Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што і як катуюць у Таджыкістане


TiserPage--Tajikistan--for currenttime.tv
TiserPage--Tajikistan--for currenttime.tv

Гісторыя маладога чалавека, якога ўчастковы западозрыў у дробным крадзяжы.

Улады Таджыкістану выплацілі Хушвахту Каюмаву, які чатыры гады таму зазнаў катаваньні з боку ўчастковага інспэктара ў Яванскім раёне, каля дзьвюх тысяч даляраў у нацыянальнай валюце.

Паводле словаў адваката Каюмава, гэтая сума нават не пакрые ўсіх выдаткаў на лячэньне і рэабілітацыю, ня кажучы ўжо пра маральную шкоду. Абарона мае намер абскардзіць рашэньне суду.

Супрацоўнік мясцовага аддзелу паліцыі гораду Яван затрымаў Каюмава ў 2012 годзе, тады маладому чалавеку было ўсяго 17 гадоў. Яго падазравалі ва ўзломе яткі і крадзяжы мабільнага тэлефона. Каб дамагчыся прызнаньня, інспэктар біў затрыманага і пагражаў яму расправай. Пасьля катаваньняў Каюмаў паспрабаваў засіліцца — ён вельмі моцна баяўся паўтору катаваньняў.

«У пракуратуры сын патлумачыў, што ўчастковы Машраф Аліеў зьбіваў яго і прымушаў ўзяць віну за злачынства, якога ён не рабіў. Яшчэ запалохваў, кажучы: «Сёньня я б’ю цябе адзін, заўтра цябе будуць біць 200 міліцыянтаў і будзем катаваць токам», — распавядае бацька пацярпелага Махмадсаід Каюмаў.

Згодна з матэрыяламі мэдычнага абсьледаваньня, падчас зьбіцьця Хушвахту пашкодзілі нырку, што выявілі толькі пасьля таго, як ён трапіў у шпіталь. Давялося рабіць апэрацыю. Цяпер ён імкнецца не ўспамінаць мінулае і не размаўляць на гэтую тэму, нягледзячы на тое што прайшло ўжо чатыры гады. Ён нават адмаўляецца кантактаваць з журналістамі.

Міліцыянта, які зьбіваў і пагражаў маладому чалавеку, прысудзілі да сямі гадоў пазбаўленьня волі. Ужо на трэці год ён выйшаў на волю па амністыі.

Пазоў супраць МУС з патрабаваньнем кампэнсацыі маральнай шкоды на суму ў 38 тысяч даляраў у нацыянальнай валюце суд задаволіў часткова: пастанавіў выплаціць каля дзьвюх тысяч.

Выпадак, які адбыўся з Хушвахтам, у краіне не ўнікальны. Экспэрты-праваабаронцы сьцвьярджаюць, што таджыцкія міліцыянты часта катуюць людзей, каб дамагчыся прызнальных паказаньняў. Гвалт распаўсюджана ў турмах і арміі. Летась арганізацыямі-сябрамі кааліцыі супраць катаваньняў Таджыкістану задакумэнтаваны 21 выпадак.

«Часта да нас зьвяртаюцца людзі зь цяжкімі цялеснымі пашкоджаньнямі. Або гэта ўжо сьмяротны зыход, тады бацькі зьвяртаюцца», — тлумачыць спэцыяліст Кааліцыі НДА супраць катаваньняў Джафарбек Юлдашеў.

Тыя, хто пацярпеў нязначна, рэдка зьвяртаюцца да праваабаронцаў. Давесьці справу да суду няпроста, злачынствы робяцца пераважна ў закрытых установах. Каб вырашыць праблему катаваньняў у краіне нядаўна прынялі папраўкі ў некалькі законаў. Згодна зь імі супрацоўнікі міліцыі павінны забясьпечваць неадкладны доступ адваката да затрыманага, апавяшчаць сваякоў аб факце затрыманьня і ўносіць у пратакол імя адказнага супрацоўніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG