Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ пра скандынаўскія грошы: Пытаньне ў тым, ці будзе падтрымка ад іншых донараў


Дзяніс Кучынскі

Дзяніс Кучынскі

Прэзыдэнт студэнцкага прадстаўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Дзяніс Кучынскі пракамэнтаваў Свабодзе сытуацыю ў сувязі з рашэньнем Паўночнай Рады больш не фінансаваць ЭГУ.

«Раней ужо гаварылася пра тое, што будзе мяняцца палітыка паўночных краінаў, у тым ліку ў сувязі з уцекачамі. Аднак на гэта ўплывае шмат чыньнікаў — ня толькі ўцекачы, а агулам уся ўнівэрсытэцкая сытуацыя. А як будзем крочыць далей, што будзем рабіць, — гэта будзе вырашана на чэрвеньскім паседжаньні кіроўнай рады ЭГУ. Я думаю, там гэта пытаньне будзе ўздымацца і разглядацца».

— Што вы маеце на ўвазе пад «унівэрсытэцкай сытуацыяй»?

— Уся нявызначанасьць з вышэйшым кіраўніцтвам унівэрсытэту, якая адбываецца цягам некалькіх апошніх гадоў, ня можа не адбіцца на рашэньні па спыненьні пэўнай падтрымкі. Таму тут некалькі фактараў. Вызначаць які больш важкі, складана. Але ўся сытуацыя нявырашаная з вышэйшым кіраўніцтвам, з эфэктыўнасьцю, са шляхам, якім крочыць унівэрсытэт, — гэта таксама магло паўплываць на такую пастанову.

— Наколькі будзе такое рашэньне адчувальным для ЭГУ?

— Вядома, будзе адчувальным, бо гэта немалыя грошы. Пытаньне ў тым, ці будзе знойдзеная іншая падтрымка ад іншых донараў, ці павялічыць падтрымку, напрыклад, Эўракамісія ці SIDА. Вось у гэтым застаецца пытаньне, бо каб ЭГУ існаваць у ранейшым варыянце, патрэбна большая фінансавая падтрымка параўнальна з тым, што ёсьць цяпер, пасьля таго, як Паўночная Рада прыняла рашэньне больш не фінансаваць унівэрсытэт. Таму паўстае вельмі вялікае пытаньне, ці здольная бягучая кіроўная рада, цяперашняе кіраўніцтва разьвязаць гэту сытуацыю. Я думаю, гэта будзе вырашацца ў чэрвені.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG