Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяпер у вёсцы за ваду таксама трэба плаціць...»


Жыхар Гожы гэтак возіць ваду дахаты

Жыхар Гожы гэтак возіць ваду дахаты

У вёсцы Гожа Гарадзенскага раёна камунальшчыкі пачалі закрываць водаправодныя калёнкі, зь якіх бралі ваду жыхары суседніх дамоў. Многія вяскоўцы, асабліва пэнсіянэры, якія ня маюць выгодаў у прыватных дамах, могуць застацца зусім без вады.

Першы, каго я сустрэў у Гожы — пэнсіянэр Станіслаў. Дарэчы, удзельнік Другой сусьветнай вайны. Якраз цягнуў на вазку з рэчкі флягу вады. У ягонай хаце водаправод нібыта і ёсьць, але карыстацца ім няма як:

— У мяне згнілі трубы, а другая палова дому, пад якой яны праходзяць, належыць прыежджай сям’і, і мой сын не дае рады зь імі ніяк дамовіцца, каб зрабіць рамонт гэтых трубаў. Нічога ня хочуць слухаць. Вось сын возіць мне ваду, а то і сам ежджу да рэчкі і важу вазком. А ў калодзежах вада зьнікла, няма вады ўжо даўно. А ў мяне ж і гарод ёсьць, і на іншыя патрэбы вада ідзе.

Да нашае размовы далучаецца спадар з суседняе вуліцы. Ён распавядае, што з вадой у вёсцы вялікія праблемы. Паказвае, што ў ягоным гародзе заглушылі калёнку, зь якое бралі ваду многія суседзі.

Заглушаная водаправодная калёнка

Заглушаная водаправодная калёнка

— Самае цікавае, што камунальшчыкі, якія абслугоўвалі нашыя калёнкі, заглушылі іх, нават не патлумачыўшы, зь якой прычыны гэта зрабілі. Проста прыяжджаюць у адзін дзень, глушаць — і ўсё. Ніхто да нас не прыходзіў, нічога не тлумачыў. Я штомесяц плаціў 79 тысяч за калёнку, але гэта, відаць, нікога не цікавіла. Спрабавалі мы тут датэлефанавацца да іх начальства, але безвынікова. Але людзі вельмі абураныя. Мы ўжо тут вырашылі, што ўсе разам будзем пісаць ліст у пракуратуру.

Да размовы далучаецца спадарыня. Кажа, што чула, нібыта адключаюць за перарасход вады — маўляў, людзі зашмат спажываюць.

Воданапорная вежа ў Гожы

Воданапорная вежа ў Гожы

— А я ўжо казала — хай глядзяць, калі з воданапорнай вежы гэтая вада па некалькі дзён запар цячэ і ніхто яе не адключае, каб яна дарэмна не цякла. А потым гэтую вылітую ваду раскідаюць на ўсіх нас, і мы плацім. Няўжо нас у вёсцы ўжо і вадой абмяжуюць? Зразумела, што нам вады трэба нямала, бо мы ж на вёсцы жывём, у нас гароды, іх трэба паліваць — ну, а як інакш? Мы тут так заўсёды жылі. А цяпер узялі і заглушылі калёнкі — маўляў, набірайце з кранаў. Але чым плаціць за яе? Мы столькі не зарабляем.

Спадар кажа, што ў яго вада ў хату падведзеная, але ў некаторых пэнсіянэраў на ягонай вуліцы — не. Ёсьць калодзежы, але там, кажа, вада ня увесь час, асабліва ўлетку высыхае. Ягоная суседка дадае:

Каталіцкі касьцёл у Гожы

Каталіцкі касьцёл у Гожы

— Ведаеце, а ў нас з калодзежа, нават калі ёсьць вада, то яе піць немагчыма, хіба што толькі як нешта мыць ці гарод паліваць. Бо яна дрэнная, на чайніку і на каструлях такі накіп застаецца, што немагчыма.

Суразмоўцы прапаноўваюць праехаць яшчэ на адну вуліцу, дзе жывуць пэнсіянэры. Кажуць, што там, калі заглушаць калёнку, людзі могуць застацца зусім без вады. Гаспадыня, у чыім двары калёнка яшчэ працуе, распавядае, што напярэдадні сьвятаў прыяжджалі рамонтнікі і абяцалі заглушыць калёнку.

— Я ня ведаю, навошта яны гэта робяць. Я прасіла, каб пакінулі, каб заключылі са мною дамову — я згодная плаціць за ваду. Але мне нават нічога не адказваюць. А ў маім калодзежы ўжо і цяпер вады няма, бо ў нас тут побач капалі кар’еры і вада зьнікла. Як будзем жыць — не ўяўляю. Я цяпер нават гэтую ваду з калёнкі стаўлю ў сагане на печку, кіпячу і толькі потым яе п’ем ці есьці варым, бо інакш яе ўжываць нельга.

Праваслаўная царква ў Гожы

Праваслаўная царква ў Гожы

У суседнім доме жывуць таксама пэнсіянэры. Водаправоду няма, і яны вельмі хвалююцца. Няма нават калодзежа — і куды хадзіць па ваду?

Цікаўлюся — ці хадзілі скардзіцца да начальства, у сельсавет? У адказ толькі махаюць рукамі. Спадарыня кажа, што гэта бяз сэнсу:

— Да каго хадзіць скардзіцца? Тут з раённай газэты прыяжджалі і крытыкавалі начальства, што ў нас па вуліцы нельга праехаць. То потым старшыня сельсавету прыбягаў да мяне і патрабаваў, каб я яму распавяла, што карэспандэнтам сказала. Яны колькі жывуць, то толькі за сябе хвалююцца, пра нас ніхто ня думае. А ў мяне ўжо няма грошай, каб калодзеж сабе выкапаць, бо на пэнсію ледзь выжываем.

Кіраўнік раённай камунальнай гаспадаркі Андрэй Каяч пацьвердзіў Свабодзе, што калёнкі ў Гожы насамрэч адключаюць. І патлумачыў гэта тым, што гаспадарка мае вялікі перарасход вады.

— У нас вялікія страты ад таго, што водаправодныя сеткі ў абы-якім стане, такія нам перадалі на балянс. А сродкаў на іх рамонт сёлета мы амаль зусім не атрымалі ў сувязі са складаным фінансавым становішчам. Канечне, мы імкнёмся рамантаваць, але пакуль гэта робім, то вельмі шмат вады працякае. А некаторыя людзі маюць ваду падведзеную ў хатах і яшчэ падключалі шлянг да калёнкі, каб паліваць гароды. А гэта, на маю думку, зашмат. У наш час за ўсё трэба плаціць.

Карэспандэнт: "А што будзе з тымі калёнкамі, дзе ў людзей не падведзена вада ў хату і няма калодзежаў, або ў калодзежах высыхае вада?

— Там, дзе няма калодзежаў, заглушаць калёнкі ня будзем. Дарэчы, цяпер ёсьць магчымасьць на пару дамоў прабурыць сьвідравіну і карыстацца вадою. У нашай раённай газэце шмат аб’яваў, фірмы прапаноўваюць бурыць сьвідравіны, няхай робяць. Мы яшчэ заўважылі, што з многіх калёнак ваду набіралі дачнікі, а за яе ніхто не плаціў. А бясплатнага цяпер нічога няма. Наагул у вобласьці існуе цэлая праграма па закрыцьці водаправодных калёнак, і яе прыдумаў ня я.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG