Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Для паўаўтаматычнай ідэнтыфікацыі астэроідаў пяцёра менчукоў хочуць выкарыстаць своеасаблівы «адбітак пальца» астэроіда — крывую бляску. Гэта дапаможа абараніць Зямлю ад імавернай касьмічнай катастрофы.

Праект пяцёх менчукоў «Wake up NEO...» выйшаў у паўфінал міжнароднага гакатону NASA Space Apps Challenge 2016. Апынуўшыся ў міжнародным топе праектаў, ён цяпер мае шанцы на перамогу. Аўтараў можна падтрымаць у галасаваньні наведнікаў на сайце праекту.

Распрацоўка зьвязаная з машынным навучаньнем для паўаўтаматычнага пошуку, распазнаньня і кваліфікаваньня калязямных астэроідаў, у тым ліку небясьпечных для Зямлі, па іх крывой бляску — па тым, як зьмяняецца іх бляск (зорная велічыня) у часе. Такая крывая ўнікальная для кожнага астэроіда, як адбітак пальцаў для людзей. Аўтары спадзяюцца, што яна дазволіць і пазнаць «страчаныя», раней вядомыя астэроіды.

Гакатон NASA — імпрэза, на якой за кароткі тэрмін (звычайна адзін ці некалькі дзён, гэтым разам — два дні) каманды праграмістаў і інжынэраў рэалізуюць новы праект да пэўнага этапу. У Менску ён прайшоў упершыню. Фактычна, на ім і пазнаёмілася каманда, у якую ўвайшлі праграмісты, інжынэры, адзін студэнт і адзін астраном, загадчык Менскага плянэтарыя Аляксандар Мікуліч.

«Галоўны прыз — гэта магчымасьць папрысутнічаць на запуску ракеты з мысу Канавэрал, — тлумачыць Свабодзе Мікуліч. — Пра фінансавую падтрымку NASA пакуль гаворкі не ідзе. Але мы спадзяемся, што яны прынамсі зацікавяцца нашымі ідэямі, а мы атрымаем прынамсі прафэсійную ацэнку нашай працы і працягнем яе далей».

База зьвестак крывых бляску, паводле якіх менчукі хочуць пазнаваць астэроіды, пакуль ня надта вялікая, але аўтары ідэі вераць, што яе можна напоўніць да дастатковага ўзроўню — і клясыфікаваць астэроіды менавіта паводле гэтай характарыстыкі. Такога, кажа Мікуліч, яшчэ проста ніхто не рабіў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG