія журналісты спакойна ставяцца да публікацыі сайтам «Міратворац» пэрсанальнай інфармацыі журналістаў, якія мелі акрэдытацыю ў «ДНР» і «ЛНР».

Журналіст парталу Tut.by Павал Дабравольскі (на момант камандзіроўкі на Данбас ён быў журналістам парталу «Ежедневник») ня лічыць, што публікацыя гэтых дадзеных можа яму неяк пагражаць.

Павал Дабравольскі

Павал Дабравольскі

«Сайт „Міратворац“ — гэта прыватная ініцыятыва, уплыву ён ня мае. Вядома, яго дадзенымі карысталіся ў свой час і СБУ, і МУС, калі там публікаваліся дадзеныя сэпаратыстаў ці тых, хто іх падтрымлівае. Шмат было выпадкаў, калі такіх людзей затрымлівалі ўкраінскія памежнікі. Сама функцыя ў сайта добрая — яны шукаюць тых людзей, якія фатаграфаваліся са зброяй і думалі, што пра гэта ніхто ня будзе ведаць. Але з публікацыяй дадзеных журналістаў выйшла памылка», — кажа журналіст.

Дабравольскі сьцьвярджае: без акрэдытацыі ў «ДНР» ці «ЛНР» працаваць немагчыма.

«Я магу сьцьвярджаць гэта па асабістым досьведзе. Літаральна калі прыяжджаеш на вакзал (у Данецк — РС), да цябе падыходзяць людзі з аўтаматамі і яны ўжо гатовыя цябе арыштаваць. А ты кажаш — я ж толькі прыехаў, я зараз мушу ехаць у прэс-службу Міністэрства інфармацыі па акрэдытацыю. Ведаеце, там вельмі шмат патрулёў, да цябе могуць падысьці 10-15 разоў на дзень, і калі ў цябе ня будзе акрэдытацыі, ты проста ня будзеш працаваць. Цябе ў лепшым выпадку пасадзяць на аўтобус і прасочаць, каб ты зьехаў адтуль», — тлумачыць ён.

Дабравольскі кажа, што можа нейкія прадстаўнікі СМІ сапраўды нелегальна прыяжджалі на Данбас праз Расею, але ён і ягоныя калегі-беларусы мелі прэс-картку АТА, прыяжджалі на тэрыторыю падкантрольную сэпаратыстам з украінскага боку, і СБУ ўсё гэта ведала. «Ад мяне там (у публікацыі „Міратворца“ — РС) толькі прозьвішча, імя і месца працы. А ў іншых журналістаў публікавалі таксама і тэлефоны, і скрыні паштовыя — гэта, вядома, больш непрыемна, калі б было больш прыватных дадзеных апублікавана. Але ўсё роўна няправільна так рабіць: гэта журналісты, яны робяць сваю працу, і без акрэдытацыі яна б была немагчымая. Рабіць выснову з-за факту акрэдытацыі, што яны нібыта падтрымліваюць сэпаратыстаў, — гэта няправільна. Магчыма гэтыя людзі (з сайту „Міратворац“) проста слаба разьбіраюцца ў сытуацыі», — кажа журналіст.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG