Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Кіева завяла справу за рассакрэчваньне зьвестак пра журналістаў


Антон Герашчанка
Антон Герашчанка

Ва Украіне — гучны скандал, зьвязаны з разгалошваньнем асабістых дадзеных журналістаў, што некалі працавалі ў «ДНР» і «ЛНР» — самаабвешчаных рэспубліках на ўсходзе краіны.

Дакумэнты выклаў у інтэрнэт дарадца кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка. Па словах Герашчанкі, зьвесткі здабытыя групай украінскіх хакераў, аб’яднаных вакол праекту «Міратворац».

Акрамя пэрсанальных дадзеных, якія раскрываюць асобы 120 чалавек, што непасрэдна працуюць у «міністэрствах друку» самаабвешчаных рэспублік, сярод выкладзеных файлаў аказаліся таксама асабістыя дадзеныя журналістаў з розных краін, якія калі-небудзь зьвярталіся па акрэдытацыю да мясцовых уладаў.

У сьпісе — журналісты агенцтваў Reuters, Bloomberg, Сіньхуа, Associated Press, ТАСС, РИА Новости, тэлеканалаў ВПС, Russia Today, НТВ, Рэн-ТБ, TF1, «Аль Джазіра», ZDF, газеты The Independent, часопіса Paris Match і многіх іншых. Ёсьць там і беларускія журналісты. Ва ўсіх журналістаў, якія зьвярталіся па акрэдытацыю, пазначаны кантактныя дадзеныя, у тым ліку адрасы электроннай пошты і мабільныя тэлефоны.

Журналісты былі абураныя публікацыяй імёнаў і асабістых дадзеных калегаў. «У мяне ёсьць асабісты тэлефон Герашчанкі. Можа мне таксама варта яго апублікаваць?» — задае пытаньне журналіст Олівэр Кэрал з Moscow Times.

Пракуратура Кіева ў сувязі з публікацыяй базы дадзеных журналістаў, «якія нібыта атрымлівалі акрэдытацыю» у самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспубліках» распачала крымінальную справу. Як паведамляецца на сайце ведамства, апублікаваная інфармацыя прывяла «да нэгатыўных наступстваў», у прыватнасьці да пагрозаў на адрас карэспандэнтаў. Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле аб «перашкодзе законнай прафэсійнай дзейнасьці журналістаў».

Сваю занепакоенасьць выказаў Дзярждэпартамэнт ЗША, у заяве якога гаворыцца: «ЗША цалкам падтрымліваюць фундамэнтальны прынцып свабоды прэсы. Журналісты адыгрываюць крытычна важную ролю, асабліва ў краінах, дзе грамадзянскія і палітычныя правы крохкія, у зонах канфлікту, дзе ўмовы перадачы навін асабліва небясьпечныя. Таму мы занепакоеныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG