Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бацькоў Скрабца канфіскавалі тэлевізар


Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

Маці былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў і былога палітвязьня Сяргея Скрабца адмовілі ў яе просьбе выкупіць уласны тэлевізар. Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў Сяргей Скрабец:

«Маці атрымала афіцыйны адказ ад судовага выканаўцы зь Першамайскага раёну Менску Марыі Алісевіч. У дакумэнце напісана, што яе просьбу выкупіць тэлевізар „Самсунг“, які 5 гадоў таму набылі мае бацькі за свае пэнсіі, выканаць няможна.

Згодна са зьменамі заканадаўства судовыя выканаўцы цяпер самі маюць права вырашаць, ці даць першае права выкупу маёмасьці людзям, у якіх яе канфіскавалі, ці адмовіць. Маёй маці адмовілі на той падставе, што не яна адказьнік у справе, а я.

Я штомесяц выплачваю завінавачанасьць „Беларусбанку“ за крэдыт, які там атрымаў, калі яшчэ займаўся бізнэсам. І пакуль я актыўна не займаюся палітыкай, ніхто мяне не чапае. Пра гэта сьведчаць наступныя факты. Апошні раз судовыя чыноўнікі прыйшлі неўзабаве пасьля таго, як я публічна абвясьціў пра свой удзел у сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў. Папярэдні раз яны прыходзілі летась, калі я ўдзельнічаў у выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі Віктара Цярэшчанкі. А перад гэтым былі ў 2013 годзе, адразу пасьля таго, як я выступіў у Ерэване на паседжаньні Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу з рэзкай крытыкай уладаў Беларусі».

Пасьля арышту Сяргея Скрабца ў 2005 годзе праваахоўныя органы апісалі маёмасьць — яго, ягонага брата Аляксандра і ягоных бацькоў.

Сяргей Скрабец быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня Нацыянальнага сходу Беларусі (2000–2004 гады). Некаторы час узначальваў нефармальную дэпутацкую групу «Рэспубліка». Летам 2004 году разам з дэпутатамі з гэтай групы Ўладзімерам Парфяновічам і Валерам Фраловым правялі галадоўку пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі і супраць унясеньня паправак у выбарчае заканадаўства. Дэпутаты таксама патрабавалі вызваліць палітвязьня Міхаіла Марыніча. Скрабец быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту, прымеркаванай да 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Пасьля затрыманьня ў траўні 2005 году Скрабца зьвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў і ў лютым 2006-га асудзілі на два з паловай гады.

Рашэньнем пракуратуры яго амніставалі на год і вызвалілі 15 лістапада 2006 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG