Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Была зь ім даўняя завядзёнка: у кожны прыезд з-за мяжы ён прыходзіў да нас на дранікі. Еў іх са смакам, хваліў баравіковы сос, затоўчаны з кропам і сьмятанай часнык, упрэлыя з цыбулькаю лісічкі, набрынялыя ў мядова-брусьніцавай поліўцы рабрынкі, квашаную з журавінамі капусту, іншыя дадаткі. Не прамінаў зазначыць, што смачнейшага пачастунку не бывае.

Але аднойчы праз хмельную шчырасьць прарвалася: «А вось у мамы дранікі!» І змоўк зьніякавела, так незнарок даўшы волю сынавай любові, якая перамагла ветлівасьць госьця.

З таго вечара я не пяку яму дранікі. Берагу ягоную памяць пра смак маміных. А мамы ўжо год, як няма.

Валянціна Аксак

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG