Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія высновы і чаму зрабіла афіцыйная журналістыка з блогу Віктара Марціновіча «Дэвальвацыя слова»?

Дракахруст: У апошнім «Клюбе рэдактараў», які прайшоў 8 траўня на канале «Беларусь 1», яго ўдзельнікі гаварылі пра блог пісьменьніка і журналіста Віктара Марціновіча «Дэвальвацыя слова».

Мы з вамі абмяркоўвалі гэты тэкст у «Трайным удары» на мінулым тыдні. Галоўная думка Марціновіча — «мэдыйнае слова дэвальвавалася, уладу больш не цікавіць тое, што мы пра яе думаем».

Галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч у «Клюбе рэдактараў» выказаў меркаваньне, што «Марціновіч паставіў пытаньне, але прааналізаваць яго, відавочна, ня змог». Паводле Якубовіча, на сур’ёзнае крытычнае выступленьне і «Народнай волі», і «Советской Белоруссии», і тэлебачаньня мясцовыя і цэнтральныя ўлады рэагуюць.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Рэдактар СБ паскардзіўся, што «сёньня кожны чалавек можа стварыць акаўнт, стаць блогерам і паведамляць навіны. Гэта велізарная праблема, таму што гэтыя людзі нівэліруюць інфармацыйнае поле. На фоне паўскандальнай нікчэмнай інфармацыі грамадзкасьць перастала давяраць выступам прэсы, тэлебачаньня, радыё».

Падтрымаў калегу і галоўны рэдактар штотыднёвіка «Аргументы и факты в Беларуси» Ігар Сакалоў. Паводле яго, сёньня інфармацыі стала так шмат, што спажывец не пасьпявае яе «пераварыць», павялічылася колькасьць сродкаў масавай інфармацыі, у прыватнасьці, тэлевізійных каналаў.

Словам, прадстаўнікі праўладнай прэсы адрэагавалі на папрокі на адрас улады, што яна не рэагуе на прэсу.

Так выглядае, што праблему дэвальвацыі публічнага слова адчуваюць ня толькі недзяржаўныя СМІ, але і дзяржаўныя таксама. І адзін з фактараў, пра што ўскосна сказаў Якубовіч, — гэта сапраўды зьмена мэдыйнага поля, павялічэньне колькасьці гульцоў на ім.

Я зьвярнуў увагу на тое, што Якубовіч прыгадаў у якасьці медыяў, на якія ўлада рэагуе, як сваю газэту, гэтак і «Народную Волю», а не, скажам, інтэрнэт-выданьні TUT. BY ці Naviny. by, аўдыторыя якіх значна большая, чым у «Народнай волі». Гэта і пэўная старамоднасьць, але і пэўная лінія, якая існавала і раней і пра якую апошнім часам нагадвалі і кіраўнік дзяржавы, і іншыя чыноўнікі: што інтэрнэт — рэч несур’ёзная, але адначасна і небясьпечная.

Цяпер высьвятляецца, што інтэрнэт вінаваты яшчэ і ў тым, што публіка перастае давяраць СМІ. Можна, вядома, гэтай філязофскай, можа і не пазбаўленай рацыі, канстатацыяй і абмежавацца. Але беларускай уладзе ўласьцівыя больш рашучыя падыходы. Відаць, трэба, каб давер аднавіўся, прыціснуць інтэрнэт. Не атрымаецца, хутчэй за ўсё, але паспрабаваць жа можна. Шмат крокаў ужо зроблена. Але ня выключана, што гэтыя крокі для таго, каб рэвальваваць слова, будуць зробленыя зусім не ў кірунку наданьня большай свабоды.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Вось Павал Якубовіч заявіў, што на сур’ёзнае крытычнае выступленьне і «Народнай Волі», і «Советской Белоруссии», і тэлебачаньня мясцовыя і цэнтральныя ўлады рэагуюць. Тут падвойная хітрасьць. Па-першае, Павал Ізотавіч аб’яднаў «Народную Волю» і «Советскую Белоруссию». (Цікава, што сам рэдактар называе сваю газэту менавіта «Советской Белоруссией», а не «Беларусь сегодня»). А па-другое, адзначыў, што ўлады рэагуюць на сур’ёзныя крытычныя выступленьні. Справа ў тым, што ўлады самі выбіраюць, што ёсьць сур’ёзныя матэрыялы, а што не. Напрыклад, матэрыялы «Народнай Волі» пра фальсыфікацыі выбараў яны лічаць несур’ёзнымі і на іх не рэагуюць.

Сапраўды, дывэрсыфікацыя крыніц інфармацыі стварае пэўныя праблемы для ўладаў, дзяржаўных мэдыяў. Той інфармацыйнай манаполіі, якая існавала яшчэ ў 1990-я гады, цяпер няма. Акрамя інтэрнэту, у большасьці кватэр і хатаў зьявілася шмат разнастайных тэлеканалаў. Замбаваць насельніцтва стала значна цяжэй. Тое, што стала шмат крыніц інфармацыі, зьявіліся блогеры, якія нівэлююць інфармацыйнае поле — гэта праблема ўсіх мэдыяў. Але найперш дзяржаўных мэдыяў, якія па самой сваёй прыродзе непаваротлівыя, зьвязаныя афіцыйнымі ўстаноўкамі. І ўвогуле, маючы манаполію на газэтным рынку, падтрымку дзяржавы, яны ня надта імкнуцца нешта крэатывіць. Невыпадкова палітычную барацьбу ў інтэрнэце дзяржаўныя мэдыі прайграюць.

Зь іншага боку, старшыня Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька адзначыў, што на апошнім тыдні найбольш папулярнымі тэмамі ў мэдыйнай прасторы былі бытавыя — бытавая драбяза кшталту канфлікту кіроўцы і пешахода. Але гэтая драбяза адцягвае ўвагу людзей ад палітыкі, ад сацыяльна-эканамічнага стану, што, на мой погляд, выгадна сёньня ўладам.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Бывае такая сытуацыя, што людзі з супярэчнымі поглядамі кажуць нешта, што можа быць даспадобы людзям зь іншага палітычнага лягеру. Тыя хапаюцца за гэта і выкарыстоўваюць — маўляў, глядзіце, нават апанэнты такое кажуць. Напрыклад, калі ў незалежнай дзяржаўнай прэсе даволі часта зьяўляецца крытыка апазыцыйных палітыкаў, то дзяржаўная прэса з захапленьнем гэта падхоплівае.

Так і тут. Але парадокс у тым, што ў дадзеным выпадку я магу пагадзіцца з рэдактарам дзяржаўнай газэты «Беларусь сегодня», органа Адміністрацыі прэзыдэнта, што ёсьць нейкая размытасьць мэдыяпрасторы, гэта адбываецца паўсюль. Але калі ў Амэрыцы паважаныя газэты застаюцца аўтарытэтнымі выданьнямі і ад зьяўленьня тысяч блогераў іх аўтарытэт ня зьнізіўся, то ў Беларусі адбываецца ўроўніваньне, калі чыноўнікі ня ведаюць, на што рэагаваць і якое з новых СМІ цяпер больш аўтарытэтнае.

І калі казаць менавіта зь юрыдычнага пункту гледжаньня, то ёсьць такое паняцьце, як СМІ зарэгістраваныя — і на іх, паводле беларускага заканадаўства, прадстаўнікі афіцыйнай улады, чыноўнікі абавязаныя рэагаваць. Зразумела, як і шмат якія законы ў Беларусі, гэты закон дастаткова фармальны. Але гэта дае падставы журналістам гэтых СМІ зьвяртацца па адказы, атрымліваць лісты, уступаць у перапіску і г. д.

Натуральна, што на гэта ня можа прэтэндаваць нават самы папулярны блогер. Рэакцыя на ягоныя допісы можа быць у межах добрай волі чыноўнікаў, якія вырашылі, што ягонае меркаваньне важнае і прадстаўляе нейкую масавую думку. А зь юрыдычнага пункту гледжаньня такога абавязку для іх няма.

Мы памятаем, як адрэагавалі ўлады на тое, калі віцэ-прэм’ер Калінін, мякка кажучы, нязграбна выказаўся ў эфіры тэлеканалу АНТ. Усе гэта высьмеялі, і якая была рэакцыя? За гэта пакаралі журналіста АНТ, які запісаў гэта і даў у эфір. Гэта якраз на сёньня самы яркі прыклад, як улады рэагуюць на грамадзкую думку і свабоду слова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG