Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар-герыятар Андрэй Ільніцкі: «Са старымі трэба гаварыць па-беларуску»


Прафэсар-герыятар Андрэй Ільніцкі

Прафэсар-герыятар Андрэй Ільніцкі

«Вельмі важна — прышчапляць беларускую мову нашым маладым дактарам. Каб яны, літаральна кажучы, маглі на адной мове размаўляць са сваімі пацыентамі. Я быў шмат дзе ў сьвеце, і магу вам сказаць, што ў геранталёгіі ў многіх краінах гэтая праблема ёсьць. Напрыклад, у Ірляндыі, на Мальце, у Бэльгіі. Там людзі сталага веку размаўляюць на адной мове, а грамадзтва — на іншай. Нашы старыя — беларускамоўныя. А ў герыятрыі, калі ідзе дыягностыка, трэба выкарыстоўваць тую мову, на якой чалавек размаўляў у маладосьці», — беларускамоўны прафэсар Андрэй Ільніцкі заснаваў Беларускае рэспубліканскае геранталягічнае грамадзкае аб’яднаньне. Доктар мэдычных навук, цяпер ён ужо пяць год працуе ў Маскве, дзе загадвае катэдрай тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай мэдыцыны ў Інстытуце падвышэньня кваліфікацыі Фэдэральнага Мэдыка-біялягічнага агенцтва.

Пра тое, як беларусам дажыць да пэнсіі і калі пачынаецца старэньне — доктар Ільніцкі распавёў у рэдакцыі Радыё Свабода.

— Апошнім часам беларусы адначасова заклапаціліся тым, што ў нас людзі ў сярэднім мала жывуць, і тым, што на пэнсію цяпер трэба выходзіць на тры гады пазьней. Што гэта за фэномэн і як нам дажыць да той самай пэнсіі?

Вялікая праблема цяпер нават не працягласьць жыцьця, а праблема працяглага якаснага жыцьця.

— Вялікая праблема цяпер нават не працягласьць жыцьця, а праблема працяглага якаснага жыцьця. Можна пражыць 70 год, а зь іх 5 год праляжаць у ложку пасьля інсульту. А можна пражыць 70 год у якасным стане, у добрым розуме, радавацца жыцьцю і радаваць сваёй асобай людзей, якія навокал.

Сучасная герыятрыя займаецца ня толькі падвышэньнем працягласьці жыцьця, бо гэта залежыць шмат ад якіх фактараў. Яна займаецца тым, каб падоўжыць час якаснага жыцьця. Гэта самае важнае.

Колькі чалавек жыве, столькі ён павінен працаваць. Паглядзіце на настаўнікаў. Яны ўсё жыцьцё чытаюць, выкладаюць, правяраюць сшыткі. Калі яны працуюць нават у сталым узросьце, гэта цікавыя і дагледжаныя людзі. Як толькі яны сканчаюць працаваць, і мы сустракаемся зь імі праз паўгода, — можна зьдзівіцца, якія зьмены адбыліся з гэтым чалавекам. Гэта менш дагледжаныя людзі, у іх звужаецца кола цікавасьцяў, запатрабаваньняў. Гэта ўжо іншая асоба, іншы чалавек.

Што тычыцца пэнсійнага ўзросту, то мушу сказаць, што год таму быў на Мальце ў інстытуце пры ААН, які вывучае праблемы старэньня. Калі мы абмяркоўвалі там узрост выхаду на пэнсію, то ўжо не засталося такіх краінаў з пэнсійным узростам, які быў у нас.

На жаль, у нашых суайчыньнікаў дагэтуль захавалася пазыцыя дзіўная — усе нам вінныя. Насамрэч мы павінны клапаціцца пра сваё здароўе, жыцьцё і несьці за гэта адказнасьць.

Ну які пэнсіянэр у 45 год? Я яшчэ разумею, калі ў савецкія часы былі ваеннаслужачыя, езьдзілі ў гарачыя кропкі і розныя кліматычныя ўмовы. Але ў сучаснай Беларусі за якія такія заслугі ў 45 год на пэнсію? Я ня думаю, што нават участковы тэрапэўт менш цяжка працуе, чым чалавек з такой ільготнай катэгорыі. Гэта яшчэ савецкая спадчына, ад яе трэба вызваляцца як мага хутчэй.

На жаль, у нашых суайчыньнікаў дагэтуль захавалася пазыцыя дзіўная — усе нам вінныя. Насамрэч мы павінны клапаціцца пра сваё здароўе, жыцьцё і несьці за гэта адказнасьць.

— Чаму ўсё ж беларусы так жахліва мала жывуць? Чарнобыль? Няякасныя прадукты? Алькагалізм? Якія з гэтых фактараў вам падаюцца найбольш драматычнымі?

— У гэтай частцы Эўропы працягласьць жыцьця прыкладна аднолькавая, я маю на ўвазе Ўкраіну, Расею і Беларусь. Гэта комплекс фактараў — і культура паводзін, і здаровы лад жыцьця. І хаця б такая простая рэч, як сачыць за сваім здароўем, у час наведваць дактароў. Ёсьць такое захворваньне — цукровы дыябэт. Выявілася, што працягласьць жыцьця людзей, якія маюць цукровы дыябэт другога тыпу, значна большая, чым звычайнага чалавека. Здавалася б, чаму? У чалавека цяжкае захворваньне, якое часта дае ўскладненьні, а жыве ён даўжэй. Аказваецца, такі чалавек жыве пад пільнай увагай сыстэмы аховы здароўя. Ён наведвае доктара, хаця б для таго, каб выпісаць пілюлі.

А я вельмі часта назіраю сытуацыю: пакуль чалавек ня будзе мець сур’ёзнае захворваньне, ён ня будзе зьвяртацца па мэдычную дапамогу.

Прайдзіце па Менску і запытайце ў саракагадовых людзей — колькі зь іх ведае ўзровень свайго халестэрыну? Колькі зь іх ведае, які неабходны ўзровень фізычнай актыўнасьці? І гэтак далей. Хто сочыць пільна за сваім здароўем?

Нашых людзей трэба вучыць, як паводзіць сябе так, каб жыць доўга. Гэта элемэнт культуры.

— Давайце тады раскажам, як гэта — жыць доўга.

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя патрабуе мінімальны ўзровень фізычнай актыўнасьці — бег, хаджэньне пехатою, праца на гародзе, заняткі ў фітнэс-клюбе, басэйн — мінімум 150 хвілін штотыднёва.

— Калі ў некалькіх словах, то, канечне, фізычная актыўнасьць. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя патрабуе мінімальны ўзровень фізычнай актыўнасьці — бег, хаджэньне пехатою, праца на гародзе, заняткі ў фітнэс-клюбе, басэйн — мінімум 150 хвілін штотыднёва. Абавязкова два разы на тыдзень патрэбныя практыкаваньні для мышц рук. Асабліва для людзей старэйшага ўзросту, бо гэта прафіляктыка такога стану, як саркапэнія — узроставыя зьмены мышцаў, калі яны робяцца больш млявымі, слабымі, ня так слухаюцца чалавека, як у маладыя гады.

Што да харчаваньня, то пачніце хаця б з таго, каб штодзённа спажываць 400 грам хрумсткай садавіны і гародніны чырвонага, жоўтага і сіняга колераў. Менавіта ў ёй вітаміны і мікраэлемэнты, якія неабходныя для нармальнай жыцьцядзейнасьці. Канечне, трэба кінуць курыць і зьнізіць ужываньне алькаголю. Вельмі важна дастаткова піць, асабліва пасьля 60–65 год. Цяпер мы не абмяжоўваем нашых старых у вадкасьці і раім ім піць больш. Катэгарычна забаронена адчуваць пачуцьцё смагі для сталых. Такім чынам, вельмі простыя парады, і іх проста выконваць.

І, канечне, трэба імкнуцца не сварыцца са сваімі блізкімі. Прымаць жыцьцё такім, якое яно ёсьць. А калі вам нешта не падабаецца — мяняйце гэта.

Як чалавек жыве, так ён і старэе. Ёсьць людзі-аптымісты. Яны і ў старасьці аптымісты, і падтрымліваюць усіх навокал. Такіх старых мы шукаем, раімся па нейкіх пытаньнях, шукаем у іх спагады.

— Што такое старасьць і калі яна пачынаецца? Мы ж нават старых і малых вылучаем асобна — нібыта гэтыя ўзроставыя катэгорыі адрозныя ад «нармальнага дарослага чалавека». Ці сапраўды старыя патрабуюць адмысловага падыходу?

Асноўны дэвіз сучаснай геранталёгіі можна адным словам азначыць — годнасьць. Чалавек павінен мець годнасьць нават у сталым узросьце.

— Асноўны дэвіз сучаснай геранталёгіі можна адным словам азначыць — годнасьць. Чалавек павінен мець годнасьць нават у сталым узросьце. Мэдычная дапамога людзям сталага ўзросту павінна быць накіраваная перш за ўсё на прафіляктыку і лячэньне сындрому старэчай астэніі.

У старога чалавека наступае дэпрэсія. У яго зьяўляюцца цяжкасьці ў руху. Яму цяжка даглядаць самога сябе. Мэта геранталёгіі як навукі — у тым, каб дапамагчы такому чалавеку захаваць аўтаномію, незалежнасьць у штодзённым жыцьці.

Самы пік фізычнага разьвіцьця чалавека прыпадае на 25 год. Пра сацыяльны бок не кажу, бо некаторыя і ў 40 год працягваюць «гуляць у цацкі» — гэта ў кожнага па-рознаму. І пасьля 25 год чалавек ужо пачынае старэць. А першыя прыкметы старэньня могуць зьяўляцца нават у 40 год. Напрыклад, калі мы пасьля цяжкай працы мы шукаем акуляры, а яны на ілбе. Гэта дабраякасная ўзроставая забыўлівасьць, як мы кажам. Прафіляктыка і клопат пра ўдалае старэньне павінна пачынацца каля 40 год.

У нас яшчэ такое грамадзтва спэцыфічнае, якое жыве ў палоне гламуру. Паглядзіце нашы тэлеканалы — там адны маладыя твары. Яны жывуць у нейкіх неверагодных кватэрах, езьдзяць на прыгожых машынах. А заходняе грамадзтва перабудавалася. Шмат касмэталягічных фірмаў абралі сваімі «тварамі» актораў сталага ўзросту. Якраз гэта прапаганда прыгожага, але рэальнага старэньня. Я калі іду, асабліва ў Маскве, бачу шмат твараў, па якіх відаць, што там выкарыстоўваўся ботакс і гэтак далей. Хоць нашмат больш натуральна выглядаць спартова, хадзіць у фітнэс-клюб і добра харчавацца. А твар ужо «прыстасуецца». Гэта больш разумны варыянт старэньня. Але гэта пытаньне сацыяльнай моды.

Прыгожае старэньне — гэта не ліквідаваць зморшчыны ботаксам, а здаровы лад жыцьця. Гэта больш прагматычна і больш прывабна.

Прыгожае старэньне — гэта не ліквідаваць зморшчыны ботаксам, а здаровы лад жыцьця. Гэта больш прагматычна і больш прывабна.

САЗ у 2015 годзе прыняла новую канцэпцыю — здаровага старэньня. Гэта старэньне з хваробамі, але ў такіх умовах, калі стан чалавека з хваробамі карэгуецца, і ён функцыянуе так, як чалавек без хваробаў. Нашаму грамадзтву ў сэнсе правільнага старэньня «бяз казак» яшчэ трэба прасунуцца.

— Ці ўласьцівае беларусам доўгажыхарства?

— Ёсьць так званыя «блакітныя зоны», у якіх сапраўды шмат доўгажыхароў. Але бывае шмат памылак у дакумэнтах. Дата нараджэньня выстаўляецца «па словах», і такое «доўгажыхарства» можа быць проста дэфэктам перапісу насельніцтва.

Біялягічныя рэзэрвы жыцьця чалавека складаюць 120 гадоў. Лічыцца, што далей чалавек ужо ня можа існаваць. А доўгажыхар — гэта чалавек, які пражыў 90 год і болей. У Беларусі колькасьць доўгажыхароў такая ж, як у нашай геаграфічнай зоне.

— Наша традыцыйная беларуская кухня спрыяе доўгажыхарству?

— На жаль, не. Шмат тлушчу, вугляводаў. Адмаўляцца ад традыцыйнай ежы ня трэба, але абавязкова дапаўняць яе здаровымі прадуктамі.

— Як вы ставіцеся да так званых «дамоў састарэлых», якія вельмі распаўсюджаныя на Захадзе і ў ЗША і лічацца абсалютна нармальнай зьявай? Людзі нават плянуюць сваё жыцьцё так, каб у іх хапіла грошай на пражываньне ў такіх умовах. А ў Беларусі гэта лічыцца чымсьці ганебным і ледзьве не жыцьцёвай паразай.

— Я хачу вам адказна сказаць, што ў Беларусі такія інтэрнаты на добрым узроўні. Мы шмат вандруем па сьвеце, і глядзім, і бачым, і спрабуем укараніць замежны досьвед у Беларусі. У нашага грамадзкага таварыства разам зь Міністэрствам працы і рэгіянальнымі органамі ўлады ёсьць праект, у якім мы ўдасканальваем умовы жыцьця людзей у такіх дамах-інтэрнатах. У Беларусі ў гэтым сэнсе ўсё добра.

Па-першае, і ўзровень догляду менш якасны, чым ён бы меў у спэцыялізаванай установе. А па-другое, чалавек, які глядзіць за такім сваяком, ужо ня ўдзельнічае актыўна ў сацыяльным жыцьці.

Што да стаўленьня, то гэта залежыць ад чалавека. Людзі, якія былі ў шлюбе, цяжэй прызвычайваюцца да жыцьця ва ўмовах дамоў-інтэрнатаў. Гэтаксама і людзі, якія былі пры ўладзе, які дасягнулі пэўнай высокай ступені жыцьця, для іх жыць «у багадзельні» — гэта жыцьцёвая параза. А людзі адзінокія, наадварот, да гэтага добра ставяцца. Гэта залежыць ад чалавека.

Часам нашыя сем’і дапускаюць памылку — «што скажа цёця Валя»? І маладыя сем’і займаюцца старым чалавекам, які мае хваробу. Па-першае, і ўзровень догляду менш якасны, чым ён бы меў у спэцыялізаванай установе. А па-другое, чалавек, які глядзіць за такім сваяком, ужо ня ўдзельнічае актыўна ў сацыяльным жыцьці. Таму цяпер у заходніх грамадзтвах — і ў нас прагрэсіўныя людзі — лічаць інакш. Лічаць, што трэба працаваць, зарабляць грошы і аддаваць частку гэтых грошай за знаходжаньне свайго сваяка ў спэцыялізаванай установе. Мне гэты падыход здаецца больш прагматычным.

— Спадар Андрэй, а як беларускамоўнага доктара забрала ў нас Масква?

— Так склалася, што я абараніў доктарскую дысэртацыю ў Санкт-Пецярбурскім інстытуце біярэгуляцыі і геранталёгіі. Належу да Пецярбурскай геранталягічнай школы. Кіраўнік гэтага інстытуту і мой навуковы кіраўнік Хавінсон Уладзімер Хацкелевіч, вядомы герыятар, быў прэзыдэнтам Эўрапейскага аддзяленьня Міжнароднай арганізацыі геранталёгіі і герыятрыі, сам зь Менску. І заўсёды гэта падкрэсьлівае.

А ў Пецярбургу вучыўся яшчэ выбітны навуковец, які ўзрос на беларускай глебе і шмат чаго зрабіў тут. Гэта акадэмік Васіль Купрэвіч. Ён узначальваў Акадэмію навук Беларусі (1952–1969. — РС.) і стварыў першы ў СССР сэктар па вывучэньні геранталёгіі ў АН Беларусі. Сябраваў са многімі дзеячамі культуры. Напрыклад, з Кандратам Крапівой. І кажуць, што ягоныя ідэі натхнілі Крапіву на напісаньне вядомай п’есы «Брама неўміручасьці».

У Беларусі такой навуковай спэцыяльнасьці практычна няма. А ў Маскве я загадваю катэдрай. Разам са сваім калегам і паплечнікам Кірылам Прашчаевым, доктарам навук, прафэсарам, мы арганізавалі навукова-дасьледчы цэнтар «Геранталёгія».

Пра Беларусь ведаюць у прафэсійнай супольнасьці. Было гэта няпроста, але мы ўсюды прасоўваем ідэю Беларусі ў сьвеце.

Беларускае геранталягічнае таварыства, якое мы арганізавалі, прынята ў склад Міжнароднай арганізацыі геранталёгіі і герыятрыі. У ёй каля 80 краінаў, і мне здаецца, што гэта вельмі важна. Пра Беларусь ведаюць у прафэсійнай супольнасьці. Было гэта няпроста, але мы ўсюды прасоўваем ідэю Беларусі ў сьвеце. Мы ўпершыню апісалі сындром узроставай кісьці і арганізавалі міжнародны сымпозіюм у Дубліне пад эгідай нашага беларускага таварыства.

Беларусь — гэта важна. Кожны чалавек можа працаваць для бацькаўшчыны па-рознаму. І мы гэта робім.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG