Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook абвінавачваюць у палітычнай прадузятасьці


Паводле некаторых заходніх кансэрватыўных выданьняў і журналістаў, Facebook не зьяўляецца бесстаронным у сваёй інфармацыйнай палітыцы і аддае перавагу навінам, якія больш карысныя для лібэральнага лягеру, паведамляе The New York Times.

Галасы крытыкі ўзьняліся пасьля таго, як 9 траўня сайт Gizmodo са спасылкай на былых супрацоўнікаў Facebook, якія курыравалі навіны, паведаміў, што адміністрацыя сацсеткі рэгулярна абмяжоўвае распаўсюджваньне навінаў, якія ўяўляюць цікавасьць для кансэрватыўнага чытача, і штучна прасоўвае навіны на карысьць лібэралаў.

«Выклікае крайнюю заклапочанасьць інфармацыя, што такая сіла выкарыстоўваецца для таго, каб замоўчваць пункт гледжаньня і матэрыялы, якія не адпавядаюць нейкаму парадку дня» — заявілі ў Нацыянальным камітэце Рэспубліканскай партыі ЗША. Галоўны рэдактар выданьня Breitbart News Аляксандр Марлаў адзначыў, што зьвесткі Gizmodo «пацьвярджаюць даўнія падазрэньні кансэрватараў».

Facebook адказаў на гэтую крытыку заявай, што ён прытрымліваецца строгіх прынцыпаў «у мэтах забесьпячэньня ўзгодненасьці і нэўтралітэту» і ўлічвае ўсе пункты гледжаньня. «Мы прымаем абвінавачаньні ў прадузятасьці вельмі сур’ёзна. Facebook зьяўляецца плятформай для людзей і поглядаў усяго палітычнага спэктру» — падкрэсьлілі ў кампаніі.

«Facebook не дазваляе і не рэкамэндуе нашым мадэратарам сыстэматычна дыскрымінаваць крыніцы любога ідэалягічнага паходжаньня, і мы распрацавалі інструмэнты такім чынам, што гэта тэхнічна магчыма. У той жа час дзеяньні нашых мадэратараў запісваюцца і таксама апрацоўваюцца, і парушэньне правілаў пагражае звальненьнем».

XS
SM
MD
LG