Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапаможа Лукашэнку «эфэкт Трампа»?


Трамп ці Клінтан будуць лепшымі прэзыдэнтамі для Беларусі і афіцыйнага Менску?

Дракахруст: «Эфэкт Трампа» будзе дапамагаць дыктатарам усяго сьвету — такі адказ на гэтае пытаньне прапануе
калюмністка Washington Post Эн Эплбаўм. Паводле яе «вульгарны і брудны стыль кампаніі „Клінтан супраць Трампа“, якая разыграецца на працягу наступных шасьці месяцаў, дадаткова ўмацуе пазыцыі дыктатараў і аўтакратаў па ўсім сьвеце». Паводле Эн Эплбаўм, уздым Трампа вельмі добра ўпісваецца ў кітайскі, расейскі і іншыя наратывы пра перавагі аўтарытарызму. Кітайскія лідэры ўжо даўно сьцьвярджаюць у адказ на закіды ўнутраных і вонкавых крытыкаў, што іх недэмакратычная сыстэма прыводзіць да ўлады больш кваліфікаваных кіраўнікоў і зьніжае пагрозу нестабільнасьці. Кітайскія дзяржаўныя мэдыі часта зьвязваюць дэмакратыю з хаосам і гвалтам.

Далей Эн Эплбаўм зьвяртаецца да прыкладу Расеі. Паводле яе расейскую грамадзкасьць пераконваюць, што дэмакратыя нічым не адрозьніваецца ад дыктатуры. Аргумэнт гучыць прыкладна так: «У нас ёсьць алігархі, і ў іх ёсьць алігархі; нашы палітыкі заклапочаныя найперш грашыма, і там тое самае. А амэрыканскія размовы пра ідэі і ідэалы, пра талерантнасьць і дэмакратыю — гэта ўсё фэйк».

«Трамп — бізнэсовец, і ён глядзіць на ўсе, як на іншыя зьдзелкі», — сказаў нядаўна пра Трампа прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, адзначае Эплбаўм. На яе думку водгульле гэтых аргумэнтаў прагучыць і ў Іране, Вэнэсуэле, Турэччыне і ўсюды, дзе рэпрэсіўную палітыку цэняць вышэй за лібэральную дэмакратыю — адзначае калюмністка.

З правамі чалавека ў яго сапраўды складаныя адносіны, але ён увесь час гаворыць пра амэрыканскія інтарэсы

Мне трактоўка Эплбаўм падаецца крыху спрошчанай. Людзі ў краінах, пазбаўленых дэмакратыі, змагаюцца за яе не таму, што іх натхняюць вобразы тых цудоўных людзей, якіх прыводзіць у Белы дом амэрыканская дэмакратыя. Людзей усё ж натхняе ідэя народаўладзьдзя, а не яе ўвасабленьне ў далёкай краіне. Да таго ж Трамп па сваіх манэрах і стылі бліжэй многім народам гэтых краінаў, чым многія іншыя амэрыканскія палітыкі. Калі мэханізм дэмакратыі выносіць наверх людзей, блізкіх і зразумелых жыхарам аўтарытарных краінаў, можа дэмакратыя не такая і кепская рэч?

Супраць Трампа можна вылучыць яшчэ адзін аргумэнт — ён, маўляў, не шануе правы чалавека і таму, маўляў, будзе патураць аўтарытарным рэжымам. З правамі чалавека ў яго сапраўды складаныя адносіны, але ён увесь час гаворыць пра амэрыканскія інтарэсы. Рэч крыху дзіўная ў Амэрыцы, хаця вельмі зразумелая па гэты бок акіяну. І рэч даволі жорсткая. Трамп будзе супрацьстаяць аўтарытарным рэжымам не з прычыны іх унутранай будовы, а з прычыны таго, што іх дзеяньні супярэчаць інтарэсам ЗША. Апошнія заявы Абамы наконт Трансціхаакіянскай гандлёвай супольнасьці сьведчаць пра тое, што гэтыя матывы не чужыя і амэрыканскаму істэблішмэнту ў цэлым, а не адно Трампу. Амэрыка і яе саюзьнікі будуць вызначаць правілы гульні, а не Кітай — гэта напісаў Абама, але мог бы сказаць і Трамп. Што да Расеі, то варта прыгадаць, што Крымская вайна ў ХІХ стагодзьдзі пачалася не таму, што цар Мікалай І парушыў міжнароднае права ці правы чалавека. Ён замахнуўся на балянс, на інтарэсы Вялікабрытаніі і Францыі. І ў адказ атрымаў вайну.


У гэтым сэнсе рэпліка Трампа наконт таго, што расейскія самалёты, якія назаляюць амэрыканскай авіяцыі, варта зьбіваць, ня сьведчаць пра тое, што паводзіны аўтарытарных дзяржаваў будуць яму абыякавыя.
Што да Беларусі, то мяркую, што пры прэзыдэнце Трампе ключавым момантам будуць адносіны афіцыйнага Менску з Масквой. Чым бліжэй будзе Менск да Масквы, тым больш жорсткай будзе палітыка Вашынтону адносна Менску. За крокі ў іншы бок магчымыя пернікі.
Але прыкладна тое самае будзе адбывацца і пры прэзыдэнце Клінтан. У сваёй кнізе «Цяжкія рашэньні» яна апісвае цэлы шэраг падобных геапалітычных гульняў, у якія яна гуляла на пасадзе дзяржсакратара.

Цыганкоў: Перш за ўсё варта падкрэсьліць прынцыповую пераемнасьць амэрыканскай замежнай палітыкі. Знакаміты «Акт аб дэмакратыі для Беларусі» быў прыняты пры прэзыдэнце Бушы-малодшым, але ён працягвае дзейнічаць і пры прэзыдэнце Абаме. Палітыкі, якія мяняюць адзін аднаго ў Белым доме, вельмі паважаюць працу сваіх дыпляматаў і звычайна радыкальных разваротаў у палітыцы адносна той ці іншай краіны з прыходам новай адміністрацыі не адбываецца, калі толькі няма нейкай рэвалюцыйнай зьмены сытуацыі. Гэтак было з Беларусьсю.

Але калі не радыкальныя, то пэўныя зьмены можна назіраць. З прыходам у Белы Дом Барака Абамы адносна аўтарытарных краінаў быў узяты іншы, крыху больш мяккі курс.

у пэўным сэнсе Трамп і ёсьць вышэйшая праява дэмакратыі

Гэта і замірэньне з Кубай, і пагадненьне зь Іранам, і больш мяккая пазыцыя апошняга часу ў дачыненьні да Беларусі, хаця гэтая апошняя зьмена палягае ў рэчышчы зьмены палітыкі Захаду ў цэлым.
Мне падаецца, што Гілары Клінтан, калі стане прэзыдэнтам, будзе працягваць больш мяккую палітыку Барака Абамы адносна Беларусі. Трамп у гэтым сэнсе менш прадказальны.

Магу пагадзіцца з вамі, Юры, што яго палітыка адносна Беларусі будзе ў значнай ступені залежыць ад адносінаў афіцыйнага Менску і Масквы.
Што да аргумэнтаў Эн Эплбаўм ў яе артыкуле, то можна сказаць, што ў пэўным сэнсе Трамп і ёсьць вышэйшая праява дэмакратыі. Ён у сваёй кампаніі падкрэсьлівае, што незалежны ад спонсараў, што не бярэ грошай на кампанію ад карпарацыяў, бо ён сам чалавек дастаткова забясьпечаны і можа аплочваць сваю кампанію сам.

І гэта як раз падабаецца самым бедным слаям насельніцтва, якія, паводле апытаньняў, у найбольшай ступені схільныя галасаваць за Трампа.

Так, гэта нелібэральная дэмакратыя, калі ўлічыць шматлікія непаліткарэктныя выказваньні Трампа адносна пэўных катэгорыяў насельніцтва, але гэта дэмакратыя.

Аднак мне здаецца, што ягоны прыход у Белы дом малаімаверны. Паводле ўсіх сацыялягічных замераў Клінтан перамагае Трампа зь істотным адрывам. Ня ведаю, што можа здарыцца, каб гэта зьмянілася.

Карбалевіч: На вашае пытаньне цяжка дакладна адказаць. Па-першае, традыцыйна ў США падчас прэзыдэнцкай кампаніі замежная палітыка стаіць на другім пляне. Асноўная дыскусія адбываецца па ўнутрыпалітычным пытаньням. Па-другое, трэба мець на ўвазе, што перадвыбарчая рыторыка кандыдатаў і рэальная палітыка — гэта розныя рэчы. Па-трэцяе, замежная палітыка вызначаецца не столькі нейкімі плянамі, праграмамі, намерамі, а лёгікай бягучага палітычнага працэсу.
Больш прадказальнай будзе палітыка Хілары Клінтан. Яна ў значнай ступені будзе працягваць палітыку дэмакратычнай адміністрацыі Барака Абамы. Да таго, ж яна доўгі час працавала дзяржсакратаром, адказвала за замежную палітыку ў камандзе Абамы. Адносіны з Расеяй будуць канфліктнымі.

Што тычыцца Беларусі, то яна знаходзіцца на пэрыфэрыі амэрыканскай замежнай палітыкі

Што тычыцца замежнай палітыкі Дональда Трампа, то яе ўвогуле цяжка прагназаваць. Сам Трамп у замежнапалітычных пытаньнях мала абазнаны, ён імі ніколі не займаўся. Шмат будзе залежыць ад таго, якую ён набярэ каманду, хто будзе там выпрацоўваць замежную палітыку, кансультаваць. Паколькі ён пазасыстэмны палітык ўнутры рэспубліканскай партыі, то цяжка выводзіць ягоную замежную палітыку з дамінуючых настрояў сярод рэспубліканскага істэблішмэнту.
Вось ён абяцае зьнішчыць «Ісламскую дзяржаву» і палепшыць адносіны з Расеяй і Кітаем, але з пазыцыі сілы. Цяжка зразумець, як гэта суаднесьці адно з другім.

Што тычыцца Беларусі, то яна знаходзіцца на пэрыфэрыі амэрыканскай замежнай палітыкі. І, думаю, стаўленьне да рэжыму Лукашэнкі будзе працягам ранейшай крытычнай лініі. Тут будзе дзейнічаць сіла інэрцыі.

Цыганкоў: Вы, Валер, правільна сказалі, што звычайна ў амэрыканскай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі дамінуюць тэмы ўнутранай палітыкі. Але здараюцца і выключэньні. Скажам, выбары ў 2004 годзе адбываліся на фоне тэрарыстычнага нападу на Амэрыку ў 2001 годзе 9/11 і вайны ў Іраку. І тады на выбарах замежная палітыка была галоўнай і посьпехі Буша як раз і перадвызначылі яго пераабраньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG