Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ зноў заклікала Беларусь да мараторыю на сьмяротнае пакараньне — у сувязі з прысудам Хмялеўскаму і расстрэлам Іванова


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Сьмяротнае пакараньне — безумоўна жорсткае, бесчалавечнае і прынізьлівае, перакананы кіраўнік бюро АБСЭ па правах чалавека Міхаэль Георг Лінк.

У сувязі з выкананьнем сьмяротнага прысуду Сяргею Іванову і захаваньнем сьмяротнага прысуду Сяргею Хмялеўскаму кіраўнік бюро АБСЭ па правах чалавека Міхаэль Георг Лінк зноў заклікаў Беларусь да мараторыю на сьмяротнае пакараньне.

Міхаэль Георг Лінк

Міхаэль Георг Лінк

«Гэта відавочна, што праз адмову ад сьмяротнага пакараньня большасьць краінаў-сяброў АБСЭ прызналі яго безумоўна жорсткую, бесчалавечную і прынізьлівую прыроду, — заявіў Лінк, выказаўшы занепакоенасьць згаданымі прысудамі. — Я перакананы, што пакараньне Сяргея Іванова супярэчыць дыскусіям, якия адбываюцца ў Беларусі, і росту ўсясьветнай тэндэнцыі да адмовы ад сьмяротнага пакараньня як непрымальнага адмаўленьня чалавечай годнасьці».

Толькі Беларусь і ЗША застаюцца краінамі АБСЭ, дзе ня спыненае ці не забароненае вынясеньне сьмяротных прысудаў. У канцы 2015 году ад сьмяротнага пакараньня на заканадаўчым узроўні адмовілася Манголія.

Раней у сувязі са справамі Іванова і Хмялеўскага занепакоенасьць выказваў Эўразьвяз — у заяве адзначалася, што расстрэл Сяргея Іванова ёсьць «асабліва драматычным», улічваючы тое, што ягоная скарга была прынятая да разгляду Камітэтам ААН па правах чалавека.

22-гадовы Сяргей Іваноў быў прысуджаны да расстрэлу за згвалтаваньне і забойства 19-гадовай дзяўчыны. 31-гадовы Сяргей Хмялеўскі прысуджаны ў лютым да сьмяротнага пакараньня за забойства трох чалавек. У студзені таксама быў асуджаны на сьмяротнае пакараньне за забойства з асаблівай жорсткасьцю Генадзь Якавецкі, які ўжо атрымліваў сьмяротны прысуд за забойства ў 1990 годзе (пазьней прысуд замянілі на 15 год зьняволеньня, потым яшчэ 8 год за зьбіцьцё ў турме, пасьля выхаду на волю ён зьдзейсьніў яшчэ адно забойства).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG