Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеву ў Магілёве раскажуць пра апошняга расейскага цара і пакажуць ратушу


Плошча перад ратушай з расейскімі сьцягамі
Плошча перад ратушай з расейскімі сьцягамі

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў 12 траўня прыедзе ў Магілёў. Ён возьме ўдзел у саміце гэтак званай саюзнай дзяржавы, сустрэнецца зь беларускім прэм’ерам Андрэем Кабяковым.

Як адзначаюць афіцыйныя крыніцы, на саміце «будуць разгледжаныя актуальныя пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, інвэстыцыйнай, прамысловай, энэргетычнай, культурна-гуманітарнай і іншых сфэрах».

Свабода высьвятляла, як успрымаюць візыт Мядзьведзева магілёўцы.

Магілёў упершыню сустракае прэм’ер-міністра замежнай дзяржавы. Абласны цэнтар да прыезду Мядзьведзева падрамантавалі. Пераклалі плітку на пляцоўцы перад Ратушай і гарадзкім ЗАГСам. Абодва будынкі падфарбавалі.

Гэтак рамантавалі плошчу Славы. Дарожнікі прыхарошваюць ганкі перад загсам
Гэтак рамантавалі плошчу Славы. Дарожнікі прыхарошваюць ганкі перад загсам

На цэнтральных магістралях гораду за два дні да прыезду расейскага госьця вывесілі дзяржаўныя сьцягі Расейскай Фэдэрацыі, Рэспублікі Беларусь, а таксама сьцягі Магілёва. Расейскія сьцягі вывесілі і на флягштоках плошчы Славы.

На расьцяжках вітаньні ўдзельнікам саміту толькі на расейскай мове.

Падфарбоўвалі і ратушу
Падфарбоўвалі і ратушу

Ад сустрэчы прэм’ер-міністраў магілёўцы не чакаюць нейкага прарыву. Многія, з кім удалося пагутарыць, не хавалі ўражаньня, што ўзаемадачыненьні між дзяржавамі цяпер прахалодныя. Магілёўскі саміт, паводле іх меркаваньня, — фармальнасьць, ня больш за тое:

«Прыедуць, пагавораць, і больш нічога ня будзе. На маю думку, гэта такі гасьцявы візыт, на якім нічога сур'ёзнага вырашацца ня будзе», — выказаў меркаваньне малады магілёвец.

«Беларуская палітыка цяпер бесталковая, таму плёну ня будзе, хто б ні прыехаў, — заявіў іншы суразмоўца. — Нават ня мае сэнсу нечага чакаць, пакуль у Беларусі ня зьменіцца ўлада. Краіна ў тупіку. Вы гэта цудоўна самі разумееце».

Цэнтральная вуліца Магілёва Першамайская ў сьцягах
Цэнтральная вуліца Магілёва Першамайская ў сьцягах

Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што па сваёй уплывовасьці Мядзьведзеў больш значная фігура ў Расеі, чым Кабякоў у Беларусі, таму, заўважыў магілёвец, чакаць выніковасьці ад магілёўскага саміту не выпадае.

«Вядома ж, у Расеі многае залежыць ад Пуціна, ён уплывовая фігура, але я ня думаю, каб расейскі прэзыдэнт мог засунуць на задворкі Мядзьведзева. Дзейнасьць Мядзьведзева усё ж больш, чым Кабякова ў Беларусі, адпавядае пасадзе прэм’ер-міністра. У нас жа кіруе выключна адзін чалавек, а астатнія марыянэткі. Яны можа і разумныя, але ім свой розум праяўляць ніхто не дае. А гэта дужа кепска», — даводзіў сваё меркаваньне магілёвец.

Андрэй Кабякоў і Дзьмітры Мядзьведзеў сустрэнуцца ў вузкім і пашыраным складзе ў ратушы. Палац грамадзянскіх абрадаў, колішні будынак гарадзкой управы, таксама задзейнічаюць для саміту.

Расейскаму госьцю пакажуць экспазыцыю «Магілёў — ваенная сталіца Расейскай імпэрыі 1915-1917 гадоў». Цэнтральнае месца ў ёй адводзіцца апошняму расейскаму імпэратару Мікалаю другому. Расейскі самадзержац пасьля Магілёва вымушаны быў вырачыся трону, а па вяртаньні з Санкт-Пецярбургу ў Магілёў быў тут арыштаваны.

Расейскамоўныя расьцяжкі
Расейскамоўныя расьцяжкі

Задоўга да прыезду Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Магілёў некаторыя з чыноўнікаў гарвыканкаму казалі, што нібыта ёсьць распараджэньне падрыхтаваць горад да візыту, каб адчуваўся нацыянальны калярыт. За мінулы месяц на цэнтральных вуліцах гораду, аднак, беларускага дадалося няшмат. Ад урачыстасьцяў Дня перамогі засталіся на беларускай мове невялікія плякаты. Не зьнялі з будынка гарвыканкаму вялізны банэр з надпісам «Мы перамаглі». Бадай на гэтым і ўвесь нацыянальны калярыт.

Рэдкі банэр на беларускай мове
Рэдкі банэр на беларускай мове

Яшчэ ў красавіку на афіцыйным сайце Пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы адзначалася, што саміт пройдзе ў «беларускім Магілёве». Пытаньне, што ж расейскі прэм’ер пабачыць беларускага ў Магілёве, яго жыхароў бянтэжыла:

«Магілёўцы не гавораць па-беларуску, але думаюць не як Мядзьдзведзеў. Беларусы ж — не расейцы. Зразумела, апошнія падзеі ў беларусаў спарадзілі страхі наконт расейцаў. Зьявілася боязь, што зь Беларусьсю могуць зрабіць тое ж, што з Крымам, але пажывём — пабачым».

Білборд на ўезьдзе ў Магілёў. Ці зразумее яго Мядзьведзеў?
Білборд на ўезьдзе ў Магілёў. Ці зразумее яго Мядзьведзеў?

«Як ня прыкра прызнаваць, але Мядзьведзеў мала што ў Магілёве пабачыць беларускага, — выказаў меркаваньне наступны суразмоўца. — За савецкім часам у беларусаў выбілі нацыянальную самасьвядомасьць, таму адшукаць беларускае складана ня толькі ў Магілёве».

Многія апытаныя адзначалі, што ратуша, дзе адбудзецца сустрэча двух прэм’ераў, мае ўразіць расейскую дэлегацыю:

«Хіба ў расейскіх гарадах было Магдэбурскае права? — заўважыла адна з суразмоўніц. — А ў беларускіх было! І гэта наша адметнасьць».

Нямала апытаных зьвярнулі ўвагу на вялізную колькасьць вывешаных расейскіх сьцягоў. Да візыту Мядзьведзева жыхарам Магілёва столькі сьцягоў замежнай дзяржавы бачыць не даводзілася.

«Калі б у Магілёў прыехаў віцэ-прэзыдэнт ЗША, я ня думаю, што столькі б вывесілі амэрыканскіх сьцягоў, — ня стрымліваў эмоцыяў адзін з магілёўцаў. — Наагул расейскі трыкалёр у беларускім горадзе ня дужа прыемнае відовішча. Мне б дужа хацелася, каб іх у такой колькасьці больш не вывешвалі».

Засьцерагальныя абвесткі для жыхароў прылеглага да плошчы Славы дому
Засьцерагальныя абвесткі для жыхароў прылеглага да плошчы Славы дому

«Страху вялікага няма ад гэтага, — адзначыў наступны суразмоўца. — Пройдзе сустрэча, і паздымаюць сьцягі. Я да Расеі нармальна стаўлюся, але калі б іх павывешвалі назаўсёды,— гэта была б бяда. Мне ад думкі такой становіцца не па сабе».

Для жыхароў прылеглых да плошчы Славы двароў візыт Мядзьведзева запомніцца забаронаю вывешваць на бальконы адзежу і іншыя рэчы, якія «псуюць від дамоў». Такія абвесткі расклееныя ля пад’ездаў. Многія згадваюць візыты Аляксандра Лукашэнкі. Тады жыхароў папярэджвалі, каб яны не вытыркаліся з вакон. Паводле жыхароў, наведваньне гораду расейскім прэм’ерам не суправаджаецца такімі папярэджаньнямі.

За дзень да прыезду Мядзьведзева. Яшчэ не прыехаў, а стаянкі ўжо блякуюць
За дзень да прыезду Мядзьведзева. Яшчэ не прыехаў, а стаянкі ўжо блякуюць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG