Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня мы пачыналі традыцыі памінаць продкаў, ня нам іх сканчаць». Радаўніца ў Баркалабаве


Сёньня беларусы адзначаюць Радаўніцу. Дзень памінаньня памерлых арганічна спалучыў ў сабе традыцыі дахрысьціянскай культуры і праваслаўя.

Жыхары старажытнага мястэчка Баркалабава, некалі вядомага асяродка беларускага праваслаўнага сьвету, таксама адведалі магілы продкаў. Не пайсьці ў радаўніцу на могілкі грэх. Як і у даўнейшыя часы тутэйшы люд засьцілае іх абрусамі, качае па ім яйкі ды хрыстосуецца.

Старажытнае паселішча сустрэла апусьцелымі вуліцамі. Людзей болела бліжэй да могілак. Яны на ўскрайку даволі вялікага паселішча. Да кладоў вяскоўцы дабіраліся хто на чым: машынаю, пехатою, на конях. Кожны меў ладныя букеты штучных кветак.

Жыхары Баркалабава ідуць на могілкі
Жыхары Баркалабава ідуць на могілкі

«Ідзём наведаць сваіх бацькоў. Штогод на радаўніцу ходзім, як нашы бацькі да сваіх хадзілі. Цяпер наша чарга, — апавядае, ідучы па ўзбочыне шашы, сталага веку жыхарка Баркалабава. — Напярэдадні прыбралі магілкі. Сёньня будзем памінаць. Прыедуць сваякі здалёк. Даўно ня бачыліся. Пасядзім, паплачам».

На могілкі
На могілкі

Могілкі ў сасоньніку. Старыя тутэйшыя пахаваньні з спарахнелымі драўлянымі крыжамі суседнічаюць з мармуровымі сучаснымі надмагільлямі. Нямала з тых хто наведаўся ўжо зранку на могілкі пасьпеў накрыць магілы абрусамі. Перад гэтым, абышоўшы і пакачаўшы па кожнай фарбаваным яйкам з абавязковым прыгаворам «Хрыстос Уваскрос».

«Накрываем магілку і, як казалі мне мае бацькі, нібыта сьцелем памерлым стол, — апавядае яшчэ адна вяскоўка.

«Ведаеце, раней выкладалі, на абрус яду. А цяпер сказалі, што так нельга рабіць. Некаторыя прыслухоўваюцца да такіх заўвагаў, а некаторыя і не. Абавязкова таксама качаем яйкі, але бацюшка дакараў гэтым. Казаў, што нельга. Цяпер неяк усё па-новаму хочуць зрабіць. Раней маліліся. Чарку падымалі і паміналі памерлых. А цяпер тое нельга, тое нельга...», — не разуменьнем адзначае жанчына.

Магілка абрусам засланая...
Магілка абрусам засланая...

На радаўніцу хрыстосуюцца, усьміхаючыся робіць заўвагу наступная суразмоўніца. Гэтак, кажа яна, нас вучылі бацькі.

«Радаўніцу пачалася ж ня з нас. Нашы продкі наведвалі сваіх бацькоў і мы мусім гэта рабіць. Тут ляжаць мае дзяды ды прадзеды, чые магілы паказвалі, а яшчэ болей тых магіл, якіх я і ня ведаю».

Абавязкова пакачаць яйка па магіле з прыгаворам «Хрыстос Уваскрос»
Абавязкова пакачаць яйка па магіле з прыгаворам «Хрыстос Уваскрос»

Вакол прыбраных магіл родзічаў суразмоўніцы мноства магіл-купін без крыжоў. І яны прыбраныя, але ўсё адно выглядаюць сіратліва.

«Магілкі ў парадку мусяць быць. На дзяды, асабліва на Дзьмітраўскія, дык абавязкова прыходзіць трэба на могілкі і прыбрацца, — тлумачыць кабета. — Раней не пачыналі памінаць, пакуль жанчыны не абыдуць тры разы вакол могілак. Як памоляцца ўсе, тады ўжо браліся памінаць. Мы гады з тры ўжо памінаем і дахаты ідзем і там стол накрываем, а раней елі і паміналі на магілках. Ды й раней выпіўкі ня бралі, як цяпер. Бралі тое, што гатавалі ў двары. Цяпер некаторыя могуць загуляць на могілках да пазна і граху не адчуюць, але так нельга».

Кабета: «Нашы продкі наведвалі сваіх бацькоў і мы мусім гэта рабіць».
Кабета: «Нашы продкі наведвалі сваіх бацькоў і мы мусім гэта рабіць».

Маладзейшае пакаленьне пра старыя звычаі апавядае куды прасьцей за старых, не ўдаючыся ў тлумачэньне «дробязяў».

«Радаўніца — гэта, як вялікдзень у жывых. Як мне апавядалі: можна на могілкі хадзіць штодня, але не прыйшоўшы на радаўніцу дужа пакрыўдзіш памерлых. Сіратлівымі застануцца магілы, — даводзіла сваё разуменьне радаўніцы маладая жанчына. — Цяпер, кажуць, нельга на магілках есьці, што, маўляў, паганства, аднак мне падабаецца. Уся радня тут зьбіраецца, з усёй Беларусі... Памянулі, выпілі. Я не лічу гэта заганай. Не разумею, як гэта памаліцца і адразу да хаты».

Радаўніца — гэта час сустрэчы і жывых...
Радаўніца — гэта час сустрэчы і жывых...

«Радаўніца для мяне — гэта, перадусім, духоўная повязь з продкамі, — тлумачыць сваё стаўленьне да традыцыі наведваць магілы памерлых малады мужчына. — Я не адзначаю радаўніцу, як гэта робяць мае бацькі. Бацькі сядзелі і выпілі на могілках, але я гэтага рабіць не хачу. Гэта троху чужое мне. Прыйшоў на магілку. Паклаў кветкі. Памянуў памерлага і пайшоў. Мне гэта бліжэй».

Наступная суразмоўніца, заўважае: адзначэньне радаўніцы мяняецца. Паводле жанчыны ў лепшы бок.

Не забытыя і старыя пахаваньні, але выглядаюць яны сіратліва
Не забытыя і старыя пахаваньні, але выглядаюць яны сіратліва

«Мы самі з Гомельшчыны прыехалі. Раней і там прыходзілі на магілкі зь ядой, але ж гэта ня правільна, — выказвае меркаваньне наведніца могілак. — Мы ўжо такога ня робім. Спрадвеку, як мне падаецца, было прыйшоў на могілкі, памянуў і пайшоў у двор».

«Як кажуць сьвятары нельга на могілках выпіваць», — умешваецца ў гутарку сталага веку жанчына. Яна ў Баркалабаве не жыве сорак гадоў, але на радаўніцу прыяжджае адведаць, як яна кажа, сваіх.

Абрусы, як сымбаль памяці на радаўніцу
Абрусы, як сымбаль памяці на радаўніцу

«Сюды ж прыходзяць памінаць, а не на гулянку. Абрусы слаць на магілку, яйкі качаць, цукеркі класьці — гэта ўсё трэба рабіць.».

Наступная суразмоўніца з далёкага расейскага запаляр’я. Прыехаўшы на мужаву радзіму тут яна і засталася. На баркалабаўскіх могілках — пахаваныя муж і сьвякроў.

«На радаўніцу прыходжу і згадваю продкаў, якія пахаваныя ня тут, а далёка адсюль. Мужа памінаю, сьвякроў. Прыйшла прынесла кветкі. У Расею такога дня няма, як у беларусаў радаўніца. І яйкі навучылася качаць. І абрус слаць, — дзеліцца ўражаньнямі кабета. — Тут на могілках і ядуць, але я ня ем. Дома памінаю. Мо хто да мяне завітае яшчэ, дык пасядзім. Але радаўніца ўсё адно важны дзень. Дужа добрая традыцыя».

Кабета з расейскага запаляр’я: «І яйкі навучылася качаць. І абрус слаць»
Кабета з расейскага запаляр’я: «І яйкі навучылася качаць. І абрус слаць»

«Баркалабава — сьвятое месца, — наўздагон дадае жынчына. — Тут жа манастыр быў, цяпер адраджаюць яго. Раней тутэйшы люд быў дужа набожны. А ў маю маладосьць не дазвалялі хадзіць да царквы. Цяпер, кажу пра гэта, і сама дзіўлюся, як такое магло быць».

Знакаў старажытнасьці ў Баркалабаве засталося няшмат. Зь нядаўняга часу гэтае паселішча займела статус аграгарадка. Зьявіліся дыхтоўныя катэджы. Асфальтаваныя вуліцы. Здалёк у вочы кідаюцца купалы царквы маці Божай Казанскай. Будынак цаглянай бажніца яшчэ рамантуецца. На падворку ні душы.

Пустынная цэнтральная вуліца Баркалабава
Пустынная цэнтральная вуліца Баркалабава

З баркалабаўскага ўзвышша ўдалечыні відаць званоўня Сьвята-Ўзьнясенскага жаночага манастыра. Яго аднаўляюць наноў. Заснаваную ў першай палове 17 стагодзьдзя праваслаўным мэцэнатам, дзяржаўным дзеячам Вялікага Княства Літоўскага Багданам Статкевічам сьвятыню зьнішчылі ў дваццатым дашчэнту.

На царкоўным падворку таксама ні душы
На царкоўным падворку таксама ні душы

«Тут толькі адно стагодзьдзе не было манастыра. Адбудоўвалі ўсё, што вы бачыце — апавядае адна з манашак. — Тут жа нічога не было. Усё пазьнішчалі. Месца гэта сапраўды сьвятое. Намоленае, таму і адраджаецца лёгка. А паспрабуйце распачаць сьвятую справу, на ненамоленым месцы. І людзі не адразу пойдуць да такой сьвятыні. А сюды ідуць, дзякаваць богу».

«Для праваслаўя радаўніца дужа дзень, — працягвае суразмоўніца. — Мы ж у гэты дзень памінаем усіх сваіх памерлых родзічаў. Кожны чалавек згадвае ўвесь род свой. Гэты дзень важны для душ людзкіх. Піць сьпіртное нельга на могілках. Для памяці памерлага — гэта ня добра. А так, хто яго ведае з адкуль гэта звычка: піць на могілках...».

Жаночы манастыр пад Баркалабавам
Жаночы манастыр пад Баркалабавам

На тэрыторыі манастыра таксама былі могілкі. Хавалі на іх манашак. Дзе тыя клады, пакуль адшукаць не ўдалося, удакладніла суразмоўніца, паказаўшы прыкладнае месца пахаваньнях. На той пляцоўцы цяпер усталяваны крыж.

Часы ліхалецьця ня зьнішчалі цудадзейны абраз Баркалаўскай Маці Божай. У 2010 годзе ён вернуты манастыру і ўсталяваны ў храме Сьвятога Яна Прадцечы...

Цудадзейны абраз Баркалабаўскай Маці Божай на ўваходнай браме манастыра
Цудадзейны абраз Баркалабаўскай Маці Божай на ўваходнай браме манастыра

У 1564 годзе землеўладальнік Баркалаб Корсак заклаў у Баркалабава замак. З часам у ім узьвялі дзьве праваслаўныя царквы. У 1626 годзе ў мястэчку заснавалі мужчынскі манастыр, які стаў праваслаўным асяродкам. У манастыры, як дапускаюць некаторыя дасьледчыкі, пісалася вядомая Баркулабаўская хроніка...

Уваходная манастырская брама
Уваходная манастырская брама

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG