Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CNN: Расея трымае ў Сырыі больш войскаў, чым мяркуецца


Расейская вайсковая прысутнасьць у Сырыі выглядае значна больш маштабнай, чым прынята лічыць, паведамляе карэспандэнт CNN, які пабываў на днях у складзе вялікай міжнароднай групы журналістаў у сырыйскім горадзе Пальміра.

Паездка была арганізаваная расейскай арміяй, каб прадэманстраваць прэсе горад, адбіты сырыйскай арміяй і яе саюзьнікамі ў баевікоў «Ісламскай дзяржавы» пры падтрымцы расейскай авіяцыі. Аднак карэспандэнта CNN Фрэдэрыка Плейтгена найперш уразіла вельмі прыкметная расейская вайсковая прысутнасьць у краіне.

Падчас шасьцігадзіннай паездкі ў складзе вайсковага канвою з базы ў Латакіі, побач зь міжземнаморскім узьбярэжжам Сырыі, да Пальміры, якая знаходзіцца ў глыбіні краіны, журналісты ўбачылі на ўзьбярэжжы, у горадзе Хомс і побач з Пальмірай, базы, на якіх дысьлякуюцца расейскія верталёты.

На вайскова-паветранай базе Хмэймім у Латакіі знаходзяцца дзясяткі расейскіх самалётаў, вайсковыя верталёты, танкі, бронетранспартэры, супрацьпаветраныя ракетныя ўстаноўкі. Больш нечаканым стала прысутнасьць расейскіх сухапутных сілаў у іншых рэгіёнах краіны. Побач з Пальмірай збудаваная вайсковая база, дзе, паводле афіцыйнай інфармацыі, знаходзяцца расейскія сапёры, але таксама дысьлякаваныя дзясяткі баявых браніраваных машын, баявых машын пяхоты пад прыкрыцьцём мабільных ракетных установак «Панцыр-С1», прызначаных для абароны ад атакі з паветра.

Карэспандэнт CNN піша, што немагчыма дакладна вызначыць маштабы расейскай вайсковай прысутнасьці ў Сырыі, але там, хутчэй за ўсё, знаходзіцца некалькі тысяч расейскіх вайскоўцаў. Гэты кантынгент больш значны і лепш узброены, чым лічаць многія. «Не падобна, што гэтая армія мае намер пакінуць Сырыю ў бліжэйшым часе» — заключае Фрэдэрык Плейтген.

У сярэдзіне сакавіка Крэмль заявіў аб вывадзе большай часткі свайго кантынгенту з Сырыі. Аднак, паводле заходніх крыніцаў, Сырыю пакінула каля 20 самалётаў. У кастрычніку мінулага года там знаходзілася, па афіцыйных дадзеных, 34 расейскія вайсковыя самалёты.



XS
SM
MD
LG