Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка. Прапануем з архіваў Свабоды матэрыял 2002 году пра Юрыя Захаранку.

“Чорныя вораны лятаюць над нашай краінай. Таму ўчора працаваў нацыянальны Кангрэс у абарону Канстытуцыі, супраць дыктатуры. Кангрэс прыняў дакумэнты, якія будуць вам прапанаваныя для зацьверджаньня: рашэньне круглага стала пра адлучэньне ад улады Лукашэнкі”, – з гэтымі словамі Юры Захаранка выступіў у кастрычніку 1996 году – напярэдадні прэзыдэнцкага рэфэрэндуму.

А вось фрагмэнт успаміну аднаго з былых калегаў Юрыя Захаранкі:

Калега: “Вось было аднаго разу, Захаранка прыйшоў ад Лукашэнкі нейкі сам ня свой. Ён жа амаль ня піў, а тут вядзе мяне ў пакойчык для адпачынку, за кабінэтам, дастае бутэльку віна, налівае і кажа – пі. Потым і сам крыху выпіў. А ў самога твар белы і ўсьмешкі звычайнай няма... Да адстаўкі было яшчэ некалькі месяцаў, і на людзях яны яшчэ былі аднадумцамі”.

Аўтар успаміну, які дагэтуль працуе ў міліцыі, адмовіўся назваць сваё імя. Але пра гэта – крыху пазьней.

Да восені 1995 году Юры Захаранка быў міністрам унутраных справаў пры Лукашэнку, прычым дастаткова ўдалым міністрам. Згадайма травень 1995-га – гэта была найвышэйшая кропка ў кар’еры Захаранкі. Нездарма падчас параду ў Дзень перамогі ён ідзе па праспэкце Скарыны побач з Аляксандрам Лукашэнкам і ягоным старэйшым сынам Віктарам. Але, як аказалася пазьней, тое было дзеля публікі. Усьмешкі, кветкі, інтэрвію нічога не былі вартыя. Якое напраўду месца займаў Захаранка ў Лукашэнкавым асяродзьдзі, стала вядома толькі пазьней, пасьля раптоўнай адстаўкі міністра.

Журналістам стала вядомая гісторыя канфлікту між Юрыем Захаранкам і тагачасным начальнікам упраўленьня справамі прэзыдэнта Іванам Ціцянковым. Апошні прасіў міністра прыслаць салдатаў унутраных войскаў для працы на будоўлі катэджаў, але Захаранка адмовіў. Ды яшчэ і прыпісаў на лісьце, што яму даверылі жыцьці салдатаў, а не рабоў. Пра гэтую спрэчку даведаліся незалежныя мэдыі – прычым, паводле крыніцаў у міліцыі, Захаранка быў ня супраць уцечкі інфармацыі. Скандал быў нежартоўны, здавалася, Захаранка свае пазыцыі толькі ўмацаваў. Але раптам, як бомба рванула, – прыйшло паведамленьне пра ягоную адстаўку.

Журналісты, зразумела, кінуліся аналізаваць магчымыя прычыны адстаўкі Захаранкі. Меркавалі, што галоўная прычына палягае менавіта ў канфлікце зь Ціцянковым. Але расповед аднаго міліцыянта, які ў той час працаваў побач з Захаранкам, супярэчыць гэтай вэрсіі.

Міліцыянт: “Так, была такая гісторыя. Ціцянкоў тады быў вельмі моцным, і Юры Мікалаевіч відавочна гэта недаацаніў. Ён, бывала, дзейнічаў наўпрост. Магчыма, сыходзіў з таго, што Лукашэнку ягоная адмова даць Ціцянкову “рабоў у шынелях” спадабаецца. А ў той час Рыгоравіч ужо зьмяніўся, яму не было патрэбы прыкідвацца змагаром з карупцыяй. Канечне, Ціцянкоў пасьля гэтага павінен быў скарыстаць свой уплыў на “бацьку” і, відаць, скарыстаў... Але Лукашэнка даўно быў гатовы зьняць Юрыя Мікалаевіча. Той распавядаў, што былі ў іх прынцыповыя сваркі.

Ён папярэджваў Лукашэнку, што “любы ягоны загад выконваць ня будзе, закон парушаць ня будзе”. Гэта вядомая цытата, яе сам Захаранка колькі разоў потым пераказваў. І я веру, што ён гэтак мог сказаць Лукашэнку ў твар.

Вось было аднаго разу, Захаранка прыйшоў ад Лукашэнкі нейкі сам ня свой. Ён жа амаль ня піў, а тут вядзе мяне ў пакойчык для адпачынку, за кабінэтам, дастае бутэльку віна, налівае і кажа – пі! Потым і сам крыху выпіў. А ў самога твар белы і ўсьмешкі звычайнай няма... Да адстаўкі было яшчэ некалькі месяцаў, і на людзях яны яшчэ былі аднадумцамі”.

Чалавек, чый успамін зараз быў прачытаны, дагэтуль служыць у міліцыі і, відаць, баіцца за сваю кар’еру (магчыма, і за жыцьцё), таму і просіць захаваць інкогніта. І усё ж ён не ўтрымаўся і паведаміў пра яшчэ адзін цікавы эпізод. Калі Захаранку абвесьцілі пра адстаўку, то ў кабінэт ужо не пусьцілі – пэўна, каб не забраў з сэйфу дакумэнты, якія кампрамэтавалі Ціцянкова і самога Лукашэнку. Але некаторыя важныя паперы са справы Ціцянкова Захаранка хаваў у сэйфах сваіх падначаленых. Гэтыя паперы да апошняга аркуша яны вынесьлі зь міністэрства. А як выносілі – цэлы дэтэктыў.

Паводле майго суразмоўцы, даходзіла нават да таго, што супрацоўніцы хавалі паперы ў калготкі й пад спадніцамі выносілі іх з будынку. Што сталася потым з архівам Захаранкі? Мой суразмоўца лічыць, што ў першыя гады пасьля адстаўкі гэты архіў быў для яго нечым кшталту гарантыі ад перасьледу, але чаму потым гарантыя перастала дзейнічаць, міліцыянт ня ведае. Ён толькі заўважае, што ніводны дакумэнт справы Ціцянкова на сьвет не зьявіўся – напэўна, архіў Захаранкі дагэтуль недзе ляжыць некрануты. Бо нават пад катаваньнямі Юры Захаранка не сказаў бы, дзе хавае тыя паперы.

Між тым, пачыналася міністэрская кар’ера Захаранкі як дзіўная казка, у якой усё адбываецца раптоўна і самым неверагодным чынам. Юры Захаранка гасьціў у матчыным доме ў Васілевічах, калі раздаўся тэлефонны званок. Да слухаўкі першай падскочыла пляменьніца Юрыя Захаранкі Сьвятлана Скрыпчанка. Яна згадвае:

Скрыпчанка: “А Юра быў тут, у Васілевічах. І я памятаю, ён павінен быў назаўтра ехаць дадому і зьбіраўся падвезьці сваю настаўніцу. І тут раздаецца тэлефонны званок. Я слухаўку падняла – клічуць яго. Чую, Юра размаўляе вельмі афіцыйна. І раптам забегаў, пачаў апранацца ды дае мне нумар тэлефону той настаўніцы і кажа, каб я патэлефанавала і папярэдзіла, што ён едзе сёньня. Я запыталася: што здарылася? А ён мне так адказаў: “Альбо, Сьвятлана, будзем працаваць, альбо пойдзем аб’ядноўваць калгасы”. І ўсё, зьехаў.

А назаўтра гляджу тэлевізар, а там прапануюць нашага Юру на пост міністра ўнутраных справаў. Праўда, ня ведаю чаму, але нешта ў мяне было тады нядобрае прадчуваньне, я столькі праплакала. А назаўтра купіла букет кветак і падаравала бабе Юлі. Сказала: “Баба Юля, і як вы такую разумную галаву нарадзілі!”

Маці Захаранкі Ўльяна Рыгораўна міністэрскай пасадай сына спачатку была задаволеная. Яна згадвае, што непакоілася толькі, ці будзе ў Юры час як раней прыяжджаць да яе, але сын і тут не расчараваў. Нават у самы заняты для яго 1995 год Захаранка прыяжджаў у родны дом прыкладна раз на тры месяцы. Праўда, усяго на некалькі гадзінаў, за якія, вядома, ня мог па-сапраўднаму дапамагчы па дому. Але для маці ён застаўся тым маладым хлопцам, які разам з братам Валодзем рабіў па дому ўсё, што яна ім казала.

Ульяна Захаранка: “Дадому прыяжджалі, клапаціліся пра агарод, пра сьвіньняў. А раней і карова была. Гэта потым я ўжо стала слабейшая, карову здалі, а сьвіньняў заўсёды трымалі. Бульбу саджалі – і яны заўсёды цягалі гэтыя мяхі. І дровы нарыхтуюць, навозяць, наколюць, шчэпак нагатовяць. І ў двары ўсё вымятуць. Я вымятаю чыста, а яны яшчэ чысьцей. Так яны клапаціліся пра свой двор – а тут у нас вельмі прыгожа, дрэвы, лісьце”.

Сёньня дакладна вядома, што Захаранка ня проста прадчуваў небясьпеку, а з пэўных крыніцаў пра яе ведаў. Пра гэта сьведчыць фатограф Уладзімер Кармілкін, да якога Захаранка прыяжджаў у той вечар, калі яго скралі. Мы яшчэ наведаем Уладзімера Кармілкіна.

Амаль год пасьля адстаўкі Юры Захаранка на публіцы фактычна не зьяўляўся. Анатоль Лябедзька сьцьвярджае, што Захаранка меў прапановы паехаць працаваць у Расею – туды яго клікалі сябры па Валгаградзкай школе сьледчых, якую ён скончыў пры канцы 1970-х гадоў. Таксама запрашалі яго і ва Ўкраіну, дзе ў яго было шмат сваякоў. Захаранка павагаўся, але ўсё ж вырашыў Беларусь не пакідаць. Спадзяваўся, што хутка сытуацыя зьменіцца, трэба толькі гэтаму паспрыяць.

Лябедзька: “Прыкладна каля году ён раздумваў – як на нейкім перакрыжаваньні: пойдзеш налева – гэта знойдзеш, направа – іншае, а проста – такі лёс. Але я думаю, што ягоны выбар на карысьць палітыкі быў сьвядомы. Пасьля таго выступу, пасьля году роздумаў ён прыйшоў у палітыку з пэўнай мэтай, я мяркую – з мэтай змагацца з гэтым рэжымам... Ён быў сябрам палітсавету партыі і, натуральна, меў дачыненьне да ўсіх рашэньняў, якія ў той час прымала Аб'яднаная грамадзянская партыя.

Да яго прыслухоўваліся, бо ён быў асоба, былы міністар. Вага ў яго была. Я не скажу, што ён актыўна працаваў у нейкім пэўным кірунку, бо палітычны савет – гэта орган, дзе прымаюцца палітычныя рашэньні. Потым ужо яго пачалі схіляць да сыстэмнай працы ў пэўным кірунку – прыкладам, зь людзьмі, якія маюць пагоны. А ўпершыню ён вызначыўся падчас правядзеньня 1-га Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Ён быў адным з арганізатараў кангрэсу, і гэта была праца на аб’яднаньне. Тады ён выйшаў за фармат нашай партыі і стаў больш фігурай агульнарэспубліканскага гучаньня”.

Запіс голасу Юрыя Захаранкі: “Паважаныя сябры. Чорныя вораны лятаюць над нашай краінай. Таму ўчора працаваў нацыянальны Кангрэс у абарону Канстытуцыі, супраць дыктатуры. У кангрэсе бралі ўдзел паўтары тысячы чалавек, больш як 130 журналістаў зь Беларусі, Англіі, Амэрыкі, Нямеччыны, Польшчы і другіх краінаў Эўропы. Кангрэс прыняў дакумэнты, якія будуць вам прапанаваныя для зацьверджаньня. Рашэньне круглага стала аб адлучэньні ад улады Лукашэнкі”, – гэты запіс Захаранкі быў зроблены ў кастрычніку 1996-га.

Сёньня шмат каму падаецца, што зьмяніць нешта было немагчыма, а генэрал Захаранка меў да гісторыі іншы падыход. Безумоўна, наіўна выглядае цяпер ягонае захапленьне колькасьцю ўдзельнікаў кангрэсу альбо тым, што на кангрэсе акрэдытаваліся ажно 130 журналістаў з розных краінаў сьвету. Яўна перабольшваў Захаранка і эфэкт ад агалошваньня сакрэтнага дакумэнта, з чаго ён пачаў працу кангрэсу. Гэта была сакрэтная запіска начальніка корпусу аховы грамадзкага парадку, нейкага палкоўніка міліцыі.

Палкоўнік Скул, паводле Захаранкі, дакладваў “наверх” пра ўзброеных снайпэраў, гатовыя да бою “бэтээры”, сьлезацечны газ, пра фільтрацыйны пункт на стрэльбішчы Валаўшчына, гатовы прыняць 2 тысячы затрыманых, пра 76 службовых сабакаў, якіх зьбяруць для цэнтралізаванага выкарыстаньня, пра просьбу выдаткаваць дзьве верталётныя эскадрыльі.

У той час дэпутаты Вярхоўнага Савету пачалі зьбіраць подпісы за імпічмэнт Лукашэнку, і трэба было забясьпечыць гэтаму руху падтрымку простых людзей. Магчыма, Захаранка ў сваіх спадзяваньнях перабольшыў і зьвесткі, якія ён, рызыкуючы, здабыў. І зьвесткі гэтыя больш напалохалі апазыцыянэраў, чым паспрыялі іхнай кансалідацыі. Але тым больш важна, што сам Захаранка не саступіў і ня здрадзіў. Праз два тыдні, калі разганялі Вярхоўны Савет, я бачыў яго на плошчы Незалежнасьці сярод людзей, якія гатовыя былі да канца абараняць парлямэнт. Вось толькі загаду такога не было, і генэрал разам з ахвотнымі бараніць незалежнасьць людзьмі з плошчы сышоў.

Нагадаю, у тыя дні перад канстытуцыйным рэфэрэндумам падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра Міхаіл Чыгір. Захаранку ён ведаў толькі як колішняга міністра, пасябравалі яны пазьней.

Чыгір: “Першае, я б пачаў расповед пра Захаранку як пра афіцэра. Гэта вельмі прыстойны афіцэр, якіх гэтак не хапае нашай краіне, – афіцэраў, якія б ставілі ў аснову сваёй дзейнасьці закон і правапарадак. Вы ж ведаеце, што адбываецца сёньня. Выканаюць любы загад – нават без загаду, калі ведаюць, што чалавек ня ўгодны ўладам, будуць гэтага чалавека ламаць, перасьледаваць, нават кінуць у турму.

Чалавечнасьць Захаранкі, ягоны дэмакратычны сьветапогляд і прывялі яго ў апазыцыю. Ён быў вельмі папулярны сярод міліцыянтаў. Я часта быў разам з Захаранкам, мы езьдзілі на аўтамабілі, сустракаліся зь міліцыянтамі, і я бачыў, як яны добра да яго ставіліся. Гэта непакоіла кіраўніцтва краіны, бо такі ўплывовы чалавек мог падштурхнуць да невыкананьня загадаў “зьверху”. Калі мяне арыштавалі, Захаранка пайшоў у сьледчы камітэт і запытаў былых падначаленых: “Што вы робіце? Прыйдзе час, калі за гэта давядзецца адказваць”.

Адзначаючы жалезны характар Захаранкі што да выкананьня законаў, Міхаіл Чыгір кажа, што пры гэтым ён зусім ня быў канфліктным чалавекам. Ён умеў паважна ставіцца да ўсіх вакол – і да яўных лідэраў, якім быў Генадзь Карпенка, і да шарагоўцаў. Прыкладам ён, былы міністар, генэрал, пасябраваў з Уладзімерам Кармілкіным, шматгадовым летапісцам апазыцыі. Захаранка некалькі разоў гасьціў у Кармілкіна і, як аказалася, пакінуў тут памяць пра сябе ня толькі ў выглядзе фотаздымкаў і аўдыёзапісаў. Я кажу пра (не зьдзіўляйцеся!) пляшку з надпісам “Гарэлка “Дзядуля Захаранка”.

Кармілкін: “Адкуль у мяне гэтая пляшка? У мяне быў дзень нараджэньня, і я запрасіў Юрыя Мікалаевіча да мяне, адзначыць мае гадавіны. Ён даў згоду, але за дзень да сьвята раздаецца тэлефонны званок. Юры Мікалаевіч тэлефануе і кажа, што ён шмат езьдзіў – і прастыў, тэмпэратура паднялася пад сорак. Кажа, зараз ляжу ў ложку, але пра твой дзень нараджэньня памятаю, жадаю здароўя ды посьпехаў, і заўтра ты атрымаеш ад мяне падарунак.

Назаўтра, калі ўжо сядзелі госьці – званок у дзьверы. Прыходзіць нейкі малады чалавек. Аказваецца, гэта служба паслуг Менску, якая развозіць падарункі. Ён дае мне вялікую скрынку цукерак вельмі добрых і вось гэтую пляшку – “Гарэлка “Дзядуля Захаранка”. Кажа, вось табе, Уладзімер Паўлавіч, на дзень нараджэньня, выпі ды закусі, а час будзе, прыйдзем да цябе пазьней. Пляшку я захоўваю дагэтуль.

Тут яшчэ бутэлька самагону з Васілевічаў ад маці Юрыя Мікалаевіча, калі мы былі ў яе на гадавіну ягонага зьнікненьня 7 траўня. А вось жонка Юрыя Мікалаевіча дастала мне бутэлечку віна з далёкага замежжа, зь Нямеччыны. І я ўсё гэта захоўваю: бутэлечка ад дзядулі Захаранкі, бутэлечка ад маці Ўльяны і ад Вольгі Барысаўны. Я іх захоўваю проста як сувэніры”.

3 лістапада 1998 году ў Юрыя Мікалаевічя Захаранкі нарадзіўся ўнук Кірыл. Захаранку тады было ўсяго 46 гадоў. А позьнім вечарам 7 траўня 1999 году на шляху ад аўтастаянкі да свайго дому былы міністар унутраных справаў быў захоплены невядомымі й на “Жыгулях” вывезены невядома куды.

За два дні да гэтага Ўльяна Захаранка апошні раз бачыла свайго сына.

Ульяна Захаранка: “Юра прыяжджаў 5 траўня, за два дні як яго скралі. Прыехаў, пабыў тут. Нічога дрэннага я не заўважыла. Я яму ўсяго панакладвала. Ён кажа: “Мама, я прыеду зноў 11-га, і будзем саджаць агарод, будзем усё ладаваць”. А ён як паехаў, дык і сёньня няма. А дзе ён? Нічога я не адчувала, бо бачыла, што ён нічога нідзе ня скраў, нічога ў мяне няма. Праўда, сам ён сказаў гэтак. Сказаў: “Мама, у выпадку я загіну, дык толькі празь яго”. А гэта праз Лукашэнку. Тыя словы я ніколі не забуду”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG