Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

486 лістоў да беларускай эміграцыі


Вокладка кнігі Янкі Запрудніка «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны»

Вокладка кнігі Янкі Запрудніка «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны»

Янка Запруднік, «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны. Мае лісты 1952-1959 гг.», 570 старонак. Выдавецтва «Лімарыус», Менск, 2015. Рэдагавала кнігу Валянціна Трыгубовіч.

Чытаньне лістоў, тым больш калі іх амаль пяць соцень, бывае месцамі даволі аднастайнай справай. Але таксама пачынаеш адчуваць, што іх зьмест выбудоўваецца ў гісторыю. Гісторыю беларуса і беларусаў на чужыне, з заходняга боку ад «жалезнай заслоны».

Адзін зь вядомых дзеячаў пасьляваеннай эміграцыі, супрацоўнік Радыё Вызваленьне/Радыё Свабода Янка Запруднік выдаў пад адной вокладкай збор сваёй карэспандэнцыі 1950-х гадоў. Гэта супольнае выданьне Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Аўтар зрабіў проста: друкаваў лісты на машынцы ў двух асобніках.

Большая частка напісаная ў Мюнхэне, дзе Янка Запруднік працаваў на радыё, якое пачаткова мела назву «Вызваленьне», займаўся адначасова выпускам газэты «Бацькаўшчына» і марыў пра дысэртацыю. Паступова вымалёўваецца вобраз чалавека, які сам сябе зрабіў. Адчуваеш, як складана было аказацца ў сямнаццаць гадоў уцекачом, закончыць у лягеры перамешчаных асобаў у пасьляваеннай Нямеччыне беларускую гімназію, затым працаваць у шахце ў Англіі, каб зарабіць на жыцьцё, на вучобу. Унівэрсытэт у Бэльгіі, у Лювэне. Нарэшце Мюнхэн.

Міжволі параўноўваеш. Вось некалькі дзясяткаў хлопцаў і дзяўчат, якія стварылі ў Лювэне беларускую суполку. Большасьць здолела закончыць унівэрсытэт, але ня ўсе. Адны засталіся ў Эўропе, іншыя падаліся за акіян, пераважна ў ЗША, асабліва студэнты і рабочыя з Бэльгіі. А каго чакала Канада і нават Аўстралія. Па лістах адчуваецца, што існавала боязь, каб СССР не запатрабаваў вярнуць тых, хто ўцёк у 1944-м. У Штатах ці ў Аўстраліі, зразумела, можна было адчуваць сябе больш надзейна. Янка Запруднік, як вядома, меў іншае імя і прозьвішча — Сяргей Вільчыцкі. Зьмяніў іх у 1946-м, каб быць менш заўважным. Так зрабіў ня ён адзін. У 1955-м ён піша сябрам і знаёмым, што хоча атрымаць магчымасьць пераехаць у ЗША. І хацеў бы па-ранейшаму працаваць на радыё, але гэта — як атрымаецца.

Праўда, размовы сярод астатняй моладзі ўзьнікаюць і аб пераезьдзе ў Гішпанію ці Партугалію, і нават — у Афрыку.

У 1953-м Запруднік наведаў землякоў у Штатах: «Усіх знаёмых тут цяжка пералічыць. Жывуць усе добра — не раўня нам, эўрапейцам», — напісаў ён Юзэфе Брэчцы ў Мюнхэн.

Нам сёньня вядома таксама аб дзясятках іншых, хто застаўся ў Беларусі, у канцы вайны ўступіў у Саюз беларускай моладзі. А пазьней — у падпольныя патрыятычныя арганізацыі. І былі засуджаныя, нярэдка на дваццаць пяць гадоў Гулагу. Беларуская патрыятычная моладзь на Захадзе, зразумела, пазьбегла такога лёсу. Былі свае цяжкасьці, свае страхі. Але не было рэальнай небясьпекі апынуцца за кратамі, у становішчы раба ў лягеры. Не ва ўсіх усё складалася ўдала, некаторыя з пачаткам антысталінскай адлігі пры Хрушчову спакусіліся на заклікі вярнуцца ў БССР. Мянялі часам Лёндан на Менск. Запруднік аб іх успамінае.

Некаторыя раней рашыліся трапіць на радзіму на парашуце. Іх чакаў Гулаг.

А некаторыя раней рашыліся трапіць на радзіму на парашуце. Іх чакаў Гулаг. Ёсьць у кнізе згадка аб кнізе «Квадрат Б-52» (1957), выдадзенай у Маскве, дзе «савецкая вэрсія апэрацыі з чатырма беларуска-амэрыканскімі парашутыстамі, закінутымі ў Беларусь», адным зь якіх быў Міхась (Цімох) Вострыкаў. У кнізе ёсьць здымак Вострыкава 1949 году: паглядны, інтэлігентны твар. У лісьце да Барыса Рагулі аўтар пытаецца: ці чытаў той у «Звязьдзе» Пасьлядовічаву «дакумэнтальную аповесьць» пра Філістовіча? Аднаго з тых парашутыстаў.

Радасьць выклікае выпадкова знойдзеная ў Парыжы кнігарня з выданьнямі з СССР, дзе беларускія кніжкі можна купіць найтаньней! У кнігарні паабяцалі выпісаць каталёгі менскіх выдавецтваў, калі Запруднік забясьпечыць пакупку ўсіх наяўных беларускіх кніжак па пяць асобнікаў. Тут жа сьвятары Гарошка і Сіповіч паабяцалі, што возьмуць па адным. Між іншым, калі першы зь іх даслаў пачку з савецкімі кніжкамі ў ЗША, амэрыканская мытня яе сканфіскавала.

Удаецца таксама выпісваць і чытаць менскую прэсу, знаёміцца з прапагандысцкай і палітычнай літаратурай, «бо толькі там можна [адчуць] глыбейшую плыню падсавецкага жыцьця». Аўтар усьведамляе, што на радыё трэба пазьбягаць мовы часопісу «Конадні» і вершаў Юхнаўца, бо, зьвяртаючыся да савецкіх беларусаў, трэба браць пад увагу мову літаратуры БССР, якою больш-менш карыстаецца інтэлігенцыя і «якая часта зьдзіўляе сваім багацьцем». Беларускія газэты прыходзілі, дарэчы, з трохдзённым спазьненьнем. Вялікую цікавасьць выклікае зьяўленьне гімну «Мы — беларусы»; хочацца атрымаць канстытуцыю БССР. А вось «Советскую культуру» Запруднік залічвае да газэтнай макулятуры.

Захапленьне выклікаў выхад у Беластоку новай газэты «Ніва». Сталі абменьвацца зь ёю нумарамі «Бацькаўшчыны». Зь «Нівы» папрасілі даслаць новы літаратурны альманах «Ля чужых берагоў». І ў «Ніве» зьявілася новая рубрыка «Зь беларускага жыцьця на эміграцыі»!

У лісьце да Натальлі Арсеньневай (1955) Янка Запруднік паведамляе, што ўкраінцы атрымалі з бацькаўшчыны ліст, зь якога можна ясна зразумець, што перадачы слухаюць. А што ў самім Мюнхэне? Бывае, ён наракае то на моцны холад, то ў іншы час на працяглыя дажджы. Клімат яму зусім не падабаецца. Аднойчы былі такія страшныя маразы, што нават вуха крыху адмарозіў, напісаў ён Янку Жучку ў Лювэн.

Кіраўнік беларускай рэдакцыі радыё Вінцэнт Жук-Грышкевіч працягла хварэе, аб чым Запруднік ня раз піша знаёмым. Аказваецца, Янка Ліманоўскі самастойна дамовіўся з амэрыканцамі, што зойме ягоную пасаду. Што выклікала дрэнную рэакцыю ў беларускім асяродзьдзі: ён не ўзгадніў з Радай БНР! Таму наступным кіраўніком мае стаць Уладзімер Дудзіцкі (Гіцкі), прыезду якога з Вэнэсуэлы на радыё будуць даволі доўга чакаць, калі той уладзіць усе паперы. І калі прыедзе, то «рэдакцыя будзе складацца амаль што з паэтаў», піша аўтар.

Даволі цікавы запіс, зважаючы на сёньняшнія беларускія рэаліі: Запруднік піша ў Лёндан Аляксандру Лашуку (1955) пра кіраўніка Рады БНР Міколу Абрамчыка — «у нашага Прэзыдэнта радзіўся сын — будзем мець наступніка»...

Нечакана радкі пра «апаратуру», самагонны апарат, якім беларусы карысталіся нават у Мюнхэне.

Нечакана радкі пра «апаратуру», самагонны апарат, якім беларусы карысталіся нават у Мюнхэне. Запруднік просіць прывезьці яго, каб нешта «выціснуць» на месцы. Нагода: з раддому вярнулася жонка з дачкой. Дапамагчы прыяжджала цешча, піша новасьпечаны бацька Барысу Рагулю: «Выціснула, брат, такой сівухі, што трымайся. Так што хрэсьбіны будуць вытрыманы ў поўнай традыцыі!» І ўдакладняе Вітаўту Кіпелю, што хрэсьбіны адгуляў «пад самагоначку» і ўсім хапіла.

Цікавая згадка ў адным зь лістоў (1955) аб навуковай канфэрэнцыі ў Жэнэве, што была прысьвечаная атамнай энэргетыцы. Прадстаўнікоў Украіны не было, а зь Беларусі — два навукоўцы з дакладамі. Запруднік надае гэтаму факту вялікую ўвагу, «бо такія весткі маюць вялікае псыхалягічнае значэньне, выкарэньваючы сабой рознага роду комплексы», паколькі ў Беларусі праводзяцца досьледы нават у галіне атамнай энэргіі. І аб гэтым неабходна напісаць у «Бацькаўшчыне», зазначае ён.

У 1956-м даклад аб кульце асобы — пра Сталіна, але таксама — пра савецкія танкі супраць паўстаньня ў Вэнгрыі. Аб гэтым паведамляе беларуская рэдакцыя, даводзіцца працаваць нават уначы, каб даваць сьвежыя навіны. Узьнікаюць міжволі думкі: а раптам у Эўропе здарыцца «міжнародны закалот»? Трэба падбаць, каб захаваліся гадавікі «Бацькаўшчыны», архівы, кніжкі, выказвае ў адным з лістоў занепакоенасьць Янка Запруднік.

Кузьма Кісялёў выступіў у ААН «супраць радыё Вызваленьне», піша Янка Запруднік і робіць выснову: «Гэта неблагі довад, што нас там ня толькі чуюць, але й слухаюць».

З Аўстраліі яму напісаў Мікола Нікан, што рабіліся спробы кантактаваць зь беларускімі спартоўцамі, якія выступалі на Алімпіядзе ў Мэльбурне (1956), але яны былі «пераважна няўдалыя».

Калі Янка Запруднік пераедзе ў Нью-Ёрк, то працягне супрацоўніцтва з радыё. І — нечаканасьць! Уладзімер Дудзіцкі (якога цяпер ён называе суха проста Гіцкім) не прымае мову, якой піша Запруднік свае тэксты. Сытуацыя робіцца вельмі складанай. Запруднік кажа, што яго мова не адрозьніваецца ад той, якою карыстаюцца ў Мюнхэне. Прычым, як мы раней узгадвалі, сам ён вельмі зважаў на літаратурную мову, якая ўжывалася ў Беларусі. А тут яму даводзіцца пісаць Антону Адамовічу: «Я баюся, што Гіцкі ў дачыненьні да беларускае мовы (пад уплывам звонку) можа пайсьці на кампрамісы і кампрамітацыю ды пачаць пераводзіць мову нашых перадачаў на расейска-савецкі жаргон, тлумачачы гэта большай „зразумеласьцяй“ для савецкага вуха».

Калі праблема ня вырашыцца, Запруднік быў гатовы пытаньне чысьціні мовы паставіць «на разгляд пакліканае адмыслова камісіі моваведаў». Як вядома, у Беларусі аматараў мовы турбавалі дадатковыя зьмены ў правапісе, што былі зацьверджаныя ў 1957-м.

Сам Янка Запруднік зазначае, што надрукаваныя ў кнізе лісты даюць уяўленьне пра ўвесь мікракосмас беларускай дыяспары часоў халоднай вайны. З гэтым нельга не пагадзіцца. Мне ўспамінаюцца словы прафэсара Аляксандра Баршчэўскага з Варшавы на Першым кангрэсе беларусаў сьвету, што адбыўся ў Менску ўлетку 1993-га. Ён зьвярнуўся з трыбуны да ўсіх прысутных: давайце скажам дзякуй эміграцыі за тое, што яна захавала для нас «Пагоню», бел-чырвона-белы сьцяг і беларускую мову. Шмат у чым гэта была праўда.

  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG