Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі мясакамбінат звальняе з працы сястру героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага


Натальля Жызьнеўская апошнія шэсьць гадоў працуе ў каўбасным цэху ААТ «Гомельскі мясакамбінат» апрацоўшчыцай ёмістасьцяў і тары.

У той жа час вучыцца завочна на біялягічным факультэце Гомельскага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны.

«Перад Днём Перамогі, калі раніцай пасьля начной зьмены я сыходзіла з камбінату, — апавяла Натальля Жызьнеўская, — супрацоўніца аддзелу кадраў уручыла мне пад подпіс паведамленьне, што 12 чэрвеня мой працоўны кантракт заканчваецца і падоўжаны больш ня будзе. Я, канечне, пацікавілася наконт прычыны звальненьня. Мне патлумачылі, што прэтэнзіяў да мяне з боку дырэкцыі і аддзелу кадраў няма. Супраць працягу кантракту — новая начальніца нашага каўбаснага цэху Ірына Шаўчэнка. Існуе, я думаю, нейкая непрыязь да мяне, відаць, з-за брата, бо ніякіх адміністрацыйных спагнаньняў ці штрафаў я ня маю. І да маіх рук у цэху ніколі нічога не прыліпала — я пра гэта нават і думаць не магла».

Начальніца цэху Ірына Шаўчэнка цяпер у адпачынку — зьвязацца зь ёю няма магчымасьці. У аддзеле кадраў мясакамбінату пацьвердзілі, што менавіта начальніца цэху незадаволеная, маўляў, марудлівасьцю Натальлі, а часам і якасьцю апрацоўкі тары. Але гэта, падкрэсьлілі ў аддзеле кадраў, аніяк не зьвязана з тым, што брат Натальлі быў актыўным удзельнікам украінскага Майдану.

«Пра брата Натальлі, які загінуў у Кіеве на Майдане, кіраўніцтву наагул нічога не вядома», — кажуць у аддзеле кадраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG