Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут усе сьпяваюць пра радасьць, а я — пра сумныя старонкі гісторыі», — Джамала


Крымскататарская сьпявачка Джамала прадставіць сёньня Ўкраіну на міжнародным песенным конкурсе «Эўрабачаньне-2016». Яна выконвае песьню «1944» — пра савецкую дэпартацыю крымскататарскага народу з Крыму.

— Які ў вас настрой, ці настроены вы на перамогу і каго лічыце галоўным супернікам?

— У мяне выдатны настрой, я атрымліваю шмат задавальненьня ад зносінаў зь людзьмі, якія мяне атачаюць, — гэта людзі, якія са мной прыехалі, людзі, якіх я сустракаю тут. Напрыклад, учора я была на сустрэчы з украінскай дыяспарай, якая вельмі цёпла мяне сустрэла — з падарункамі, кветкамі, песьнямі. Гэта вельмі прыемна. Уся гэтая падтрымка, якую я адчуваю з Крыму, з Украіны, нават ад швэдаў, якія сустракаюць мяне на вуліцы, — гэта вельмі прыемна, гэта натхняе мяне.

Джамала ў Стакгольме, 4 траўня 2016 году

Джамала ў Стакгольме, 4 траўня 2016 году

А самым галоўным супернікам на сцэне я лічу толькі сябе. Таму што ў мяне супэрэмацыйная песьня, яна вельмі адрозьніваецца і музыкай, і зьместам ад іншых песень, якія мы тут чуем у гэтым годзе. І асноўная задача для мяне — не расчуліцца да такой ступені, каб не перашкаджаць сабе сьпяваць. Гэта вельмі важная для мяне гісторыя. Вы не ўяўляеце, што я адчуваю кожны раз, калі расказваю або сьпяваю яе.

Я расказваю пра крымскіх татараў, пра сваю сям’ю. Пра тое, што цяпер мае бацькі жывуць у Крыме, што я амаль два гады ня бачыла свайго дзядулю, якому 90 гадоў. Я кажу пра рэальныя рэчы.

Тут усе сьпяваюць і кажуць пра радасьць, шчасьце, любоў, і адна я прыходжу і кажу праўду пра сумныя старонкі гісторыі. З аднаго боку, гэта ня ўпісваецца ў фармат «Эўрабачаньня». Зь іншага боку, усе кажуць мне, што менавіта цяпер, калі ў сьвеце адбываюцца тэрарыстычныя акты, войны, хваробы, калі мы перасталі чуць адно аднаго, мой мэсыдж, што мы павінны пабудаваць будучыню, дзе людзі жывуць у міры і талерантна ставяцца да іншых, вельмі патрэбны. Нават калі людзі не разумеюць ангельскую або крымскататарскую, яны адчуваюць гэта праз музыку, праз голас, праз скуру. Яны адчуваюць гэты боль.

— Ці настроены вы на перамогу?

— Я настроена на тое, каб пакінуць нешта важнае ў сэрцы кожнага эўрапейца, які будзе глядзець «Эўрабачаньне». Адчуваньне, калі ты чагосьці не разумееш, але табе балюча. Для мяне гэта самае важнае. Калі я магу зразумець, дзе сапраўды сваёй творчасьцю, музыкай, словам кранула людзей, — гэта і будзе перамога. Так, вельмі хацелася б перамагчы. Але трэба разумець, што на працягу многіх гадоў «Эўрабачаньне» — конкурс, закліканы забаўляць.

Я пачула ад журналістаў такое меркаваньне: у гэтым годзе «Эўрабачаньне» пакажа, што гэта — шоў ці крыху больш. Калі шоў, то пераможа «чалавек Х». Калі гэта сапраўды конкурс песьні, то пераможа «1944».

— Сёньня ў Крыме не спыняецца ціск на вашых суайчыньнікаў. Вы кажаце, што ваша галоўная мэта — данесьці мэсыдж у Эўропу. Што гэта за мэсыдж?

— Мэсыдж вельмі просты: мы павінны быць больш адкрытымі да праблем іншых людзей, нацый. Павінны шукаць свае карані і заставацца адной сям’ёй. Крымскія татары і ўкраінцы для мяне цяпер — адно і тое ж. Мы павінны паважаць адзін аднаго, каб Эўропа сапраўды паверыла ў нас, у тое, што мы заслугоўваем дапамогі.

Поўную вэрсію інтэрвію з Джамалай чытайце тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG