Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партрэт Юрыя Захаранкі зьявіўся каля помніка загінулым міліцыянтам


Актывісты ўшанавалі памяць зьніклага 17 гадоў таму экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Ягоны партрэт быў усталяваны каля помніка міліцыянтам, якія загінулі пры выкананьні службовага доўгу, у Менску.

«Мы пямятаем. 17 гадоў таму быў выкрадзены Юрый Захаранка», — напісалі пра акцыю ў сацыяльных сетках.

Экс-міністар унутраных спраў, адзін зь лідэраў апазыцыі ў канцы 1990-х гадоў, Юры Захаранка быў выкрадзены невядомымі 7 траўня 1999 году ў Менску, непадалёк ад свайго дому. Афіцыйнае сьледзтва дагэтуль не знайшло злачынцаў, якія выкралі апазыцыянэра, і тых, хто замовіў гэтае выкраданьне. Аднак, паводле актывістаў апазыцыі, праваабаронцаў і былых супрацоўнікаў міліцыі, да выкраданьня былі датычныя цяперашні памочнік Лукашэнкі Віктар Шэйман, былы камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС Дзьмітры Паўлічэнка, а замова на злачынства прыйшла з самага верху беларускага кіраўніцтва.

Два месяцы таму 92-гадовай маці Юрыя Захаранкі Ульяне Рыгораўне Захаранка, якая жыве ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласьці, з пракуратуры зноў адказалі, што расьсьледаваньне справы аб зьнікненьні яе сына на чарговы тэрмін працягнутае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG