Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі амбасадар адмовіўся ад экскурсіі па Астравецкай АЭС


Эвалдас Ігнатавічус

Эвалдас Ігнатавічус

Сачыць за бясьпекай БелАЭС маюць экспэрты МАГАТЭ, нагадвае ён у адказ на прапанову экскурсіі.

Прапанова паступіла пасьля таго, як Літва даведалася пра здарэньне на АЭС пад сваімі межамі са СМІ, а не ад афіцыйнага Менску.

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус адхіліў прапанову намесьніка міністра энэргетыкі Беларусі Вадзіма Закрэўскага наведаць будаўніцтва БелАЭС пад Астраўцом, паведамляе інфармагенцтва BNS.

«Мяне запрасілі прыехаць і агледзець будаўнічую пляцоўку пасьля аднаўленьня работ, але я адмовіўся ад гэтай прапановы, бо гэтым, на маю думку, мусяць займацца экспэрты», — патлумачыў амбасадар і дадаў, што за выкананьнем патрабаваньняў ядзернай бясьпекі мае сачыць МАГАТЭ. Яно ж мае правесьці стрэс-тэсты станцыі.

Прапанова Закрэўскага паступіла Ігнатавічусу падчас таго, як беларускі бок тлумачыў літоўскаму інфармацыю пра здарэньне на будаўніцтве АЭС — там быў выяўлены «дэфэкт пры будаўнічых работах» у бытавых і дапаможных памяшканьнях. Афіцыйная Вільня патрабавала гэтых тлумачэньняў, бо пра здарэньне на АЭС пад сваімі межамі даведалася са СМІ.

Літва заклікае Беларусь цясьней супрацоўнічаць з МАГАТЭ і выконваць патрабаваньні агенцтва, а таксама неадкладна правесьці тэст Беларускай АЭС на прадмет рызыкі і бясьпекі. Літоўскія кансэрватары пачалі зьбіраць подпісы за законапраект, які забараняў бы закупкі энэргіі зь Беларусі і транзыт энэргіі празь літоўскую тэрыторыю, бо праект АЭС ня быў узгоднены зь Літвой, а згода суседзяў у патэнцыйна небясьпечнай зоне ёсьць абавязковай умовай ААН.

XS
SM
MD
LG