Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 10 траўня: Радуніца ў праваслаўных


Бліц-агляд падзеяў і датаў гэтага дня.

Радуніца — дзявяты дзень пасьля Вялікадня, дзень ушанаваньня продкаў. Паганская традыцыя, перанятая рускай праваслаўнай царквой.

У Дзень памінаньня памерлых уезд на тэрыторыю зоны адсяленьня ў Гомельскай вобласьці будзе дазволены бяз пропускаў, але з абавязковай рэгістрацыяй на кантрольна-прапускных пунктах. Знаходжаньне ў гэтыя дні дазволена тут да 17.00.

Па 24 траўня ў Менску праходзіць выстава World Press Photo 2016. Месца правядзеньня — прастора ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая, 16). Час працы 12:00 — 21:00.

Дзень у гісторыі:

1797 — нарадзіўся Дамінік Стэфановіч, музыка, настаўнік Станіслава Манюшкі.

1829 — памёр Томас Юнг, ангельскі фізык, лекар, астраном і ўсходазнавец, адзін са стваральнікаў хвалёвай тэорыі сьвятла.

1889 — памёр Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын, расейскі пісьменьнік.

1931 — нарадзіўся Сьцяпан Гаўрусёў, беларускі паэт.

1933 — студэнты нацыянал-сацыялісты пачалі паліць кнігі ў Бэрліне, што паклала пачатак паленьню кніг, непажаданых з гледзішча нацысцкага рэжыму.

1940 — Уінстан Чэрчыль стаў прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі.

1940 — пры спробе захопу гестапаўцамі ў Варшаве загінуў генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч, беларускі вайсковы дзяяч і палітык. У свой час камандаваў асобным аддзелам войскаў БНР у Балтыі. Захапіўшы з сваімі аддзеламі Мазыр, абвясьціў там незалежнасьць БНР.

1942 — нарадзіўся Сяргей Панізьнік, беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.

1984 — памёр Антон Васілеўскі, беларускі пісьменьнік, выдавец сатырычнага часопіса «Авадзень».

Цытата на памяць:

Радаўніца...
Радавацца ці не таму,
Што радоўку тлумлівую адбываеш,
Што паклоны апошнія адбіваеш
Гасьцяваньню зямному свайму.
Радаўніца...
Рада ніца чало
Нахінуцца ля ціхага ўзгорка,
Дзе палын прачынаецца горка,
Дзе самоту ўбакі павяло.
Радаўніца...
Радавод нагадаць
Пра сябе не забудзе маўкліва.
Жорны хмараў
Срабрыстага мліва
Просіць змрок на душу нагайдаць,
Радаўніца...
Радавод даўніну
Цёмнымі апаўе каранямі.
Цень забытай душы акрыяе,
Абапершыся аб труну...

Рыгор Барадулін, «Радаўніца»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG