Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч пракамэнтавала заявы Зянона Пазьняка на свой адрас


Гэта адбылося ў Менску на прысьвечаным мастацтву рэпартажу майстар-клясе, арганізаваным «Прэс-клюбам Беларусь».

Там жа Алексіевіч паведаміла пра намер адкрыць у Менску свой Інтэлектуальны клюб, які пачне працу зь верасьня сёлета. Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН.

«Я падумала, што проста аддаваць грошы бессэнсоўна, таму я вырашыла [стварыць] інтэлектуальны клюб. Там будуць выступленьні сапраўды вельмі вядомых у сьвеце, у Расеі, Беларусі інтэлектуалаў», — патлумачыла пісьменьніца.

Пасяджэньні інтэлектуальнага клюбу будуць праходзіць у галерэі TUT.by, дзе адначасова змогуць разьмясьціцца каля 250 чалавек. «Я буду весьці і ўтрымліваць гэты клюб, бо за ўсё ж трэба плаціць... Любы чалавек зможа наведаць яго, ніякіх закрытых клюбаў», — сказала Алексіевіч.

Першым госьцем інтэлектуальнага клюбу, які адкрые цыкл лекцый у верасьні, стане расейская паэтка, празаік, перакладчык, філёляг і этнограф Вольга Седакова. На думку Алексіевіч, Седакова зьяўляецца «найбольш цікавым пісьменьнікам-мысьляром нашага часу».

«Яна кажа пра тое, чаму мы ў хвасьце цывілізацыі, чаму з намі адбываецца тое, што адбываецца, чаму чалавек, які выйшаў з лягера, ня можа і ня хоча быць назаўтра вольны. Чаму яму лягчэй і ўтульней сядзець у банальнасьцях і пасрэднасьці, ён як бы не напружваецца, а большасьць людзей да гэтага схільныя», — сказала Алексіевіч.

У яе плянах таксама запрасіць на пасяджэньне інтэлектуальнага клюбу расейскага кінарэжысёра і сцэнарыста Аляксандра Сакурава, вядомага сваёй праўкраінскай пазыцыяй у канфлікце на Данбасе. На кожнай сустрэчы, сказала пісьменьніца, слухачы таксама змогуць выказаць пажаданьні, каго з лектараў яны хацелі б пачуць. Да моманту адкрыцьця клюбу плянуецца запусьціць афіцыйны сайт, на якім можна будзе азнаёміцца з анонсам лекцый і запрошанымі гасьцямі.

«Я лічу, што трэба даваць вуду, а не карміць рыбака, — патлумачыла важнасьць інтэлектуальнага клюбу Алексіевіч. — Трэба даваць разумовы, размоўны рух людзям... Нам трэба сябе за вушы цягнуць з таго стану, каб мы ўжо не былі людзьмі на балоце».

«Я лічу, што наша галоўная бяда — правінцыйнасьць. Няхай там Пазьняк кажа, што я прыніжаю беларускі народ, а гэта глупства; што калісьці, у часы ВКЛ, мы былі такія вялікія і свабодныя. Дык гэта калі было? Сёньня мы вось такія, і няма чаго займацца гэтай рамантызацыяй. Чым больш мы будзем сябе рамантызаваць, тым даўжэй мы будзем сядзець там, дзе мы сядзім», — лічыць пісьменьніца.

(Раней старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк у артыкуле «Гарбатага магіла ня выправіць» на сайце «Народная перамога» абвінаваціў Сьвятлану Алексіевіч ў тым, што яна прыніжае беларускі народ і ўсё жыцьцё плюе на беларусаў — РС)

Упершыню аб плянах стварыць інтэлектуальны клюб Сьвятлана Алексіевіч паведаміла ў сярэдзіне сьнежня журналістам, якія сустракалі яе ў аэрапорце, калі яна вярталася ў Менск са Стакгольму пасьля афіцыйнай цырымоніі ўзнагароджаньня нобэлеўскіх ляўрэатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG