Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцы правядуць на Кастрычніцкай плошчы акцыю ў падтрымку бел-чырвона-белага сьцяга


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

14 траўня на Кастрычніцкай плошчы Менску а 12-й гадзіне адбудзецца акцыя «Праспэкт нацыянальнага сьцягу». Пра гэта Радыё Свабода распавёў лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Актывіст заклікае усіх неабыякавых браць сьцягі, тронкі і вуды. Такім чынам удзельнікі акцыі засьведчаць сваю адданасьць нацыянальнай сымболіцы.

«Беларусы, час падымаць сьцяг Хрыста!» — кажа Дашкевіч.

Ідэю падтрымаў дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Алег Трусаў, які ў 1995 годзе ўдзельнічаў у галадоўцы супраць прызначэньня рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі, хаця на саму акцыю ня пойдзе:

«Ці выходзіць на недазволеныя акцыі, трэба добра падумаць. Сам я даўно не выходжу. Мяркую, лепей дзейнічаць як Мірон — вывешваць незаўважна, каб і прыгожа было, і ніхто не пацярпеў. Тое, што цягам гэтых 20 год паўсюль уздымаюцца бел-чырвона-белыя сьцягі — натхняе і сьведчыць аб тым, што мы абавязкова вернем нашыя нацыянальныя сымбалі на належнае месца».

Іншы ўдзельнік колішняй галадоўкі, дэпутат ВС ХІІ скліканьня Мікалай Аксаміт, кажа:

«Акцыю, якую абвесьцілі маладафронтаўцы на 21 гадавіну рэфэрэндума, лічу вельмі слушнай. Гэта як раз тое, што і трэба рабіць — выходзіць на вуліцу і дамагацца свайго, а не ў сфабрыкаваныя выбары гуляцца».

14 траўня 1995 году адбыўся рэфэрэндум, па выніках якога дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» былі замененыя на цяперашнія афіцыйныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG