Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія памежнікі не прапусьцілі праз мяжу шэсьць беларускіх байкераў


"Начныя ваўкі" ў Берасьці

"Начныя ваўкі" ў Берасьці

Памежная служба Ўкраіны не прапусьціла праз мяжу сем байкераў, паведаміў у сябе ў Facebook памочнік кіраўніка ведамства Алег Слабадзян.

Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра шэсьць грамадзянаў Беларусі і аднаго грамадзяніна Малдовы, які ехаў з Расеі. Іншых байкераў, якія спрабавалі ўехаць ва Ўкраіну «проста не было», падкрэсьліў Слабадзян.


«На дадзены момант ніякія арганізаваныя групы байкераў ці нават адзінкавыя матацыклісты-правакатары дзяржаўную мяжу не перасякалі ні на ўезд, ні на выезд. З таго часу, як толькі стала вядома пра пляны т.зв. расейскіх байкераў (сярэдзіна красавіка), гэтая катэгорыя асобаў знаходзілася на асаблівым кантролі», — растлумачыў чыноўнік.

Аб адмове ва ўезд ва Ўкраіну трох беларускіх матацыклістаў напярэдадні паведамлялася на сайце памежнай службы краіны. Яны заявілі, што не ўваходзяць у байкерскія арганізацыі і накіроўваюцца ў Кіеў для сустрэч зь сябрамі. Аднак памежнікі выявілі ў іх шаўрон байкерскага клюбу Rolling anarchi. «Далей было ўстаноўлена, што матэрыялы, якія распаўсюджваюцца дадзенай арганізацыяй, нясуць інфармацыю экстрэмісцкага характару», — заявілі ў ведамстве. Яшчэ трое беларускіх байкераў спрабавалі ўехаць ва Ўкраіну 28 красавіка, аднак і ім было адмоўлена ў пропуску.

Расейскі матаклюб «Начныя ваўкі» цяпер праводзіць аўтапрабег «Дарогамі Перамогі — на Бэрлін». Байкеры плянуюць прыехаць у нямецкую сталіцу да 9 траўня. Прапускаць матацыклістаў ўжо адмовілася Польшча, аднак гэта не перашкодзіла ім патрапіць у ЭЗ.

З-за актыўнасьці расейскіх байкераў «комплекс апераджальных мер» прыняў і Кіеў. Ён прадугледжвае адмову ва ўезьдзе ва Ўкраіну «асобам з сэпаратысцкімі і экстрэмісцкімі настроямі, якія могуць дэстабілізаваць сытуацыю» ў краіне. У лік такіх людзей, на думку ўкраінскіх уладаў, уваходзяць і члены «Начных ваўкоў», паведамляе РБК.

XS
SM
MD
LG