Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон зноў задумаўся пра «Зорныя войны»


Злучаныя Штаты зноў трацяць мільярды даляраў на абарону «самай дарагой маёмасьці ў космасе».

Пасьля запуску ў 2013 годзе кітайскай балістычнай ракеты, якая даляцела амаль да геастацыянарнай арбіты, на якой сярод іншых «дзяжураць» вайсковыя спадарожнікі, Пэнтагон зноў пачаў разглядаць пагрозу касьмічным апаратам ад Расеі і Кітая як рэальную, піша Washington Post.

Абарончыя ведамствы ЗША цяпер распрацоўваюць спосабы абароны ад фізычных пагрозаў і спробаў перахопу сыгналу ды ўзлому, а замест вялікіх спадарожнікаў плянуюць запускаць рэі малых, якія будуць больш складанымі цэлямі. Абмяркоўваецца і сцэнар барацьбы са «спадарожнікамі-паразытамі», і сыстэма абароны спадарожнікаў ад «неварожага» касьмічнага сьмецьця.

Вялікая частка работ застаецца засакрэчанай. За год Пэнтагон інвэстуе ў касьмічныя праграмы 5 млрд даляраў, у тым ліку 2 млрд на «касьмічны кантроль», агулам жа патраціць на існыя праграмы 22 млрд даляраў.

«Мы разглядалі космас як запаведнік на працягу досыць доўгага часу. І таму шмат нашых сыстэмаў вялікія, дарагія, надзвычай магутныя, але неверагодна ўразьлівыя», — кажа намесьнік міністра абароны ЗША Робэрт Уорк. Прадстаўнікі Пэнтагону адкрыта кажуць: Расея і Кітай распрацоўваюць магчымасьці атакаваць ЗША ў космасе, ды й кожны буйны вайсковы канфлікт у сьвеце цяпер крытычна залежны ад касьмічных сыстэмаў.

У 1983 годзе прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган абвясьціў аб стварэньні Стратэгічнай абарончай ініцыятывы — доўгатэрміновай праграмы навукова-дасьледчых работ, асноўнымі мэтамі якой былі стварэньне сыстэмы проціракетнай абароны супраць атак з космасу і стварэньне ўласных касьмічных узбраеньняў. Зь цягам часу ад большасьці ідэяў праграмы адмовіліся. У СМІ ініцыятыву празвалі «Зорнымі войнамі» па аналёгіі зь вядомай сэрыяй фільмаў.

XS
SM
MD
LG