Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 мясьцінаў Віцебшчыны, дзе ўвасабляюцца паданьні


Цмок Лепельскага возера

Цмок Лепельскага возера

Каму гарыць маяк над азёрамі Браслаўшчыны, дзе знайсьці рэцэпт маладосьці, куды вядзе Напалеонаўская дарога, дзе людзі губляюцца ў часе і як адшукаць беларускі Стоўнхэндж, ведае наша аўтарка Яна Шыдлоўская.

1. Востраў Замак на возеры Іказьнь

Замак на востраве каля заходняга берага возера Іказьнь на Браслаўшчыне на пачатку XVI стагодзьдзя ўзьвёў дзяржаўны дзеяч Ян Сапега, якому належалі навакольныя землі. Збудаваны з цэглы, каменю і дрэва палац з дзьвюма вежамі меў памеры 20 на 18 мэтраў і стаяў на насыпаным пагорку. Падчас Паўночнай вайны на пачатку XVIII стагодзьдзя замак быў разбураны і цягам двухсот гадоў разьбіраўся на будаўнічы матэрыял. Цяпер ад замка засталіся скляпы і падзямельлі, а возера Іказьнь прыцягвае да сябе шукальнікаў скарбаў. Кажуць, што калі ў 1654 годзе падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай замак быў абложаны і ўзяты маскоўскімі войскамі, то начальнік гарнізона падчашы браслаўскі Ян Драздоўскі кінуў у возера цэлую скрыню з каштоўнасьцямі якраз перад уварваньнем у замак непрыяцеля. Скарбы да сёньня яшчэ не адшукалі.

Востраў Замак на возеры Іказьнь існуе і цяпер. Аднак дабрацца да яго можна толькі на лодцы. Дасьледчыкі перакананыя, што калі аднавіць мост, прывесьці ў парадак і закансэрваваць падмуркі сьцен і вежаў замка, гэта ўнікальнае месца можа стаць цікавым для наведваньня турыстаў. Замкі, узьведзеныя на натуральным востраве, былі зьяваю рэдкай...

2. «Напалеонаўская дарога» на возеры Лосьвіда

Найвялікшую таямніцу возера Лосьвіда ў навакольлях Віцебска ўтрымлівае «Напалеонаўская дарога», якая ідзе праз возера Малое Лосьвіда. З аднаго берага, дзе раней была вёска Марыянпаль, на супрацьлеглы бераг возера можна прайсьці пешкі — вады ў гэтым месцы будзе па калена. Яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў па дарозе езьдзілі трактары і машыны, цяпер яна містычна зарасла — цёмным хвошчам, аерам і атрутнай цыкутай, якою ў свой час атруцілі Сакрата. Тым ня менш, адшукаць дарогу і прайсьці па ёй цалкам магчыма.

Адна зь легендаў містычна тлумачыць паходжаньне «Напалеонаўскай дарогі». Адбылося гэта ў 1812 годзе, калі францускі імпэратар, адступаючы, быў абкружаны расейскімі войскамі. На прыняцьце рашэньня ў Напалеона была ноч. І ён уступіў у змову з д’яблам, які загадаў кожнаму жаўнеру францускага войска высыпаць у возера поўную шапку зямлі. Такім чынам утварылася «падводная» дарога, якой і скарысталіся французы, каб уратавацца. Ёсьць меркаваньні, што дарога значна больш старажытная і раней магла называцца Швэдзкай ці Кацярынінскай, альбо Альгердавым шляхам, ці шляхам Стэфана Баторыя, ці ўвогуле чортавай дарогай. У тысячах беларускіх азёр падобнага шляху больш няма.

3. Старажытная абсэрваторыя ля возера Янова

Гэтае месца пад Полацкам называюць «беларускім Стоўнхэнджам». Камяні там не такія вялікія, як у комплексе графства Ўілтшыр, і стаяць у іншым парадку — тыя, што ўзвышаюцца над зямлёю, утвараюць кірылічную літару «П». Верагодна, частка камянёў знаходзіцца пад зямлёю, і невядома, як будзе выглядаць комплекс, маючы ўсе складнікі. Тым ня менш, група камянёў на возеры Янова выклікае цікавасьць у краязнаўцаў, гісторыкаў, археолягаў і нават уфолягаў. І пытаньняў застаецца больш, чым адказаў. Месца, бясспрэчна, старажытнае. Цалкам верагодна, што тут сачылі за зоркамі, сьвяткавалі Купальле, выконвалі таямнічыя рытуалы, выкарыстоўвалі комплекс як археаастранамічную абсэрваторыю. Цяпер помніку нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, які даволі часта наведваюць турысты. А ўсяго ў 20 кілямэтрах стаіць старажытны Полацак, як ніводзін зь беларускіх гарадоў поўны таямніц і легендаў.

4. Таямніца доктара Нарбута

На Замкавай гары ў гістарычным цэнтры Браслава пахаваны славуты доктар краю Станіслаў Нарбут. Пра яго папулярнасьць сьведчыць тое, што яшчэ пры жыцьці доктар хадзіў па вуліцы, якая насіла яго імя, працаваў у адкрытай ім лякарні, якую часьцей называлі «нарбутаўскай», а само імя Нарбут стала сынонімам слову «доктар». Над магілай доктара ўсталявалі помнік у выглядзе абэліску зь ліхтаром на самым версе — сьвятло ліхтара павінна было падказваць рыбакам і падарожнікам кірунак на Браслаў. Выключальнік ад ліхтара знаходзіўся ў аддзяленьні паліцыі, і дзяжурны скарыстоўваў яго ў непагадзь і цемру.

Помнік, які неўзабаве сталі называць маяком, ёсьць сымбалем Браслава, пра які цяпер можна распавесьці шмат гісторый і легендаў. Існуе паданьне, што доктар Нарбут пахаваны ў склепе, выкладзеным з чырвонай цэглы, якая засталася ад будаўніцтва лякарні. Каля труны стаіць стол, а на ім — лекі, што дапамагаюць ад усіх хваробаў. Яшчэ на стале ляжыць кніга, куды доктар запісваў рэцэпты лекаў, сярод іх ёсьць і мікстура, якая дазваляе чалавеку жыць да ста гадоў, не хварэць і доўга не старэць.

5. Легенды возера Нешчарда

Выпраўляючыся ў падарожжа на Расоншчыну, варта захапіць з сабою томік апавяданьняў Яна Баршчэўскага. Аўтар «Шляхціча Завальні, альбо Беларусі ў фантастычных апавяданьнях» паходзіць з гэтых мясьцін. Яго дом у вёсцы Мурагі стаяў недалёка ад возера Нешчарда. Яго нездарма лічаць адным з самых загадкавых і прыгожых азёр Віцебшчыны. Трэцяе па велічыні возера краіны месцам жыхарства абраў цмок. Магчыма, ён і цяпер там жыве і паказваецца толькі абраным турыстам?..

Возера мае самую працяглую ў краіне берагавую лінію, якая налічвае звыш 50 кілямэтраў. Калі ісьці берагам Нешчарды на захадзе ці ўзыходзе сонца, можна пачуць званы зруйнаванай драўлянай царквы, што стаяла на гары пасярод возера. Аб гэтым пісаў Баршчэўскі ў легендзе пра волата Княжу, які абрабаваў горад на Нешчардзе і пакрыўдзіў яго жыхароў, за што быў справядліва пакараны — недалёка за возерам яго напаткала сьмерць, і нават цяпер у ваколіцах Нешчарды можна знайсьці курган, які называюць Магілай Княжы.

6. Месца, дзе людзі губляюцца ў часе

Інтэрпрэтацыі гісторый, як, дзе і на колькі людзі губляліся ў часе, ёсьць амаль у кожнага народа. Жыхар вёскі галяндзкіх каляністаў на рацэ Гудзон Рып ван Вінкль, да прыкладу, зьбег ад сварлівай жонкі на паляваньне ў горы ды прыснуў. Калі на наступны дзень ён спусьціўся дамоў, высьветлілася, што яго не было 20 год — за гэты час дом яго разбурыўся, а ўсе родныя памерлі.

Беларускі прататып героя навэлы Ірвінга мог цалкам верагодна згубіцца каля поймы ракі Шэвінка, што на Віцебшчыне. Жыхары навакольных вёсак распавядаюць гісторыі пра тое, як людзі, пайшоўшы ў ягады ці ў грыбы, вярталіся празь некалькі дзён, хаця думалі, што адсутнічаюць усяго толькі некалькіх гадзін. Магчыма, загадка ў маляўнічасьці тутэйшых мясьцін — рэчка спрытна віхляе, а над ёй схіліся магутныя і раскідзістыя дубы. На берагах Шэвінкі засталіся каменныя рэшткі вадзяных млыноў, што былі пабудаваныя два стагодзьдзі таму. На нейкім зь іх, кажуць, працаваў адзін з самых высокіх людзей у сьвеце.

7. Парк маёнтка Бяльмонты

На ўсходнім беразе возера Дрывяты ў 10 кілямэтрах ад Браслава (цяпер вёска Ахрэмаўцы) калісьці існаваў вялікі сядзібны комплекс, цэнтрам якога быў двухпавярховы мураваны палац. Пры палацы быў касьцёл, а гаспадарка маёнтка займала некалькі дзясяткаў пабудоў. Першы ўладальнік сядзібы Ян Аўгуст Гільзэн назваў яе Бяльмонт, альбо «Прыгожая гара». Вакол палаца быў разьбіты маляўнічы парк — цэлы гай, па шырокіх сьцежках якога маглі езьдзіць экіпажы. У парку расьлі надвісьлянскія таполі, клёны, бярозы, каштаны, ясені і іншыя дрэвы. Была праведзеная сыстэма каналаў і штучных стаўкоў з маленькімі выспачкамі, а ўдалечыні віднелася возера Дрывяты. Тут былі і сады, і аранжарэі, і млыны, і брамы, і парканы. Парк плошчай 62 гектараў называюць другім па велічыні ў краіне, а некаторыя дрэвы ў ім маюць узрост звыш 140 гадоў.

Рэшткі парка засталіся ў Бяльмонтах і да сёньня. Закінуты і зарослы, у сваёй неахайнасьці парк, тым ня менш, выглядае таямніча, велічна і нават рамантычна. Мясцовыя жыхары любяць распавядаць, што час ад часу па парку гуляе прывід у выглядзе жанчыны. Магчыма, гэта адна з гаспадынь, што калісьці жылі тут. Мо Канстанцыя Плятэр — прыгажуня-жонка Станіслава Мануццы, які пачаў гаспадарыць у маёнтку пасьля сьмерці бацькі.

8. Цмок Лепельскага возера

Лепельскае возера

Лепельскае возера

Аматарам цмочых гісторый варта зьезьдзіць на Лепельшчыну. Цмока, што жыве ў водах возера, на якім стаіць Лепель, ня бачылі даўно, аднак мясцовыя жыхары перакананыя, што ў пэўны час пабачыць яго ўсё ж такі можна. Кажуць, што на Лепельскім возеры раней часта зьнікалі рыбакі, празь некаторы час іх лодкі, перакушаныя напалову, знаходзілі ля берага. Саміх рыбакоў, верагодна, зьядалі раз’юшаныя цмокі, незадаволеныя тым, што зь іх возера цягаюць рыбу. Некалькі год таму на ўзьбярэжжы возера ўсталявалі помнік тутэйшаму цмоку.

Як выглядалі лепельскія цмокі, апісаў Уладзімер Караткевіч у сваім рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Зьнешне ён быў падобны да льсьнянага, у складках зьвера фока, альбо цюленя, толькі бяз поўсьці, з шырокім і доўгім — у сем з паловай лагойскіх сажняў — тулавам і таўстамясымі і шырокімі плаўнікамі. Адначасова падобная на галаву лані ці зьмяі, цмочая галава сядзела на доўгай і тонкай шыі. На ёй вылучаліся вялізныя, як сподкі, каламутна-сінія ў зелень, ашклянелыя вочы і вострыя, велічынёй з конскія, зубы.

Яна Шыдлоўская для радыё Свабода

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG