Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 адрозьненьняў палітычных рэжымаў Беларусі і Туркмэністану


Гурбангулы Бердымухамедаў і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Гурбангулы Бердымухамедаў і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Сёньня пачынаецца візыт у Менск прэзыдэнта Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдава, падчас якога ён правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Свабода прааналізавала найбольш відавочныя адрозьненьні паміж палітычнымі рэжымамі Беларусі і Туркмэністану.

І Беларусь, і Туркмэністан лічацца недэмакратычнымі краінамі з аўтарытарным рэжымам кіраваньня.

Аляксандар Лукашэнка кіруе краінай ужо 22 гады. Сапармурат Ніязаў (Туркмэнбашы) быў прызнаны пажыцьцёвым прэзыдэнтам, ён кіраваў краінай з 1990 да 2006 году. Па яго сьмерці прэзыдэнтам стаў Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, які кіруе Туркмэністанам ужо 10 гадоў. Было абʼяўлена, што на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах за яго прагаласавала 97,14% выбарцаў.

Як сьцьвярджаюць міжнародныя арганізацыі, у абедзьвюх краінах рэгулярна зьяўляюцца новыя палітвязьні, існуюць сур’ёзныя праблемы са свабодай слова, СМІ і сходаў.

Але паміж палітычнымі рэжымамі існуюць і адрозьненьні.

1. Культ асобы

Для палітычнай сыстэмы Туркмэністану характэрны моцны культ асобы кіраўніка дзяржавы.

У гонар Ніязава былі названыя горад Туркмэнбашы, значная колькасьць вуліц, заводаў, калгасаў і школ, а таксама самая высокая горная вяршыня Туркмэністану. Падчас праўленьня Ніязава па ўсёй краіне яму было ўстаноўлена больш за 14 тысяч помнікаў і бюстаў. Зьявілася нават некалькі залатых статуй, у тым ліку вялізарная 14-мэтровая статуя ў Ашхабадзе. Партрэт Ніязава друкаваўся на ўпакоўках прамысловых і харчовых тавараў, на бутэльках з гарэлкай і каньяком і г.д. Школьнікі пачыналі раніцу з клятвы на вернасьць Туркмэнбашы.

Пасьля сьмерці Ніязава ягоны культ асобы пайшоў на спад і пачаў стварацца культ асобы новага лідэра краіны — Гурбангулы Бердымухамэдава. Ён атрымаў неафіцыйныя тытулы «Лідэр нацыі» і «Заступнік» («Аркадаг»). Да яго 50-годзьдзя, Цэнтрабанк краіны адчаканіў залатыя і сярэбраныя юбілейныя манэты, на авэрсе якіх намаляваны партрэт Бердымухамэдава.

У траўні 2015 году ў Ашхабадзе адбылося ўрачыстае адкрыцьцё першай статуі Бердымухамэдава, якая ўяўляе сабой бронзавую конную статую прэзыдэнта вышынёй 21 мэтар, пакрытую 24-каратным золатам. Таксама ў 2015 годзе новаму парку ў цэнтры Ашхабада было прысвоена назва «Аркадаг».

У Беларусі, нягледзячы на тое, што Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ўжо 21 год, падобнага культу асобы кіраўніка дзяржавы не назіраецца. Дагэтуль у краіне не існуе помнікаў першаму прэзыдэнту, у яго імя не называюць гарады, заводы ці школы.

2. Моўная палітыка

Туркмэнская мова зьяўляецца адзінай дзяржаўнай у Туркмэністане і менавіта на гэтай мове размаўляе кіраўніцтва краіны.

У Туркмэністане, па апошніх дадзеных, пражывае каля 3,5% этнічных расейцаў. Колькасьць расейскамоўных ці дзьвюхмоўных ацэньваецца прыкладна ў 12%. Паводле розных зьвестак, больш за палову насельніцтва Туркмэністану расейскай мовы ня ведаюць наагул. Уся пісьменнасьць у краіне пераведзеная на лацінку.

У Беларусі, паводле дадзеных перапісу 2009 году, расейская мова зьяўляецца роднай для 41,5% беларусаў, а размаўляюць на ёй — 70,2 % грамадзян.

3. Дзяржаўная ідэалёгія і стаўленьне да гісторыі

У адрозьненьні ад Беларусі, дзе дзяржава робіць стаўку на пераемнасьць савецкага мінулага, асабліва важнае значэньне адводзячы пэрыяду другой сусьветнай вайны, у Туркмэністане дзяржаўная ідэялёгія зьвяртаецца перш за ўсё да гераічных старажытных старонак гісторыі свайго народу.

У Туркмэністане даказваецца, што туркмэны зьяўляюцца найстаражытнейшым народам, зьвяртаючыся да гісторыі іранскай цывілізацыі і пераносячы свае вытокі ў другое тысячагодзьдзе да нашай эры. Гады знаходжаньня цяперашняга Туркмэністану ў складзе Расейскай імпэрыі і Савецкага Саюзу ацэньваюцца вельмі нэгатыўна. Для ідэалёгіі краіны характэрны «туркмэнацэнтрызм», сьцьвярджэньне, што туркмэны — вялікая нацыя, якая аказала значны ўплыў на сусьветную цывілізацыю.

Помнік «Рухнаме» ў Ашхабадзе

Помнік «Рухнаме» ў Ашхабадзе

Асновай ідэалёгіі Туркмэністану зьяўляецца кніга Туркмэнбашы «Рухнама», якая ў эпоху Ніязава ставілася на адным узроўні з Каранам. На прадмет знаёмства зь ёй прымушалі здаваць іспыты ў ВНУ і вывучаць яе як асноўны прадмет.

4. Партыйная сыстэма

У адрозьненьне ад Беларусі, у Туркмэністане з 1991 па 2012 год існавала толькі адна палітычная партыя — Дэмакратычная партыя Туркмэністану. Гэта кіроўная партыя ў краіне, да якой дзяржаўныя лідэры маюць непасрэднае дачыненьне: Дэмакратычную партыю спачатку ўзначальваў Ніязаў, а пасьля яго сьмерці — Бердымухамэдаў.

Толькі ў 2012 годзе ў краіне быў прыняты закон «Аб палітычных партыях», які стварыў юрыдычныя падставы для адмовы ад аднапартыйнасьці. Але з гэтага часу ў краіне былі афіцыйна зарэгістраваны толькі дзьве партыі — Партыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і Аграрная партыя. Яны лічацца ляяльнай да рэжыму апазыцыяй і нават маюць прадстаўніцтва ў парлямэнце.

Будынак парлямэнту ў Туркмэністане

Будынак парлямэнту ў Туркмэністане

У Беларусі афіцыйна існуе 15 палітычных партый, але ў парлямэнце яны не прадстаўленыя. Кіроўнай партыяй, а таксама парлямэнцкай апазыцыі, у Беларусі не існуе. Аляксандар Лукашэнка не зьяўляецца ні лідэрам, ні сябрам ніводнай палітычнай партыі.

5. Плошча

У Туркмэністане ніколі не было моцных вулічных акцый пратэсту супраць існуючага палітычнага рэжыму. Ніякага падабенства да беларускай Плошчы падчас прэзыдэнцкіх выбараў у гэтай краіне не існавала.

Між тым, у Туркмэністане, паводле афіцыйнай вэрсіі, у 2002 годзе была спроба дзяржаўнага перавароту з боку высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў. На Ніязава быў зьдзейсьнены замах. Большая частка змоўшчыкаў была арыштаваная і засуджаная да розных тэрмінаў турэмнага зьняволеньня. Прамова з прызнаньнем аднаго зь лідэраў змовы трансьліравалася па нацыянальным тэлебачаньні.

6. Візавы рэжым

Туркмэністан паводле Індэксу візавых абмежаваньняў зьяўляецца самай закрытай краінай СНД.

Туркмэністан стаў першай постсавецкай рэспублікай, якая ўвяла візавы рэжым з усімі краінамі былога СССР, у тым ліку — з Расеяй.

Памежны пераход у Туркмэністане

Памежны пераход у Туркмэністане

Як канстатуюць праваабаронцы, пасьля прыняцьця гэтага рашэньня ў 1999 годзе для грамадзян былых савецкіх рэспублік, якія мелі знаёмых ці сваякоў у Туркмэністане, гэтая краіна стала практычна недаступнай.

У сваю чаргу Беларусь сёньня мае бязьвізавы рэжым зь дзесяцьцю постсавецкімі рэспублікамі. З краін былога СССР візавы рэжым у Беларусі сёньня толькі з Туркмэністанам і краінамі Балтыі (Эстоніяй, Латвіяй і Літвой — сябрамі Эўразьвязу).

7. Удзел у блёках і саюзах

Туркмэністан у зьнешняй палітыцы ўсяляк падкрэсьлівае свой нэўтралітэт, які замацаваны ў Канстытуцыі краіны. Акрамя СНД, АБСЭ і ААН краіна не ўваходзіць ні ў якія міжнародныя арганізацыі, саюзы ці блёкі. Туркмэністан таксама не зьяўляецца сябрам АДКБ.

Хаця статус нэўтральнай краіны таксама замацаваны і ў Канстытуцыі Беларусі, але Беларусь зьяўляецца сябрам АДКБ. Акрамя таго, Беларусь уваходзіць у інтэграцыйныя аб’яднаньні з удзелам Расеі — так званая Саюзная дзяржава і Эўразійскі эканамічны саюз.

XS
SM
MD
LG