Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму ў Беларусі працягваюць выконвацца сьмяротныя пакараньні, нягледзячы на пратэсты і заклікі Эўразьвязу?

Цыганкоў: Эўрапейскі Зьвяз чакае, што Беларусь далучыцца да глябальнага мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Пра гэта сказана ў заяве прэс-сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Маі Кацыянчыч. Заява распаўсюджана ў сувязі з выкананьнем у Беларусі сьмяротнага прысуду адносна Сяргея Іванова (жорсткае забойства чалавека), а таксама рашэньнем Вярхоўнага суду пакінуць у сіле сьмяротны прысуд Сяргею Хмялеўскаму (забойства трох чалавек). «Нягледзячы на шматлікія заклікі, зробленыя Эўрапейскім Зьвязам, у Беларусі праведзена новае выкананьне сьмяротнага прысуду. Выпадак Сяргея Іванова, які быў прысуджаны да сьмерці Вярхоўным судом Беларусі ў сакавіку 2015 году, выклікае асаблівую занепакоенасьць у сьвятле таго факту, што яго скарга была на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека», — адзначаецца ў заяве.

Варта нагадаць, што Беларусь застаецца адзінай у Эўропе краінай, дзе да гэтага часу прымяняецца сьмяротнае пакараньне. З моманту здабыцьця краінай незалежнасьці да расстрэлу былi прысуджаныя як найменей 400 чалавек, Аляксандр Лукашэнка памілаваў зь іх ліку толькі аднаго асуджанага. Пасьля вынясеньня кожнага сьмяротнага прысуду Рада Эўропы, Эўразьвяз і праваабарончыя арганізацыі традыцыйна заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца ад прымяненьня сьмяротнага пакараньня і абвясьціць на яго мараторый.

У нас немагчыма, калі забойца 70 чалавек Брэйвік судзіцца з нарвэскай дзяржавай за ўмовы зьняволеньня і нават выйграе суд

Апошнія гады беларускія ўлады зрабілі некалькі крокаў насустрач Захаду, у адносінах Менску і Брусэлю пачаўся этап гэтак званай лібэралізацыі. Аднак чамусьці ў гэтым аспэкце, у сьмяротным пакараньні, якое не кранае прынцыповых палітычных момантаў, ня ставіць пад сумнеў усемагутнасьць улады, беларускія ўлады застаюцца ўпартымі. Яны ня толькі не зьбіраюцца адмяняць сьмяротнае пакараньне, але нават ня хочуць увесьці мараторый, што было б зрабіць даволі лёгка зь юрыдычнага пункту гледжаньня.

Чаму так адбываецца? Сярод іншага — мне здаецца, тут даволі важны псыхалягічна-ідэалягічны аспэкт. Маўляў, «мы — не яны, мы — не гнілы Захад, у нас строгая дзяржава, у нас гэта гэтага ўседараваньня і лібэралізму няма». У нас немагчыма, калі забойца 70 чалавек Брэйвік судзіцца з нарвэскай дзяржавай за ўмовы зьняволеньня і нават выйграе суд.

Да таго ж, такое стаўленьне на сёньня пакуль знаходзіць падтрымку ў большасьці насельніцтва. Гэтая падтрымка, відавочна, была б ніжэйшай, калі б улада, дзяржаўныя СМІ, праводзілі агітацыю на карысьць адмены сьмяротнага пакараньня. Калі б была адпаведная дзяржаўная палітыка, адпаведнае стаўленьне, калі б кіраўнік дзяржавы, іншыя высокія чыноўнікі, аўтарытэтныя людзі выказваліся публічна на карысьць адмены сьмяротнага пакараньня — то грамадзкая думка даволі хутка пасунулася б у гэты бок.

Але ўлада гэтага рабіць не жадае, бо падкрэсьлівае «мы — не Эўропа, мы іншыя».

Дракахруст: Я не зусім з Вамі згодны. Віталь. Я не зусім падзяляю вашу тэзу, што калі б улада і СМІ памянялі сваё стаўленьне — то і грамадзтва даволі хутка памяняла б сваю думку. Адны пераканаліся б, а іншыя засталіся б пры сваім меркаваньні. Ведаеце, здарылася б нейкае жахлівае злачынства — і гэта было б нагодай, чарговым аргумэнтам за захаваньне сьмяротнай кары.

Вы самі прызналі, што на дадзены момант гэта адпавядае ўяўленьням большасьці. Не абсалютнай, але даволі істотнай большасьці.

Мне здаецца, што з боку ўлады тут ня столькі жаданьне паказаць, што «мы не Эўропа», колькі жаданьне паказаць, што «мы такія, якія ёсьць, і мы ня хочам „прагінацца“». Вось іншыя «прагнуліся», у тым ліку і Расея — а мы не.

Тут таксама прысутнічае апэляцыя да таго, а ці ёсьць адмена сьмяротнай кары квінтэсэнцыяй заходняй філязофіі. Вось ёсьць ЗША, і там сьмяротных пакараньняў нашмат болей, чым у Беларусі — у тым ліку і на душу насельніцтва. Але хіба гэта ня Захад?

Акрамя таго, я не выключаю, што тут ёсьць і палітычны разьлік. Скасаваньне ці замарозка сьмяротнай кары — гэта пропуск у Раду Эўропы. Але Менск, паглядзеўшы на дзейнасьць Эўрапейскага суду пра правах чалавека, у якім грамадзяне вельмі часта выйграюць працэсы ў сваіх дзяржаваў, у тым ліку ў Расеі, магчыма, думае — а на што нам гэта? Пакуль беларускія грамадзяне ня маюць такой магчымасьці (зьвяртацца ў гэты суд) — дык беларускія ўлады гэта вельмі задавальняе.

Карбалевіч: Тут, сапраўды, шмат прычынаў. Па-першае, гэта пытаньне палітычнай мэтазгоднасьці. Большасьць насельніцтва Беларусі, як, дарэчы, і шмат якіх іншых краін, у тым ліку, эўрапейскіх, выступае за захаваньне сьмяротнага пакараньня. Таму Лукашэнка апэлюе да свайго электарату. А гэты электарат — людзі з савецкай, таталітарнай сьвядомасьцю. Яны лічаць жорсткасьць ўладаў унівэрсальным чыньнікам вырашэньня ўсіх сацыяльных праблем. Невыпадкова шмат каму зь іх падабаецца Сталін.

Лукашэнка — выразьнік падсьвядомых архетыпаў свайго надзейнага электарату. Калі ён загадвае бацькоў, якія не даглядаюць сваіх дзяцей, садзіць у працоўныя лягеры або ўжываць жорсткія захады да наркаманаў, ягоны электарат яго разумее. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што тых, хто падтрымлівае такія меры, больш, чым тых, хто не падтрымлівае.

для Лукашэнкі гэтае пытаньне сакральнае, гэта элемэнт улады

Да таго ж для Лукашэнкі гэтае пытаньне сакральнае, гэта элемэнт улады.
Вядома, што адмена сьмяротнага пакараньня зьяўляецца ўмовай ўступленьня Беларусі ў Раду Эўропы. Але ўзьнікае пытаньне: а навошта гэта трэба Лукашэнку? У выпадку ўступленьня Беларусь будуць шпыняць на кожным паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы за парушэньне правоў чалавека. Беларускія грамадзяне атрымаюць права падаваць зыскі ў Эўрапейскі суд па правах чалавека. І такія
заявы пойдуць суцэльнай плыньню, бо сыстэма правасудзьдзя Беларусі разбураная. І ўладам трэба будзе рэагаваць. Навошта ім такі галаўны боль?

Але і працягваць палітычныя і ідэалягічныя спрэчкі з Эўропай беларускія
ўлады ня хочуць. Ім трэба захоўваць палітэс у адносінах з ЭЗ. Таму беларускія ўлады памянялі тактыку. Яны будуць зацягваць гэтую праблему, імітаваць супрацоўніцтва з Радай Эўропы, праводзіць розныя абмеркаваньні тэмы сьмяротнага пакараньня, спасылацца на грамадзкія настроі. Вось у сакавіку правялі сэмінар у Менску з удзелам
прадстаўнікоў Рады Эўропы. Такія сэмінары праводзіліся і раней. То бок адбываецца імітацыя супрацоўніцтва і з Радай Эўропы, і з ЭЗ. І ня больш за тое.

Не выключаю, што ўлады маглі б увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, калі б ЭЗ заплаціў Менску нечым вельмі сур’ёзным. Гэта тавар, якім былі тыя самыя палітзьняволеныя.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG