Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнты Ўкраіны і Расеі дамовіліся аб вызваленьні Саўчанкі, дэталі невядомыя — адвакат


Прэзыдэнты Ўкраіны і Расеі дамовіліся аб вызваленьні ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, аднак як і калі вызваляць украінку, пакуль невядома. Пра гэта заявіў Радыё Сабода адзін з адвакатаў Саўчанкі Марк Фейгін.

«Палітычная дамоўленасьць паміж першымі асобамі Ўкраіны і Расеі дасягнутая аб вяртаньні Саўчанка на радзіму. Але дэталі застаюцца адкрытымі — як гэта будзе зроблена і калі», — сказаў Фейгін. Паводле яго, Саўчанка і двое расейскіх вайскоўцаў могуць быць вызваленыя па розных працэдурах.

На думку Фейгіна, заява адвакаткі Ярафеева Аксаны Сакалоўскай толькі замінае працэсу абмену. Раней Сакалоўская заявіла, што сумняецца ў выкананьні пагадненьня па абмене Саўчанкі на Ярафеева і Аляксандрава, таму не выключае падачы апэляцыі на прысуд расейскім вайскоўцам, які ўступае ў сілу 23 траўня. Такім чынам, абмен можа зацягнуцца.

11 траўня адвакаты Марк Фейгін і Мікалай Полазаў наведалі ў СІЗА Надзею Саўчанку, якой споўнілася 35 гадоў.

4 траўня Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў Расеі пачала збор дакумэнтаў, неабходных для выдачы Ўкраіне зьняволенай у Расеі ўкраінкі Надзеі Саўчанкі. Яе прысудзілі да 22 гадоў пазбаўленьня волі, абвінаваціўшы, у прыватнасьці, у дачыненьні да гібелі расейскіх журналістаў на Данбасе. Саўчанка адпрэчвае ўсе абвінавачваньні.

XS
SM
MD
LG