Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-ўкраінскае вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва: росквіт ці заняпад?


Украінскія і беларускія незалежныя экспэрты разыходзяцца ў ацэнках супрацоўніцтва Ўкраіны і Беларусі ў вайсковай сфэры пасьля пачатку расейскай агрэсіі ў Крыме і на Данбасе.

Паводле ацэнак некаторых украінскіх экспэртаў, Беларусь у апошнія два гады шмат зрабіла для ўмацаваньня абароназдольнасьці Ўкраіны. У прыватнасьці, Ігар Тышкевіч у сваім артыкуле «Беларускі ваенгандаль ва Ўкраіне: як Менск дапамагае Кіеву пабудаваць магутную армію» ацэньваў пастаўкі беларускіх тавараў і паслуг (без уліку паставак паліва) для ўкраінскіх сілавікоў мінімум у 90–100 млн даляраў. Удзел Беларусі ў вайсковых замовах ва Ўкраіне па аўтамабільнай і іншай «наземнай тэхніцы» экспэрт ацэньвае ня менш як у 10–20 млн даляраў.

«У той час, пакуль краіны, якія ў Кіеве называлі «саюзьнікамі», доўга думалі, ці прадаваць звычайныя рухавікі, зь Менску ішлі эшалёны, ехалі сваім ходам машыны, ляцелі лятальныя апараты (частка пасьля рамонту, а частка і новыя), якія потым прэзэнтавалі прэзыдэнту Ўкраіны як «чыста ўкраінскі прадукт», — піша Тышкевіч.

Украінскія экспэрты кажуць, што Беларусь пастаўляе Ўкраіне рухавікі і акумулятары, біноклі, цеплавізары, прыцэлы, а таксама дапамагае ўкраінскай арміі вырашыць праблему з вайсковай формай, пастаўляючы Ўкраіне неабходныя тканіны. Акрамя таго, Беларусь ужо напрыканцы 2014 году фактычна выкінула Расею з украінскага рынку авіяцыйнага паліва.

Беларускі ваенны экспэрт Аляксандар Алесін не пагаджаецца з такімі ацэнкамі ўкраінскіх калегаў. Ён лічыць, што пасьля пачатку вайны на Данбасе супрацоўніцтва Ўкраіны і Беларусі, наадварот, рэзка пайшло на спад і шмат якія сумесныя праекты ў вайскова-тэхнічнай сфэры былі згорнутыя:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Я б сказаў, што за апошнія два гады адбыўся ня рост супрацоўніцтва, а скарачэньне. Уся справа ў тым, што ў папярэднія гады ажыцьцяўляліся такія важныя праекты, як супрацьтанкавыя ракетныя ўстаноўкі „Шэршань“, якія вырабляліся на базе ўкраінскіх ракет і беларускіх прыцэльных прыстасаваньняў і прылад. Былі намёткі па сумеснай мадэрнізацыі танкаў і бронетранспартэраў. Акрамя таго, ЗРК Т-38 (мадэрнізаваная „Аса“) — гэтая ўстаноўка таксама павінна была выкарыстоўваць украінскія ракеты і беларускую сыстэму навядзеньня. Але калі пачаўся канфлікт на Данбасе, пачалі расейскія СМІ пэдаляваць гэтую тэму, і Беларусь, каб не раздражняць свайго саюзьніка, гэтае супрацоўніцтва згарнула. Дый сама Ўкраіна пачала згортваць, таму што зьявіліся асьцярогі, што празь Беларусь транзытам украінскія тэхналёгіі і камплектуючыя будуць трапляць у Расею. Гэта перш за ўсё тычылася рэактыўных рухавікоў для крылатых ракет і яшчэ шэрагу важных кампанэнтаў. І ў Вярхоўнай Радзе, і ва ўрадзе гучалі галасы наконт таго, каб гэтае супрацоўніцтва спыніць», — кажа ён.

І гэта далёка ня ўсе сумесныя праекты, якія пацярпелі за апошнія два гады. Украінскі завод «Мотор Січ» быў вымушаны адмовіцца ад зборкі ўкраінскіх рухавікоў і рэматарызацыі верталётаў, што плянавалася рабіць у Воршы.

Гэтаксама плянавалася, што Беларусь сумесна з Украінай будзе ствараць крылатую ракету «Бусел», дзе рухавік быў бы ўкраінскі, а прылады прыцэльваньня і кіраваньня — беларускія. «Але ўсе гэтыя праекты заняпалі — не атрымалі далейшага разьвіцьця», — кажа Алесін.

Адзінае, што рэальна — гэта тое, што на прадпрыемстве „Богдан“ у Чаркасах зь беларускіх камплектуючых зьбіраюцца аўтамабілі падвойнага прызначэньня. Але там бяруцца толькі беларускія шасі, рухавік, тармазы.

«Адзінае, што рэальна — гэта тое, што на прадпрыемстве „Богдан“ у Чаркасах зь беларускіх камплектуючых зьбіраюцца аўтамабілі падвойнага прызначэньня. Частка зь іх робіцца ў браняваным варыянце, і яны непасрэдна могуць выкарыстоўвацца на полі бою. Але там бяруцца толькі беларускія шасі, рухавік, тармазы. А кабіны з бранявых лістоў робяцца ўкраінскім бокам, бранёй абараняюцца ўсе слабыя месцы. Таму гэты прадукт можна назваць ужо не беларускім, а ўкраінскім, бо зыходны аўтамабіль нічога вайсковага ў сабе ня ўтрымлівае — ён можа выкарыстоўвацца (і выкарыстоўваецца) у народнай гаспадарцы Беларусі, Расеі і шэрагу іншых краін. Там досыць значная колькасьць гэтых аўтамабіляў — кажуць, дагавор падпісаны на 120 машын з магчымасьцю падаўжэньня кантракту», — кажа беларускі экспэрт.

Алесін дадае, што Беларусь яшчэ пастаўляе Ўкраіне рухавікі Менскага маторнага заводу, але гэтыя рухавікі могуць выкарыстоўвацца як на трактарах, так і на расейскіх ці ўкраінскіх аўтамабілях, якія могуць перавозіць вайсковыя грузы і вайскоўцаў.

«Казаць пра колькі-небудзь шырокае менавіта вайсковае супрацоўніцтва не выпадае. Найбольш сур’ёзнае супрацоўніцтва ў нас з Украінай у галіне паставак нафтапрадуктаў, дызэльнага паліва і авіяцыйнага паліва. Гэтае паліва можа выкарыстоўвацца як для цывільных лятальных апаратаў і транспартных сродкаў, так і для вайсковых. Акрамя таго, Беларусь стала найбуйнейшым пастаўшчыком за мінулы год грузавых аўтамабіляў ва Ўкраіну, абагнаўшы ўсіх — там пастаўлена дзесьці 230–250 машын. Што, зрэшты, таксама няшмат, але ж Украіна рэзка скараціла закуп аўтамабіляў на баку (зь фінансавых, думаю, меркаваньняў). Менавіта гэта можа паўплываць на баяздольнасьць узброеных сіл Украіны — паліва і аўтамабілі. Што тычыцца зброі сьмяротнага дзеяньня, то Беларусь яе не вырабляе, дый ня ў стане гэта рабіць», — падкрэсьлівае беларускі вайсковы экспэрт.

XS
SM
MD
LG