Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ватыкане патлумачылі, як георгіеўская стужка зьявілася на фатаграфіі з Папам Рымскім


Кіраўнік прэс-цэнтру Ватыкану Фэедэрыка Ламбардзі растлумачыў, як выкарыстаная ў Расеі як сымбаль перамогі ў Другой сусьветнай вайне супярэчлівая георгіеўская стужка зьявілася на фатаграфіі з Папам Рымскім Францішкам. Камэнтар распаўсюдзіў 7 траўня сайт Радыё Ватыкану.

«Папа ня мог ведаць, што такое „георгіеўская стужка“, бо за межамі былога Савецкага Саюзу яна невядомая. Падобныя рэчы падчас аўдыенцый Папы сустракаюцца даволі часта, і загадзя прадбачыць намеры удзельнікаў практычна немагчыма», — указаў кіраўнік прэс-цэнтру Ватыкану.

Раней на гэтым тыдні расейскія сродкі масавай інфармацыі распаўсюдзілі навіну, што ў сераду, 4 траўня 2016 года, падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, Павал Дарохін, дэпутат Дзярждумы Расеі ад камуністычнай партыі, вітаючы Папу Францішака, уручыў яму георгіеўскую стужку.

Зьяўленьне фатаграфіі, на якой георгіеўская стужка прышпіленая да вопраткі Папы Францішка, выклікала абурэньне многіх украінскіх камэнтатараў, паколькі ва Ўкраіне шмат людзей лічаць гэтую стужку сымбалям акупацыі Расеяй Крыму і часткі Данбасу.

Гісторыя гэтага сымбаля неадназначная: георгіеўскую стужку выкарыстоўвалі яшчэ ў часы Расейскай імпэрыі, затым — белагвардзейцы, якія ваявалі супраць савецкай Расеі. Кавалерамі ордэна сьвятога Георгія з правам насіць гэтую аранжава-чорную стужку было шмат расейцаў, якія ваявалі на баку нацысцкай Нямеччыны, — генэрал Пётр Красноў, групэнфюрэр СС Андрэй Шкура ды іншыя. У савецкай сымболіцы перамогі гэтая стужка (з нязначнымі зьменамі і пад назвай «гвардзейская») зьявілася толькі ў 1945 годзе ў калодцы мэдаля «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне».

У сучаснай Расеі дзеючая ўлада на пэўным этапе выкарыстала георгіеўскую стужку у процівагу чырвонага сьцягу, які асацыюецца з камуністамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG