Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ствараючы сям’ю, беларусы сталі больш арыентавацца на эўрапейскія ўзоры, — экспэрт


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі 11 траўня абнародаваў дадзеныя, якія характарызуюць стан сямейных дачыненьняў у краіне.

Яны прымеркаваныя да Міжнароднага дня сям’і, які адзначаецца 15 траўня.

Белстат у прыватнасьці зазначае, што «аб умацаваньні шлюбна-сямейных адносін сьведчыць павелічэньне нараджэньня дзяцей у жанчын, якія знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе. У 2015 годзе нарадзілася 119 028 дзяцей, і пераважная большасьць зь іх — у зарэгістраваным шлюбе (86,2%).

У краіне адзначаецца рост паўторных нараджэньняў. Доля дзяцей, народжаных другімі, у агульнай колькасьці народжаных павялічылася з 36,1% у 2010 годзе да 40,4% у 2015, трэцімі і наступнымі — з 11,6% да 16,8%».

Камэнтуючы дадзеныя Белстату для Свабоды, старшыня праўленьня міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» Ірына Альхоўка зазначыла:

Ірына Альхоўка

Ірына Альхоўка

«Можна пагадзіцца зь цьверджаньнем афіцыйных статыстыкаў, што нашы маладыя людзі больш сьвядома сталі зьвязваць сябе вузамі шлюбу. Узрост уступленьня ў шлюб зьмяняецца ў бок павелічэньня. Так, летась сярэдні ўзрост уступленьня ў першы шлюб у жанчын склаў 25,5 года, у мужчын — 27,5 года. А ў 2010 годзе адпаведныя лічбы былі 24,4 і 26,5.

Падвышэньне шлюбнага ўзросту — гэта агульнаэўрапейская тэндэнцыя. І мы тут не выключэньне. Людзі спачатку хочуць атрымаць адукацыю, стварыць матэрыяльную базу для сямейнага жыцьця.

Часам, асабліва ад старэйшых, можна пачуць: больш сталы шлюбны ўзрост зьвязаны з тым, што ў нас губляюцца такія каштоўнасьці, як шлюб і сям’я. Гэта ня так. Проста сям’я ў Беларусі відазьмяняецца. Гэта аб’ектыўны працэс, але з-за яго неразуменьня памылкова ў нэгатыўным тоне кажуць: цяпер сем’і не такія, якія былі раней. А яны і сапраўды не такія. У нас ужо практычна няма шматпакаленчых сямей. Сям’ю, у якой разам жывуць аж тры пакаленьні, цяпер амаль не знойдзеш. Чаму? Таму што цяпер вырашыць кватэрнае пытаньне значна лягчэй, чым пры савецкай уладзе.

Ёсьць і яшчэ адна тэндэнцыя, пра якую нельга не сказаць. У горадзе людзі пазьней уступаюць у шлюб і ў іх нараджаецца меней дзяцей. У вёсцы — наадварот. І гэта зноў жа агульнаэўрапейская тэндэнцыя.

Асобна ў Эўропе стаіць Швэцыя, дзе сямейная палітыка вельмі добра спалучаецца з гендэрнай. Там шмат хто хоча мець трое, чацьвёра і болей дзяцей. Бо, па-першае, бацькі дзеляць адпачынак па доглядзе за дзецьмі. Па-другое, ёсьць гнуткія формы занятасьці, калі жанчына і дзіця гадуе, і рынак працы не пакідае.

У нас жа тры дэкрэтныя гады для жанчын — гэта значнае выпадзеньне з прафэсійнай дзейнасьці. У Беларусі невысокая якасьць абслугоўваньня ў дашкольных установах. І таму многія жанчыны робяць выбар на карысьць таго, каб заставацца дома і самім выхоўваць дзяцей».

XS
SM
MD
LG